Дваццаць трэцяя звычайная нядзеля, год В (9.09.2012)
Чытанні: Іс 35, 4–7а; Пс 146 (145), 7. 8–9а. 9bc–10; Як 2, 1–5;
Евангелле паводле святога Марка 7, 31–37
Сёння мы чытаем у Евангеллі пра глуханямога, якому Пан Езус адкрыў вушы і развязаў путы языка. Ці здольныя мы знайсці ў саміх сябе нешта ад глуханямога? Хутчэй за ўсё, большасць з нас добра чуе і можа добра гаварыць. Трэба дзякаваць Богу за гэтыя дары. Але мы таксама здольныя зразумець цяжкасці, з якімі сутыкаецца глуханямы чалавек у грамадстве і сям’і. Аднак ёсць такі род слыху і такі спосаб маўлення, з якім кожны з нас мае цяжкасці. Я маю на ўвазе здольнасць слухаць Бога, які рознымі спосабамі прамаўляе да нас праз розныя сітуацыі або сустрэчы з рознымі людзьмі. Бог размаўляе з намі і праз навіны, інфармацыю, якую мы атрымліваем па радыё і тэлебачанні. Можа стацца, што, нягледзячы на добры слых, мы не чуем таго, што кажа нам Бог. Святы Хасэмарыя Эскрыва нават тады, калі глядзеў і слухаў тэлевізійныя навіны, адначасова маліўся за людзей і ў інтэнцыі розных здарэнняў у свеце. Ці мы таксама маем слых, які дазваляе нам не заставацца абыякавымі да трагедый і розных здарэнняў, пра якія мы прынамсі чуем у навінах? Трэба памятаць, што ўсе людзі на свеце — нашыя браты і сёстры, бо мы — дзеці аднаго Айца, Бога, які ёсць у небе.
Так адбываецца і з нашаю моваю. Нехта скажа, што мова павінна быць свабоднаю ад нянавісці, гвалту і падману. Можна паразважаць над тым, ці належна мы выкарыстоўваем дар мовы, ці з любоўю нашыя вусны абвяшчаюць праўду? Прызнаемся ж перад Богам у кожным сваім слове, якое не варта было казаць. Папросім Пана Езуса адкрыць нашыя вушы, каб мы слухалі Ягоны голас, і развязаць путы нашага языка, каб мы карысталіся ім на славу Божую і толькі дзеля дабра бліжніх.
Айцец Раман Шульц ОР