Духоўныя раны. Як іх лячыць?

Галоўнае, іх не трэба аналізаваць. Ніколі не аналізуй сваёй дэпрэсіі, сваёй пакуты, свойго болю, таму што толькі павялічыш свае праблемы. Адзіны сродак духоўнага ацалення — дазволіць Езусу лячыць твае раны. Глядзі толькі на дабро — тады ўжо будзеш здаровы. Калі хочаш, каб прайшла твая хвароба: анкалогія, запаленне лёгкіх, грып, тады глядзі на сябе так, быццам у цябе няма анкалогіі, грыпу, запалення лёгкіх, няма тваёй хваробы. Пакуль глядзіш на свае балячкі, будзеш яшчэ больш хворы.

З уласнага вопыту
Я збіраўся ехаць у Аўстрыю, дзе мяне чакалі 600 чалавек — сужэнскія пары.  Павінен быў праводзіць для іх рэкалекцыі. Аднак напярэдадні ад’езду захварэў на грып. Балелі ўсе мае косці, мышцы, горла, у мяне была высокая тэмпература, пацеў. Лёг у ложак і гавару сам сабе: так, гэта грып. Думаў, каго б мне паслаць на рэкалекцыі замест сябе: трэба гаварыць на нямецкай мове, трэба ведаць, што сказаць. Кажу: ну так, я не магу паехаць, бо ў мяне грып. Так гаварыў кожны раз, калі штогадзінна мераў сабе тэмпературу. А 23-й гадзіне неяк апрытомнеў і запытаў сябе: чакай, хто я, Іванціч ці не? Калі — Іванціч, гавару ўсім: не вер у хваробу, а толькі ў здароўе. У такім выпадку павінен пачаць гаварыць, што я — здаровы і паеду ў Аўстрыю. Аднак ува мне ўсё пратэстуе: хіба ты шалёны, як можаш так хутка выздаравець, гэта ж нерэальна, ведаеш сам, як такая хвароба лечыцца. Сціснуўшы зубы, я прамовіў: я — здаровы! Паўтарыў гэта дзесяць разоў, а гэта значыць, што я бачыў сябе, і мой дух бачыў мяне здаровым. Такім чынам мой дух заклікае маё цела, маю псіхіку да барацьбы з хваробаю.

Па-другое: словы «я — здаровы» — гэта мой загад як шэфа для майго цела, якое павінна быць здаровым. Затым дзесяць разоў паўтарыў: веру, што ўсё будзе добра! Тою ноччу пераапранаўся аж тры разы, бо моцна пацеў, а раніцою быў цалкам здоровы. Пасля абеду паехаў у Аўстрыю.


Навучыцеся жыць згодна з духам
Кожнае тваё дрэннае слова забівае цябе. Кожная твая згода на ўсялякае зняволенне, хваробы, войны, зло стварае тое, чаго баішся. Вучыся гаварыць здаровыя словы. Вырашальным з’яўляецца менавіта слова, а не думка. Езус гаворыць: тваё слова цябе збавіць і тваё слова цябе асудзіць. Слухай, як гаворыш, і для цябе гэта будзе ясна. Зразумееш, чаму ты такі нешчаслівы. Калі ў мяне нехта пытае, як я сябе адчуваю, я звычайна адказваю, што не адчуваю сябе добра. Усе глядзяць на мяне і пытаюцца, што здарылася. Я адказваю, што адчуваю сябе цудоўна, а не проста добра. Заўсёды адказвай, што адчуваеш сябе выдатна. Твае прыяцелі будуць радавацца,
а ворагі — засмучацца.


Лечым духоўныя раны
Зараз адбудзецца першая малітва, гэта значыць, што сэрцам мы будзем звязаныя з Езусам. Будзем унутранымі вачыма глядзець у вочы Езуса, назіраючы, як Ён праходзіць па нашым жыцці ад моманту зачацця праз усе 9 месяцаў, калі мы былі ва ўлонні маці, потым — праз 20, 50, 80 гадоў — столькі, колькі маеш іх цяпер. Толькі глядзі, як Ён кладзе руку на кожную тваю рану, забірае хваробы і аздараўляе цябе. Гэта толькі адзін спосаб.

Другі спосаб: збіраеш усе свае раны, страхі, праблемы і ствараеш такі «духоўны мяшок», у які іх складаеш. Моцна завязваеш гэты мяшок, каб хваробы не маглі выскачыць, і перадаеш яго ў рукі Езуса. Пры гэтым нізка пакланіся і скажы Яму: «Дзякую, цяпер буду здаровы». Потым здарыцца тое, што адбывалася, калі Езус хадзіў па зямлі і аздараўляў. З табою таксама гэта адбудзецца. Паспрабуй!


Зручна ўладкуйцеся ў сваіх крэслах
Сядзь так, каб уявіў, што не павінен рухацца на працягу 100 гадоў, нібы пачалася вечнасць. Потым адразу ж вяжы «духоўны мяшок». Успомні, што цябе ў тваім мінулым моцна засмучала і турбавала — усё зло, якое перажыў. У думках (духоўна) усё гэта злажы ў той мяшок: свае грахі, усе раны і рубцы, якія засталіся пасля грахоў, крызісы, страты, хваробы, адсутнасць веры, сумненні, сямейныя трагедыі. Збяры ўсё гэта ад моманту свайго зачацця.

Памятай: ты — не адзін, Езус з табою. Таму слухай, як Езус гаворыць:«Усё  злажы ў той мяшок, усё, што было негатыўнае». У канцы, як ужо ўзгадвалася, добра завяжы той мяшок і аддай у рукі Пана, каб Ён прыбіў яго да свайго Крыжа. Назірай, што будзе адбывацца з табою. Езус цяпер перажывае за тваю хваробу, Езус усё направіць.

Другі спосаб аздараўлення
Трэба ў малітве наблізіцца да Езуса як да лепшага сябра. Ідзеш пры Езусе, перад Езусам ад моманту свайго зачацця і толькі глядзіш, як Хрыстус ідзе і лечыць. Евангелле гаворыць, што дастаткова было, каб Яго цень проста падаў на чалавека, і той адразу ж ацаляўся. Дастаткова было Езусу пакласці на кагосьці  руку альбо здалёк сказаць: «Будзь здаровы!» — і адбываўся цуд аздараўлення. Глядзі на Езуса, на тое, як Ён праходзіць праз усё тваё мінулае і дазволь, каб Яго прысутнасць вылечыла ўсе твае хваробы. Цяпер паслухай, як Езус у цябе пытаецца: «Што яшчэ?» Скажы Яму: «Езу, пакладзі свае рукі на мае раны і ацалі». Пры гэтым пакажы Яму гэтыя раны.

Трэці спосаб аздараўлення
Папрасі Езуса, каб сказаў толькі слова, і будзе аздароўлена душа твая. «Езу, скажы толькі слова, і не будзе мне балець тое, чым зграшыў.
Скажы толькі слова, і не буду баяцца, што я — фізічна хворы, скажы толькі слова —
і змагу прабачыць людзям».

Неабходна вера
Шчыра скажам Езусу, што верым Яму, як у Евангеллі. «Веру, што будзе ўсё добра. Езу, веру Табе!» — гэта трэба сказаць языком, а не думкамі. А цяпер дазволь Езусу, каб прывёў цябе да свайго Айца. Прыходзіш, як марнатраўны сын, і глядзіш, як Айцец Нябесны прагне цябе абняць. Толькі паўтарай сабе: «Ты мяне любіш, Ойча! З Табою мне вельмі добра. Ты мяне любіш, я для Цябе бясцэнны. Ты на маім баку, усё будзе добра». А цяпер паглядзі на сябе як на таго злачынцу, які вісеў па правым баку ад Езуса. Хрыстус яму ўсё прабачыў. Падумай, ці верыш, што Ён і табе ўсё прабачыў, і скажы: «Веру, Езу, што Ты   прабачыў усе мае грахі ад моманту майго зачацця аж да сённяшняга дня. Дзякую Табе, Езу, дзякую ад усяго сэрца!».


Падрыхтавала Галіна Горская.
Паводле часопіса
«Рэха Меджугор’я...»,
№285, кастрычнік 2011 г.

Цэтлікі: Разважанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней