Трыццатая звычайная нядзеля, год В (28.10.2012)
Чытанні: Ер 31, 7–9; Пс 126 (125), 1–2аb. 2cd–3. 4–5. 6; Гбр 5, 1–6;
Евангелле паводле святога Марка 10, 46–52
Бартымэй, сын Тымэя, быў усё ж чалавекам з характарам. Напэўна, ён чуў пра Езуса, пра цуды і аздараўленні, якія Ён чыніў. Напэўна, ведаў, што гэта быў, магчыма, адзіны і апошні шанец вярнуць зрок у яго жыцці. Таму, нягледзячы на знешнія перашкоды, а як чытаем у Евангеллі, нават людзі навокал суцішвалі яго, Бартымэй гучна і настойліва просіць у Езуса паратунку. І Той, як заўсёды, не можа пакінуць без увагі такі крык душы. Як, зрэшты, не мінуў сірафінікіянкі, якая прасіла Яго выгнаць дэмана з яе дачкі (гл. Мк 7, 26), і сотніка з Кафарнаўма, што клапаціўся аб аздараўленні свайго слугі (гл. Мц 8, 5–12), як выканаў просьбу дзесяці пракажоных, вызваліўшы іх ад гэтай цяжкай хваробы (гл. Лк 17, 11–19).
Настойлівасць — рыса характару, якая дазваляе дасягнуць пэўных вынікаў у нашым жыцці. Без настойлівасці немагчыма навучыцца граць на музычным інструменце, атрымаць добрыя вынікі ў спорце, без настойлівасці цяжка авалодаць нейкай замежнай мовай. Настойлівасць патрэбная і ў духоўным жыцці, асабліва ў сістэматычным практыкаванні ў малітве і цноце. Пра гэта нам кажа Езус Хрыстус у прыпавесці пра ўпартую ўдаву, якая доўгі час дакучала несправядліваму суддзі і ўрэшце атрымала тое, аб чым прасіла (гл. Лк 18, 1–8). Бартымэй, сын Тымэя, быў настойлівы ў сваёй просьбе і таму атрымаў ад Бога тое, чаго прагнуў.
Айцец Віталь Сапега ОР