«Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць у целе маім, добрае; бо жаданне ёсць ува мне, але каб зрабіць яго, таго не знаходжу. Бо добрага, чаго хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю. Калі ж раблю тое, чаго не хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне» (Рым 7, 18–20).
Пад гэтымі словамі святога апостала Паўла можа падпісацца кожны чалавек. Кожны перажывае ў сабе гэтую цяжкую рэальнасць: «раблю зло, якога не хачу». Прычына гэтага ўтоена ў дзвюх рэчах, якія абцяжарваюць жыццё чалавека: грахоўнасць і ўнутраныя раны. Зло, за якое чалавек нясе адказнасць, і раны ягонай душы, выкліканыя чужым ці ўласным грахом, альбо ўздзеяннем на яго зла, за якое ніхто не нясе адказнасці. Раны з’яўляюцца тым месцам, праз якія зло мае доступ да чалавека. Калі чалавека пакрыўдзілі, гэта аўтаматычна часта дазваляе яму крыўдзіць сябе і іншых. Гэтак жа, як чалавек, якога піхнулі, піхае наступнага, а той, на каго накрычалі, сам пачынае крычаць на іншых. Чалавек, які не жыве ў атачэнні любові, якой для яго жадаў Бог, падвяргаецца самым розным працэсам затарможанасці і блакіроўкі, што змяншаюць яго любоў да сябе і да іншага чалавека.
У практыцы заступніцкай малітвы часта ўжываецца прымаўка: «Дзе баліць, там чорт сядзіць». На самай справе зло хітрым чынам выкарыстоўвае гэтыя нашы слабыя месцы, даводзячы чалавека — праз словы і ўчынкі, нашы альбо нашых бліжніх, а таксама праз нейкія знешнія падзеі — да як мага больш цяжкіх грахоў і пакутаў.
Таму чалавеку патрэбная ласка пакаяння і прабачэння, якая сцірае ягоную віну. Але чалавеку таксама патрэбныя любоў і спакой, якія вылечаць ягонае сэрца. Чалавеку патрэбны такі дотык да ягонай душы, які можа зрабіць толькі Бог.
Гэта Езус — наш Збаўца — ведаючы сэрца чалавека і маючы ўладу над ягоным жыццём, можа ахапіць любоўю мінулае, якое чалавек нясе ў сабе, і вылечыць тыя месцы ў душы, якія былі зраненыя злосным дзеяннем шатана.
Таму малітва аб унутраным ацаленні заснаваная на: а) прызнанні Езуса Хрыста Панам свайго жыцця (г.зн. падначаленні свайго мінулага, цяперашняга і будучыні Яго ўладзе); б) прабачэнні сваім крыўдзіцелям; в) даверлівым адданнем сваіх балючых перажыванняў Міласэрнасці Езуса, нашага Збаўцы. Калі мы даем Яму права дзейнічаць у нашым жыцці, Ён здзяйсняе цуд ацалення нават такой раны, да прычыны якой ніхто іншы не можа дакапацца.
«Дзеля таго і з’явіўся Сын Божы, каб разбурыць справы д’ябла» (1 Ян 3,8).
Вельмі важна шчыра і з вялікім даверам прасіць Езуса Хрыста аздаравіць наша ўнутранае «я», аздаравіць нас духоўна і фізічна. У гэтай просьбе не абавязковыя завучаныя малітвы, важна, каб прамаўляла сэрца. Калі чалавек мае цяжкасці з асабістаю малітваю, то можна пакарыстацца прыкладна такімі словамі:
— Езу, я веру, што Ты заўсёды хочаш ацалення чалавека. Хочаш абмыць мяне ад граху і аздаравіць здольнасці маёй душы, напоўніць спакоем мае зраненыя пачуцці, памяць, уяўленне… каб усё ўва мне служыла Табе.
Сёння з’яві сваю прысутнасць і збаўчую сілу праз дзеянне ў маіх думках і ў сэрцы, праз разуменне і малітву. З’яві сваю міласэрнасць, каб я быў ачышчаны і асвечаны, каб тое, што не Тваё ў маёй душы, было пераможана, каб я быў аздароўлены. Амэн.
Падрыхтавала
Ірына Жарнасек.
Паводле кнігі айца Яна Рэчэка «Дазволь Езусу
змяніць тваё жыццё».