Новы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння
15.03.2012|№ 8 (209) 2012

2 ліпеня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў новага прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння. Ім стаў немец, 64-гадовы біскуп Герхард Людвіг Мюллер, да гэтага часу — ардынарый Рэгенсбурга. Ён заменіць 76-гадовага амерыканскага кардынала Вільяма Ляваду, які выйшаў на пенсію пасля 7-мі гадоў кіравання гэтай Кангрэгацыяй.

Новы прэфект Кангрэгацыі, узведзены ў сан арцыбіскупа, адначасова з’яўляецца старшынёю Папскай біблійнай камісіі, Пап­скай камісіі Ecclesia Dei, якая займаецца дыялогам з лефеўрыстамі, і Міжнароднай тэалагічнай камісіі.

Арцыбіскуп Мюллер нарадзіўся 31 снежня 1947 г. у Майнцы. У 30 гадоў ён абараніў доктарскую працу па тэалогіі, напісаную пад кіраўніцтвам будучага кардынала Карла Леммана. У сферу яго навуковых і творчых зацікаўленняў уваходзілі перш за ўсё экуменічны дыялог, хрысціянская канцэпцыя аб’яўлення і эклезіялогія. Арцыбіскуп Мюллер быў шматразова ўдастоены ступені ганаровага доктара ў многіх краінах, у тым ліку ў Польшчы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце імя Яна Паўла ІІ і ва Універсітэце імя кардынала Стэфана Вышынскага. Апублікаваў больш за 400 кніг і артыкулаў.  Яго найважнейшая праца — «Каталіцкае дагматычнае бага­слоўе» — складае 900 старонак, яна сем разоў перавыдавалася і была перакладзеная на шматлікія мовы свету. У 1978 г. Герхард Людвіг Мюллер прыняў святар­скае пасвячэнне. З 1986 г. выкладаў ва Універсітэце імя Людвіга і Максімільяна ў Мюнхене. Быў экспертам Дактрынальнай камісіі нямецкага епіскапата, а ў 1998–2003 гг. уваходзіў у склад Міжнароднай тэалагічнай камісіі пры Кангрэгацыі Веравучэння.

У 2002 г. ён быў прызначаны біскупам Рэгенсбурга, стаўшы на чале адной з найважнейшых дыяцэзій у Германіі. У 2005 г. удзель­нічаў у працы Сінода Біскупаў, пры­­свечанага тэме Эўхарыстыі. На ранейшых сінадальных сходах — у 1999 і 2001 гг. — быў экспертам. Узначальвае Экуменічную камісію Канферэнцыі Каталіцкіх Біс­купаў Германіі, якая разам з пра­ва­слаўнымі біскупамі гэтай краіны нядаўна абнародавала зварот аб устанаўленні агульнай даты Вяліка­дня для ўсіх хрысціянаў. Арцыбіскуп Мюллер браў удзел у тэа­лагічным дыялогу з Рускай Пра­васлаўнай Царквою. Пра вялікія заслугі арцыбіскупа ў гэтым дыялогу згадваў Маскоўскі патрыярхат у сувязі з яго прызначэннем на пасаду прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння. 12 чэрвеня Герхард Людвіг Мюллер стаў сябрам Кан­грэгацыі каталіцкай адукацыі і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Паводле: «Wiadomoœci KAI»,

15 ліпеня 2012 года.

Цэтлікі: Падзеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней