Быў знакам Божай надзеі
16.03.2012|№ 8 (209) 2012

21 ліпеня споўніўся год, як адышоў ад нас кардынал Казімір Свёнтэк — чалавек з багатым на выпрабаванні лёсам, ахвярнае служэнне якога Богу і Касцёлу не перастае і не перастане здзіў­ляць і захапляць сучаснікаў і нашчадкаў.

У гэты дзень пінская парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прымала шматлікіх гасцей і вернікаў, якія прыехалі, каб ушанаваць памяць легендарнага іерарха. У пінскай катэдры, у крыпце якой пахаваны Яго Эмінэнцыя, адбылася святая Імша, якую канцэлебравалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел біскуп Гро­дзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Луцыян Трафімяк з Украіны, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары і вернікі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

На пачатку да прысутных звяр­нуўся старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, узгадаўшы служэнне Яго Эмінэнцыі як вернага сведкі Хрыста і руплівага пастыра, які па-айцоўску клапаціўся пра давераны яму люд Божы. «Наша сённяшняя малітва і святая Імша ў інтэнцыі святой памяці кардынала Свёнтка няхай будуць перадусім выразам нашай удзячнасці за яго прыгожае сведчанне веры, за ўсё дабро, якое ўчыніў, за яго працу і прысвячэнне яго служэння чалавеку», — заклікаў біскуп Аляксандр.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі адзначыў, што Касцёл Беларусі дзякуе Пану Богу за святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, які быў абраны Божым Провідам і «пастаўлены ў адпаведны час і ў адпаведным месцы». Падкрэсліваючы вялікі ўклад кардынала Казіміра Свёнтка ў адраджэнне Касцёла ў Беларусі, мітрапаліт сказаў, што ў цяжкія часы, калі людзям быў асабліва патрэбны Бог, Яго 

Эмінэнцыя стаў для іх прыладаю сустрэчы чалавека з Панам.

«Ён быў сапраўдным пастырам і заўсёды клапаціўся пра даручаны яму Божым Провідам статак, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Колькі разоў смерць за­глядала яму ў вочы? Колькі разоў здавалася, што з Касцёлам скончана раз і назаўсёды? Колькі разоў смутак напаўняў ягонае сэрца? Аднак кожны раз ён верыў з надзеяй, нават насуперак надзеі, што Бог знойдзе выйсце з кожнай, нават безнадзейнай сітуацыі. Божы статак з-за пераследу веры і Касцёла за­стаўся без пастыраў, быў рассеяны і аддадзены на пагібель. Ксёндз Свёнтэк, будучы ў вязніцы, а потым у канцэнтрацыйным лагеры, збіраў яго. З узрушэннем ён распавядаў, калі атрымаў свабоду і вярнуўся ў Пінск, што ў катэдры застаў вялікую колькасць вернікаў, якія маліліся самі, бо не было ксяндза. У фуфайцы ён выйшаў да алтара і сказаў: „Імша будзе, я святар“. Якую радасць і надзею ён тады прынёс вернікам! І ён нёс яе да канца свайго жыцця. Найперш падчас жорсткага пераследу, верна служачы ўсім і клапоцячыся пра стан Божага дому. Менавіта яго стараннямі была адноўлена ў тыя цяжкія часы пінская катэдра. Не забуду, як падчас візіту кардынала Юзафа Глемпа ў 1988 годзе ў пінскай катэдры ксёндз Казімір Свёнтэк перадаў шаноўнаму госцю ад рукі перапісаны малітоўнік і папрасіў завезці яго папу Яну Паўлу II як знак пабожнасці і глыбокай веры нашага народа. 

Калі настаў час свабоды і Казімір Свёнтэк ва ўзросце 77 гадоў быў прызначаны біскупам і першым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, ён не мог у гэта паверыць. Калі быў прызначаны кардыналам, то сказаў: „У тое, што я жывы выйду з лагера, я верыў, але не мог нават дапусціць думкі, што стану кардыналам“.

З імем кардынала Казіміра Свёнтка звязана адраджэнне і станаўленне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і яго структураў, у тым ліку Канферэнцыі Біскупаў, мінскай катэдры, правядзенне Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, заснаванне Пінскай духоўнай семінарыі, баранавіцкага Катэхетычнага каледжа імя Слугі Божага Зыгмунта Лазін­скага, выдавецтва «Pro Christo» і шмат іншага.

Цяжкая хвароба, якая працягвалася больш за год, стала ягонай Кальварыяй. Аднак, перажываючы яе, ён заўсёды заставаўся аптымістам і жыў надзеяй. Калі я яго наведаў пасля аперацыі на зламанай шыйцы сцягна, ён у мяне спытаўся, ці паеду я на беатыфікацыю кс. Ежы Папялушкі, якая набліжалася. Я адказаў, што гэта немагчыма, бо бу­дзе працэсія Божага Цела. А ён мне сказаў: „А я збіраюся“. Вось пры­клад надзеі, нават насуперак надзеі. 

Кардынал Казімір Свёнтэк пакінуў на нашай зямлі бачны след Добрага Пастыра, які клапаціўся пра свой статак. Ён быў знакавай фігурай нашай Бацькаўшчыны. Яго жыццёвы прыклад, ахвярнае служэнне Богу і Касцёлу і надзея павінны падбадзёрваць нас, каб мы жылі паводле Евангелля, а калі заблукаем, каб слухалі Пастыра Езуса Хрыста, які ёсць у сваім Касцёле і які збірае нас, рассеяных, каб аднавіць і вярнуць на шлях святасці. Мінска-Магілёўскі Касцёл, як і Касцёл ва ўсёй Беларусі, удзячны кардыналу Казіміру Свёнтку і сёння моліцца аб Божай міласэрнасці для яго. 

Прымі, Божа, у сваё Валадарства свайго вернага слугу, які, нібы марафонец, падчас свайго доўгага жыцця мужна і ахвярна вёў людзей да Цябе, каб ён быў яшчэ адным нашым заступнікам у небе і благаславіў нас з дому Нябеснага Айца».

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, завяршаючы ўрачыстасць памяці кардынала, звярнуўся да вернікаў: «Прыклад самаадданага служэння ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка Богу, Касцёлу, жыхарам Пінска, Палесся, Беларусі і Паўсюднаму Касцёлу няхай нас узмацняе ў веры на шляху, які Божы Провід нам прызначыў у гэтым горадзе, дыяцэзіі, мітраполіі, краіне. Аб кветцы гаворыцца: расцвіла ў тым месцы, дзе Бог вызначыў ёй месца. І прыгожае жыццё святой памяці кардынала прыгадвае нам гэтую ісціну. Няхай разважанне над руплівым жыццём гэтага Сведкі веры заахвоціць і нас да жыцця ў святасці на тым месцы, дзе нам Бог прызначыў жыць, збіраць і памнажаць плады нашых учынкаў дзеля вечнасці, каб яны былі багатымі».

У гэты ж дзень у будынку духоўнай семінарыі адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Прысутныя з узрушэннем знаёміліся з цікавымі дакументамі і фотаздымкамі розных перыядаў жыцця спачылага іерарха. Асабліва ўзрушыла пасведчанне аб прыналежнасці школьніка 5 класа Казіміра Свёнтка да малітоўнай арганізацыі «Садаліцыя Марыянская». Даверыўшыся малым яшчэ хлопцам Беззаганнай Панне Марыі, Казімір Свёнтэк быў дарэшты верным Ёй на працягу ўсяго свайго жыцця. І гэта яшчэ адзін прыгожы прыклад сведчання аддання і адданасці Маці Божай, пра які варта памятаць і наследаваць. Кардынал Казімір Свёнтэк часта паўтараў: «Маці Божая, малітвы да Яе заўсёды ратавалі і дапамагалі мне ў найцяжэйшыя моманты жыцця…»

Няхай жа Марыя, Маці Найвышэйшага Першасвятара, заступаецца за свайго вернага рыцара, кардынала Казіміра Свёнтка, каб ён радаваўся ў нябеснай хвале.

 {gallery}209-3{/gallery}

Рэд.

Фота М. Новікава.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней