Праехаўшы прыдарожны знак з назваю вёскі Багданава, пачынаю выглядваць касцёл. Думала, што падалося… Але не. У вокнах хацін, а ў каго і звонку, стаяць невялікія алтарыкі: абраз, крыж, свечкі. Ці гэта такі звычай у мясцовых католікаў, ці гэта прымеркавана да візіту арцыбіскупа — усё адно сведчанне веры.
Паказалася святыня. На добры кіламетар да яе дарога выслана кветкамі. Можна ўявіць, як стараліся вернікі: з якім асаблівым настроем зразалі кветкі, як спяшаліся з раніцы да касцёла, з якімі думкамі раскладалі іх пры дарозе.
Было гэта 24 чэрвеня. Парафія святога Міхала арханёла перажывала ў гэты дзень памятныя падзеі — рэкансэкрацыю касцёла, кансэкрацыю алтара, сакрамэнт канфірмацыі і асвячэнне памятнай дошкі ў гонар мастака Фердынанда Рушчыца. Менавіта яго дзядуля, таксама Фердынанд Рушчыц, адбудаваў касцёл у 1846 годзе (у 1836 г. ён купіў маёнтак Багданава). Да гэтага тут у 1690 годзе быў пабудаваны драўляны касцёл, які знішчылі французскія жаўнеры ў 1812 годзе.
Пацярпеў касцёл і ў Вялікую Айчынную вайну — у 1944 годзе нямецкія войскі падчас адступлення спалілі касцёл, плябанію і частку вёскі. І вось цяпер намаганнямі кс. Ігара Лашука SDB, які з верасня 2011 года з’яўляецца пробашчам мясцовай парафіі, зроблены новы алтар, падобны да таго, што быў знішчаны ў 1944 годзе.
Думаю, сярод вернікаў былі і тыя, якія, гледзячы на новы алтар, узгадвалі жахлівы ваенны час, свае маладыя гады, сваіх блізкіх, якія некалі кленчылі перад святым алтаром, а сёння ўжо прабываюць у вечнасці...
«Спашлі, Пане, благаслаўленне на гэты касцёл і алтар, няхай тут узносіцца Табе прыемная ахвяра хвалы, няхай усе людзі апрануцца ў годнасць хвалы Тваёй», — гучалі словы малітвы падчас рэкансэкрацыі касцёла і кансэкрацыі алтара. Пасля здзейсненых абрадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перадаў кс. Ігару Лашуку запаленую свечку, каб запаліць ад яе пасхал і свечкі на алтары. «Гэта — сімвал святла Божага. Перадавай яго праз сваю пастырскую дзейнасць вернікам», — пажадаў святару арцыпастыр.
«Касцёл — гэта месца спаткання чалавека з Богам, — сказаў падчас гаміліі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Таму мы клапоцімся аб тым, каб мець як мага больш касцёлаў і капліцаў. Мы рамантуем векавыя святыні і будуем новыя, каб у іх узводзіць жывыя храмы з жывых цаглінак — чалавечых сэрцаў. Парафія ў Багданаве, якая існуе з 1550 г., сёння мае адрамантаваны касцёл з новым алтаром і ўбранствам. Яго аднаўленне заклікае нас да аднаўлення нашага жыцця».
Аднаўленню веры, як сказаў іерарх, паспрыяе таксама распачатая ў парафіі акцыя «Крыж — першы і найважнейшы сімвал нашай веры». Мэта акцыі ў тым і заключаецца, каб праз прывядзенне ў парадак крыжоў і тэрыторый каля іх яшчэ раз задумацца: якая мая вера, каго я шаную ў сваім жыцці, перад кім схіляюся, на каго ўскладаю надзею, ці не саромеюся сваёй веры, ці дбаю пра свой духоўны рост?
Да акцыі па аднаўленні крыжоў, як адзначыў мітрапаліт, далучыцца ўся МінскаМагілёўская архідыяцэзія— такім будзе адзін з кірункаў перажывання Года веры, што распачнецца ў паўсюдным Касцёле ў кастрычніку 2012 года. «Нашы дзяды аддавалі жыццё за крыжы — сімвалы веры, якія мы сёння павінны аднавіць», — заклікаў іеарарх.
...Дарога да багданаўскага касцёла была ўсланая кветкамі. Душа чалавека — святыня Божая, да якой трэба штодзень, штохвіліну ўсцілаць кветкі пабожнасці, радасці, пакоры, любові...
{gallery}209-2{/gallery}
Валянціна Грамыка.
Фота аўтара.