Дваццаць восьмая звычайная нядзеля, год В (14.10.2012)
Чытанні: Мдр 7, 7–11; Пс 90 (89), 12–13. 14–15. 16–17; Гбр 4, 12–13;
Евангелле паводле святога Марка 10, 17–27
Евангельскі ўрывак пра заможнага маладога чалавека, які маркотным адыходзіць ад Езуса, бо мае вялікую маёмасць, заахвочвае нас прыгледзецца да свайго смутку. Філосаф скажа, што важна больш быць, чым больш мець. Наш смутак можа мець розныя прычыны. Найглыбей мы смуткуем, калі адыходзім ад Бога праз непаслухмянасць Ягонаму слову. Прычынаю смутку можа таксама быць адсутнасць еднасці з бліжнімі, самім сабою і ўсім светам. Смутак лёгка могуць выклікаць хваробы, цярпенні і цяжкасці, што часта здараюцца ў жыцці. Смутак таксама вынікае з разнастайных нядобрых схільнасцяў, якія пазбаўляюць нас свабоды Божых дзяцей. Святы Тамаш Аквінскі ў сваім творы «Сума тэалогіі» (п.38) піша, што існуе пяць спосабаў змагацца са смуткам. Ён пералічвае іх у наступным парадку. Першы спосаб — гэта нешта прыемнае; другі — плач; трэці — сяброўскае спачуванне; чацвёрты — сузіранне праўды, а пяты спосаб — гэта сон і ванна. Калі пералічваць нешта прыемнае, гэта можа быць адпачынак, добрая музыка, кавалачак шакаладу або шклянка смачнага соку, напрыклад, грэйпфрутавага. Гаворка не ідзе пра тое, каб дагаджаць сабе або грашыць, але каб з дапамогаю прыемнай дробязі адкрыцца на ўдзячнасць Пану Богу, якая прыносіць радасць. Такая прыемнасць не адмаўляе і жыццёвай аскезы, што адкрывае нас для духоўных радасцяў. Часта прыкрасць вымушае нас замкнуцца ў сабе, і тады праз плач і слёзы смутак выходзіць вонкі. Гэта памяншае боль і лагодзіць смутак. Слёзы скрухі, як было са святым Пятром, калі ён выракся Пана Езуса, — сведчанне самой скрухі. Яны ачышчаюць нас, вядуць да споведзі і выпраўлення жыцця. Калі Бог падараваў нам сяброў, тады смутак, падзелены з імі, памяншаецца, а радасці — павялічваюцца. Бог пажадаў, каб сужэнцы былі сябрамі, таму я зааахвочваю дзяўчат прасіць Бога аб добрым мужы, а хлопцаў — маліцца аб добрай жонцы. У 6м раздзеле кнігі Мудрасці Сіраха мы чытаем, што сябра — гэта скарб, лек жыцця, і богабаязныя людзі знаходзяць сабе сяброў. Езус гаворыць пра сябе, што Ён з’яўляецца праўдаю, а таму трэба дазволіць агарнуць сябе праўдаю — Езусам, які прыходзіць да нас у слове і Эўхарыстыі — гэта найлепшы спосаб змагацца са смуткам. Штодзённае чытанне Святога Пісання або некалькі хвілінаў для добрай духоўнай літаратуры, частая святая Камунія і Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту яднаюць нас з Богам, які з’яўляецца крыніцаю самай сапраўднай радасці, супакою і шчасця. І ўрэшце, яшчэ адзін спосаб перамагчы смутак — гэта сон і ванна. Адна жанчына, шматдзетная маці, узгадвала, што ў найбольш цяжкія дні яна кладзецца спаць на гадзінку пасля абеду і тады можа цалкам добра працаваць. Калі чалавек не будзе спаць па 6–8 гадзінаў у суткі, калі не заплануе прысвяціць Богу хаця б гадзіну на працягу дня, ён не пазбегне смутку. Штодзённы душ — таксама дар для нашага змучанага цела. Нельга забывацца і пра мудрую параду гарманічна спалучаць працу, малітву і адпачынак. Няхай мудрасць святога Тамаша Аквінскага, доктара Касцёла і настаўніка для ўсіх нас, суправаджае нас на шляхах штодзённасці, каб шэрыя будні перамяніліся ў шчаслівыя дні.
Айцец Раман Шульц ОР