Нядзеля Спаслання Духа Святога — 27 мая 2012 г.
Чытанні: Дз 2, 1–11; Пс 104 (103), 1аb і 24аc. 29bc–30. 31 і 34; 1 Кар 12, 3b–7. 12–13
Евангелле паводле Яна 20, 19–23
Гэты ўрывак з Евангелля распавядае пра апосталаў, якiя ў дзень уваскрасення Езуса Хрыста былi вельмi напалоханыя, баючыся пераследу ад свайго народу. Гэта быў страх, выклiканы смерцю iх Настаўнiка, і адначасова адчуванне пакiнутасцi i паразы. Таму, як падкрэслiвае Евангелiст Ян, дзверы былi замкнёныя, а кожны шолах, хутчэй за ўсё, выклiкаў неўтаймаваную боязь. I менавiта ў такую цяжкую хвiлiну, у гэты змрочны вечар з’яўляецца iм Раббi са словамi: «Супакой вам».
Ёсць абраз, на якiм Езус Хрыстус стаiць перад дзвярыма без клямкi i далiкатна стукае ў iх. Гэтыя дзверы сiмвалiзуюць нашыя сэрцы, куды хоча ўвайсцi Бог, каб у iх пасялiцца i быць з намi назаўсёды. Адсутнасць дзвярной клямкi сведчыць пра тое, што Бог нас вельмi паважае i шануе наш выбар, цярплiва чакаючы навяртання, як бацька цярпліва чакаў вяртання свайго марнатраўнага сына (гл. Лк 15, 11–32). І гэта праўда. Але праўда таксама, што Бог можа наведаць нашае сэрца без дазволу. Для Яго няма нiякiх межаў i перашкодаў. Святы Дух дыхае там, дзе хоча. Часам нават можна назiраць асаблiвую Божую «iнтэрвенцыю», у якой выяўляюцца незвычайная любоў i жаданне збавiць нас. Напрыклад, гэтак здарылася са святым Паўлам падчас яго вандроўкi ў Дамаск і ў жыццi святога Аўгустына, калi ён пачуў Божыя словы, шпацыруючы па садзе. Наогул, можна сказаць, што кожнае навяртанне — гэта асаблiвы Божы ўваход у жыццё чалавека, заклiк пайсцi за Ім i змянiць свой лад жыцця. Гэта на самай справе ласка, Божы падарунак. Прыходзячы да нас, Бог прыносiць нешта вельмi важнае — свой супакой, дзякуючы якому знiкае страх. А разам з супакоем Ён прыносiць у нашыя сэрцы сапраўдную радасць. Амэн.
Айцец Віталь Сапега ОР