Маўчанне і слова — шлях да евангелізацыі
15.03.2012|№ 8 (209) 2012

З 24 па 26 жніўня ў Гродне пад дэвізам «Інтэрнэт, радыё, прэса, тэлебачанне: католікі — мы тут ёсць!» пройдзе Першы кангрэс каталіцкіх СМІ ў Беларусі.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI надае вялікае значэнне выкарыстанню Каталіцкім Касцёлам сродкаў масавай інфармацыі як у мэтах новай евангелізацыі, так і дзеля будавання больш справядлівага свету. Гэтую тэму Святы Айцец закранае ў сваіх выступленнях з розных нагодаў, а перадусім у спецыяльных штогадовых пасланнях на Дзень сродкаў масавай камунікацыі. Асаблівая ўвага ў іх надаецца асабістай адказнасці работнікаў радыё, тэлебачання, прэсы і іншых сучасных сродкаў масавай камунікацыі, якія павінны кіравацца ў сваёй працы аб’ектыўнасцю, павагаю да чалавечай годнасці і чуйнасцю да агульнага дабра. Святы Айцец у сваіх пасланнях гаворыць пра асаблівую ролю, якую адыгрываюць СМІ ў сучасным свеце і пра выклікі, якія стаяць у сувязі з гэтым перад Касцёлам і ўсім грамадствам: «Дзеці і СМІ — выклік для адукацыі» (2007), «Шукаць праўду, каб дзяліцца ёю» (2008), «Праўда, яе абвяшчэнне і аўтэнтычнасць жыцця ў лічбавую эру» (2011) і інш.

Уплыў сродкаў масавай камунікацыі імкліва ўзрастае, без іх «ужо нельга ўявіць жыццё чалавечай сям’і. Служачы дабру і злу, яны так упісаны ў жыццё свету, што здаецца недарэчнай пазіцыя тых, хто лічыць іх нейтральнымі» (Caritas in veritate, 76).

Прапануем чытачам фрагменты з сёлетняга па­слання, скіраванага Святым Айцом Бэнэдыктам XVI да работнікаў сферы масавай камунікацыі. 

Рэд.

«Маўчанне з’яўляецца інтэгральнаю часткаю камунікацыі, і без яго словы не будуць напоўнены зместам, — гаворыцца ў па­слан­ні. — У маўчанні мы чуем і лепш пазнаём саміх сябе, нара­джаецца і паглыбляецца думка, мы больш выразна разумеем тое, што хочам сказаць, або тое, чаго чакаем ад іншага, робім выбар, як паказаць сябе. Калі мы маўчым, мы дазваляем іншай асобе гаварыць <...>, каб не быць прывязанымі толькі да нашых словаў ці нашай ідэі, без адпаведнага абмену думкамі. Такім чынам адкрываецца прастора ўзаемнага слухання і становяцца магчымымі больш поў­ныя міжчалавечыя адносіны».

Святы Айцец нагадвае, што «ў маўчанні прамаўляюць радасць, бяда, цярпенне». Маўчанне і глыбокая рэфлексія таксама спрыяюць праўдзіваму бачанню падзеяў, дапамагаюць вылучаць важнае сярод другараднага.

Пантыфік звярнуў увагу на інтэрнэт, які ўсё больш становіцца месцам пытанняў і адказаў. Аднак часта чалавек сустракае шмат адказаў на тыя пытанні, якія ніколі перад сабою не ставіў. І тут, як падкрэслівае Папа, маўчанне з’яўляецца вельмі каштоўным, бо яно дапамагае «сфармуляваць пытанні сапраўды важныя». Так, многіх цікавяць «пытанні канчатковай чалавечай экзістэнцыі»: Хто я? Што я магу ведаць? Што павінен рабіць? На што магу спадзявацца? «Важным з’яўляецца прыняцце людзей, якія ставяць гэтыя пытанні, адкрываючы магчымасць глыбокага дыялогу, што ствараецца са словаў, абмену думкамі, а таксама з запрашэння да разважання і маўчання, якое часам можа быць больш вымоўным, чым неабдуманы адказ, і дазваляе таму, хто ставіць перад сабою пытанні, увайсці ў найбольшую глы­біню самога сябе і адкрыцца на той адказ, які Бог упісаў у сэрца чалавека», — адзначаецца ў дакуменце.

Трэба адшукаць «прастору цішыні, нагоду для малітвы, медытацыі або дзялення Божым словам». У многіх кароткіх навінах, як падкрэслівае Пантыфік, можна выказаць глыбокія думкі, аднак пры ўмове, што не будзе занядбана «развіццё свайго ўнутранага жыцця».

«Бог прамаўляе да чалавека ў маўчанні, — чытаем далей у пасланні Святога Айца, — таксама і чалавек адкрывае ў маўчанні магчымасць размовы з Богам і пра Бога».

Вяртаючыся да разважанняў пра сэнс жыцця чалавека, Бэнэдыкт XVI гаворыць пра таямніцу Хрыста, у якой і знаходзіцца адказ на гэтае пытанне. І гэты адказ «здольны адарыць супакоем неспакойнае чалавечае сэрца». «З гэтай таямніцы нараджаецца місія Касцёла, і гэтая таямніца пабу­джае хрысціянаў да абвяшчэння надзеі і збаўлення, да сведчання пра гэтую любоў, якая абвяшчае чалавечую годнасць і будуе справядлівасць і мір», — гаворыцца ў пасланні.

Пантыфік падкрэслівае, што развіццё ўмення перадаваць інфармацыю азначае ўменне «слухаць, разважаць, перш чым казаць». «Гэта асабліва важна для тых, хто займаецца евангелізацыяй: і маўчанне, і слова аднолькава істотныя і непадзельныя элементы дзеяння Касцёла ў сферы сродкаў інфармацыі, каб нанава абвяшчаць Хрыста ў сучасным свеце», — падкрэсліў на заканчэнне Бэнэдыкт XVI.

Паводле catholiс.by

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней