30 чэрвеня мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч кансэкраваў касцёл Святой Тройцы ў Клецку. Мясцовая парафія мае больш чым паўтысячагадовую гісторыю — яна была заснаваная ў 1450 годзе. Гістарычны, пабудаваны ў 1524 г. касцёл, быў знішчаны падчас ганенняў у 1950-я гады. Яшчэ зусім нядаўна здавалася, што ўжо ніколі на клецкай зямлі не будзе гучаць голас Евангелля, не будуць цэлебравацца сакрамэнты і новыя пакаленні вырастуць без веры ў Бога. Так здавалася, але Бог паказаў, што Яго планы — не нашыя планы. І сёння ў гістарычным Клецку ёсць каталіцкі касцёл.
Клецкая зямля ганарыцца тым, што яна цесна звязаная са святым Зыгмунтам Шчэнсным Фэлінскім. Менавіта тут нарадзілася яго мама, якая была ахрышчаная ў клецкім касцёле, і сюды ён часта прыязджаў, калі быў студэнтам. Магчыма, менавіта яго заступніцтва перад Богам учыніла цуд будовы новага касцёла. Неабходна таксама асабліва падзякаваць былому пробашчу Эрвіну Вячорку, стараннямі якога, а таксама намаганнямі вернікаў і ахвярнасці спонсараў, сталася магчымым пабудаваць гэты прыгожы касцёл.
Хрыстус назваў апостала Пятра скалою, на якой Ён пабудуе свой Касцёл, так што брамы пякельныя не перамогуць яго. Пабудова касцёла ў Клецку з’яўляецца пацвярджэннем гэтаму, бо сапраўды, Касцёл адраджаецца з попелу, каб стаць месцам сустрэчы чалавека з Богам. Гэтая сустрэча адбываецца найперш у слове Божым як адной з крыніцаў нашай веры і працягваецца ў сакрамэнтах. У хросце чалавек нараджаецца для новага духоўнага жыцця, становіцца часткаю Касцёла, хрысціянінам, які можа прымаць удзел у іншых сакрамэнтах. У канфірмацыі ён атрымлівае дары Святога Духа, каб мужна вызнаваць веру і бараніць яе, што вельмі актуальна на фоне мноства выклікаў сучаснасці, асабліва секулярызму. У Эўхарыстыі Езус, як духоўны Хлеб, узмацняе нашыя духоўныя сілы, перамяняе нас, каб такім чынам перамяняць свет. У пакаянні чалавек ачышчаецца ад грахоў і нанава становіцца святыняю Святога Духа. У намашчэнні хворых ён атрымлівае духоўную дапамогу, неабходную для далейшага жыцця або для пераходу ў вечнасць. У сакрамэнце сужэнства Божая ласка дапамагае верна трываць у еднасці, спрыяе нараджэнню і выхаванню патомства. Пры гэтым Божая ласка ў гэтым сакрамэнце чыніць сям’ю галоўнаю часткаю грамадства. Праз сакрамэнт святарства чалавек становіцца святаром Новага Запавету, здольным дзейнічаць ад Імя Хрыста.
Такім чынам, усё жыццё чалавека непарыўна звязана з Касцёлам, і нават пасля смерці Касцёл моліцца за памерлага. Таму мы хочам мець касцёлы — мы рамантуем старыя і будуем не для таго, каб мець прыгожыя архітэктурныя ансамблі, але перадусім для таго, каб у іх сценах будаваць сапраўдны Касцёл як Народ Божы.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў вернікам памятаць пра тое, што ў новым касцёле іх чакае Езус, жывое Сэрца якога б’ецца ў табэрнакулюме, і прымаць удзел у набажэнствах, асабліва ў нядзельнай і святочнай св. Імшы, а спаткаўшы ў сценах касцёла Бога, несці яго іншым, каб свет цвёрда верыў і, жывучы вераю, асягнуў збаўленне.
Асвячэнне касцёла Святой Тройцы ў Клецку сталася святам для каталіцкай супольнасці горада і многіх гасцей.
{gallery}209-1{/gallery}
Фота з архіва парафіі.