У праўдзе і з любоўю

Дваццаць дзявятая звычайная нядзеля, год В (21.10.2012)

Чытанні: Іс 53, 10–11; Пс 33 (32), 4–5. 18–19. 20 і 22; Гбр 4, 14–16; 

Евангелле паводле святога Марка 10, 42–45

Сённяшні ўрывак з Евангелля пераконвае нас у тым, што выбраныя вучні Езуса маюць свае слабасці. Маем іх і мы, і нашыя бліжнія. Напэўна, мы не раз задавалі сабе пытанне: як рэагаваць на чалавечую слабасць? Ці дзейнічаць, супраціўляючыся ёй, ці лепш цярпліва пачакаць? І як прывесці да згоды лагоднасць і разважлівасць? Сапраўды, усё залежыць ад сітуацыі, але Дух Святы падказвае нам, што ніколі не трэба парушаць лагоднасці. Парада гучыць проста: трэба гаварыць і дзейнічаць у праўдзе, але заўсёды з любоўю. Каб сапраўды некаму дапамагчы, трэба сапраўды імкнуцца самому жыць гэтаю праўдаю. Хтосьці сказаў: калі я буду праўдзівым з некім без любові, замест таго, каб дапамагчы яму навярнуцца, я магу ўмацаваць яго ў злых учынках і загасіць усялякія задаткі выпраўлення. Святы Аўгустын так фармулюе гэтую думку: з любоўю да людзей і з нянавісцю да памылак. І дадае, што нельга так любіць чалавека, каб палюбіць яго памылкі, і так ненавідзець памылкі, каб ненавідзець чалавека. На практыцы, каб належным чынам рэагаваць на слабасці бліжніх, нам патрэбныя два дары Духа Святога: дар любові і дар мудрасці. Аб атрыманні гэтых дароў святы Тамаш Аквінскі раіць маліцца штодня. Святая Тэрэза ад Езуса казала, што, сустракаючыся са слабасцю бліжняга, мы павінны не дзівіцца і крыўдаваць, а цярпліва пераносіць шматлікія слабасці. Яна заахвочвае часцей маліцца за чалавека, які мае слабасці, і практыкаваць цноты, супрацьлеглыя заганам, якія мы бачым. Калі святы Філіп Нэры чуў гаворку пра нейкую цяжкую правіну чалавека, замест таго, каб здзіўляцца або крыўдзіцца, як гэта робяць звычайна многія людзі фарысейскага складу, меў звычку складаць рукі ў ма­літоўным жэсце і казаць: «Пане, ускладзі свае рукі мне на галаву, бо і я мог бы ўчыніць тое самае і нават нешта горшае». Няхай гэтыя парады, скіраваныя да нас святымі розных эпохаў, напоўненымі Духам Святым, ажыццяўляюцца і ў нашым жыцці. 

Айцец Раман Шульц ОР 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней