Найбольшая радасць

Гэтыя трохдзённыя рэкалекцыі ў Росі, што на Гарадзеншчыне, пачаліся пытаннем: «Якая найбольшая радасць для чалавека?» Пытанне задаў кіраўнік рэкалекцый айцец Джэймс Манджакал і адразу ж сам адказаў на яго: «Сустрэцца з Богам!» Тры дні на прыкасцёльным пляцы пад гарачым ліпеньскім сонцам ішла гаворка пра тое, як чалавек можа сустрэцца з Богам, як павінен перажыць гэтую сустрэчу, якія крокі ў сваім жыцці мусіць зрабіць пасля яе…

Айцец Джэймс

У Росі яго ўжо ведалі, бо прыязджаў сюды раней і таксама вёў тут рэкалекцыі. 

Ён нарадзіўся ў 1946 годзе на поўдні Індыі (штат Керала). У 1973 годзе прыняў святарскае пасвячэнне ў Кангрэгацыі місіянераў святога Францішка Сальскага, а ўжо праз тры гады пачаў праводзіць харызматычныя рэкалекцыі па ўсім свеце. За гэты час ён пабыў у 103 краінах свету (Беларусь — сотая краіна ў ягоных падарожжах). Ён прапаведуе Божае слова на ўсіх кантынентах Зямлі, яго слухалі і слухаюць сотні і сотні тысячаў людзей. Чым прываблівае іх да сябе айцец Джэймс? Найперш, мабыць, сваёй вялікай верай у Бога Жывога, які непаўторным чынам дзейнічае ў жыцці кожнага чалавека. І як моцнае пацвярджэнне гэтага — шмат аздараўленняў у часе малітвы айца Джэймса: аздараўленняў ад цяжкіх і лягчэйшых хваробаў, ад духоўнай немачы і пусткі, ад такой распаўсюджанай у наш час дэпрэсіі, што прыносіць шмат бедаў. 

Удзельнікі 

Яны прыехалі на гэтыя рэкалекцыі з розных куткоў Беларусі, а таксама і з-за мяжы — з Расіі, Літвы, Польшчы. Многія з іх ужо не раз слухалі айца Джэймса, зведалі моц ягонай малітвы, вучыліся ў яго, як трэба верыць, маліцца, жыць. А многія (такія, як мы — 11 новапалачанаў) прыехалі ўпершыню, але ўжо былі начутыя ад сяброў і знаёмых пра мінулыя сустрэчы ў Росі. Дарэчы, у санктуарыі Святой Тройцы ў Росі, апроч айца Джэймса, раней праводзілі рэкалекцыі айцец Руфус Перэйра з Індыі, айцец Ян Рэчэк з Польшчы. Словам, зямля чуткамі поўніцца — пра магчымасць удзельнічаць у харызматычных рэкалекцыях у Росі даведваюцца ўсё больш і больш вернікаў. 

Стоячы ў доўгай чарзе на рэгістрацыю, можна было пачуць, як людзі расказвалі адзін аднаму, у каго што перастала балець пасля леташніх малітваў айца Джэймса. Хтосьці аздаравіўся ад астмы, хтосьці — ад язвы страўніка, хтосьці вызваліўся ад алкагольнай залежнасці, хтосьці за гэты год не ўзяў у рот цыгарэты. Заўважыла, што людзі дзяліліся сваімі навінамі радасна, але без адцення сенсацыі, бо ўжо зведалі дзеянне Бога Жывога, паверылі ў Яго міласэрнасць, любоў і таму з даверам прыехалі на новую сустрэчу з айцом Джэймсам.

Яны памяталі тое, што айцец Джэймс казаў ім раней, і таму радасна й дружна адказвалі хорам на ягонае пытанне: «Мае дарагія беларусы! Памятаеце, якая Божая воля для вас?». Адказ быў кароткі: «Мая святасць!».

«Зямля забруджана грахом», —

гэтыя словы айца Джэймса неяк асабліва трывожна запалі ў сэрца. «Тое, што робіць нас сёння рабамі, — казаў прапаведнік, — гэта алкаголь, распуста, наркаманія. Таму асвяціцеся сёння, і Бог вырашыць вашыя праблемы заўтра». І далей ішла сур’ёзная, глыбокая гаворка пра патрэбу пакаяння, шчырай, добрай споведзі. Айцец Джэймс рабіў націск на гэтых словах — «шчырай, добрай споведзі», бо, як узрушліва казаў ён пазней, людзі прызвычаіліся ілгаць усюды: у сям’і, на працы, у коле сяброў і суседзяў. Муж абманвае жонку, жонка — мужа, дзеці — бацькоў і наадварот. Дайшло да таго, што хрысціяне ілгуць у канфесіянале. І таму такая яна важная для нас — добрая споведзь.  Пра гэта ж ідзе гаворка і ў апошняй кнізе айца Джэймса Манджакала «Вось стаю пры дзвярах і стукаюся». Кніга перакладзена на рускую мову і нядаўна выйшла ў выдавецтве Гродзенскай дыяцэзіі. Так што ў часе рэкалекцый, можна сказаць, была яшчэ і прэзентацыя гэтай кнігі. Пробаш парафіі ксёндз Часлаў Паўлюкевіч час ад часу ў аб’явах заахвочваў набыць гэтую кнігу, бо яна можа стаць добрым дапаможнікам у падрыхтоўцы да споведзі. Я, дарэчы, набыла яе і магу пацвердзіць, што гэтая праца айца Джэймса, як і ўсё, што ён робіць, можа прынесці кожнаму верніку радасць сустрэчы з Богам.

Незапланаваны падарунак

На другі дзень рэкалекцый мы атрымалі незапланаваны падарунак.  Так здарылася, што айцец Джэймс уначы раптам захварэў, і таму раніцай на гутарку да вернікаў выйшаў… ксёндз Ян Рэчэк, які таксама (вось жа шчаслівая выпадковасць, калі толькі гэта можна так назваць!) быў гэтымі днямі ў Росі. Я ў свой час з радасцю і захапленнем прачытала ягоную кнігу «Дазволь Езусу змяніць тваё жыццё» і ведала, што яе аўтар таксама праводзіць рэкалекцыі ў Беларусі, а таму марыла пабыць на іх. Кажуць, марыць не шкодна, а практыка паказвае, што нават карысна, бо нашы мары часам здзяйсняюцца.  

— Кожнае аздараўленне, — казаў святар Ян Рэчэк, — гэта толькі знак Божай прысутнасці, Яго сілы. Але Бог кліча нас да пастаянных здаровых адносінаў, да вернага з Ім супрацоўніцтва. Вернасць — гэта не бязгрэшнасць. Вернасць — пастаянная барацьба чалавека за сваю чысціню, барацьба з грахамі.

Словам, зноў гаворка пра грахі і зноў — пра шчырую, добрую споведзь. І таму, калі я пасля гутаркі ксяндза Яна Рэчэка пайшла шукаць меншую чаргу да спаведніка, мне, шчыра прызнаюся, не пашанцавала, бо ў самай кароткай чарзе мне давялося адстаяць… шэсць з паловай гадзінаў! Змучылася, вядома, як і ўсе, а найбольш святар, які абліваўся потам ад спякотнага сонца, а можа, і ад нашых грахоў. І такія даўжэзныя чэргі былі паўсюль вакол касцёла, у самой святыні. Людзі пачулі і зразумелі словы святароў пра важнасць пакаяння, споведзі, прабачэння…

Стоячы ў тых чэргах, мы не перасталі быць удзельнікамі рэкалекцый, бо ўзмацняльнікі гуку выразна даносілі да нас узрушлівыя словы вернай спадарожніцы айца Джэймса Габбі пра яе навяртанне, яе шлях да Бога і цудоўнае аздараўленне ад цяжкай хваробы, якую ў нас лічаць ледзьве не прысудам, — рассеянага склерозу. Яна закончыла сваё сведчанне словамі: «Цяпер я — самы шчаслі­вы чалавек, бо я суправаджаю па свеце, з краіны ў краіну, святога святара — айца Джэймса».

А пад вечар прыкасцёльны пляц ускалыхнуўся бурнымі воплескамі — айцец Джэймс выйшаў да людзей, перамогшы сваю хваробу. Выйшаў, як амаль заўсёды, з песняй, праслаўляючы Пана Бога. Увесь агромністы натоўп вернікаў дружна падхапіў спеў. І не перашкаджала людзям тое, што шаноўны госць спяваў па-ангельску: сапраўдная любоў да Бога адольвае і не такія перашкоды.

Супольная малітва

Ёсць у ёй штосьці вельмі цудоўнае, у гэтай малітве. Ты паварочваешся да суседа справа, кла­дзеш яму рукі на плечы і молішся. За яго, вядома. І зусім не істотна, калі ты не ведаеш ягоных праблемаў, радасцяў, перажыванняў. Ты просіш у Бога для гэта чалавека благаслаўлення, просіш адарыць яго патрэбнымі ласкамі, бо наш Бог, які ведае ўсё пра нас, ведае таксама найлепш і пра тое, што патрэбна твайму суседу справа. А ў гэты самы час твой сусед злева моліцца за цябе. Потым ты паварочваешся да яго, кладзеш свае рукі на ягоныя плечы і зноў молішся, і адначасна зноў чуеш на сваіх плячах рукі твайго суседа, за якога ты толькі што маліўся. Увесь прыкасцёльны пляц — адно дыханне, малітва, дабро і радасць.

Потым айцец Джэймс запрашае сесці, пакласці руку на грудзі і зноў заглыбіцца ў малітву. І мы зноў — адно цэлае… Гэтак жа, як і тады, калі, падняўшыся, мы ўсе шчыра дзякуем Богу за Яго дабрыню і цярплівасць, праслаўляем Яго веліч і магутнасць, Яго цудоўнае ўсёведанне пра кожнага з нас і пра ўсе краіны і народы Зямлі.

Яшчэ адна неспадзяванка

На трэці дзень рэкалекцый у Рось нечакана прыехаў Гарадзен­скі біскуп Аляксандр Кашкевіч, і вер­нікі прынялі гэта як яшчэ адзін прыемны падарунак. На святой Імшы, якую цэлебраваў Яго Эксцэ­ленцыя, казанне, як і было за­пла­­навана, гаварыў айцец Джэймс, а пастырскае слова настаўлення сказаў біскуп Аляксандр Кашкевіч. 

Да новых сустрэчаў

Пробашч парафіі ксёндз Часлаў час ад часу браў мікрафон і запрашаў усіх нас адказаць на кароткую анкету, якую раздалі ўдзельнікам. Самае важнае пытанне ў ёй было пра тое, ці адбылі­ся якія змены ў нашым жыцці пасля рэкалекцый. Ведаю, што адна мінчанка, магчыма, напіша ў той анкеце пра сваё аздараўленне ад хваробы нырак і алергіі, адна жыхарка Жодзіна — пра аздараўленне ад астмы, мужчына з Гародні адчуў на малітве, як суцішыўся дзікі боль у спіне, а хтосьці, магчыма, паведаміць пра тое, што ён у Росі перажыў па-асабліваму шчырую споведзь і таму ён самы шчаслівы чалавек на свеце. Ні кроплі не сумняваюся, што парафія ў Росі атрымае шмат такіх лістоў як знак сведчання аб цудоўнай, непаўторнай дзейнасці Бога ў жыцці. Людзі спазналі гэтую вялі­кую радасць тут, у Росі, і таму ад імя ўсіх пілігрымаў, гасцей, прыезджых дзякуй вам, дарагія парафіяне, а таксама вернікі з суседніх парафій, бо многія з нас начавалі не толькі ў Росі, але і ў Ваўкавыску, у суседніх вёсках і пасёлках. Дзякуй за вашу гасціннасць і дабрыню. Дзякуй пробашчу парафіі ксяндзу Чаславу Паўлюкевічу за магчымасць прыехаць і перажыць гэтыя цудоўныя рэкалекцыі. І асаблівая наша ўдзячнасць, вядома, шаноўнаму госцю з Індыі айцу Джэймсу Манджакалу, ягонай спадарожніцы Габбі, а таксама ксяндзу Яну Рэчэку ды сястры Станіславе з Польшчы за тую шчодрасць, з якой яны дзеляцца з намі сваім досведам веры.

«Я — галінка ля белага тыну…»

Не магла, быўшы гэтак блізка ад Зэльвы, не пабыць на зэльвенскіх могілках... 

Разам з маімі добрымі спадарожнікамі мыем, выціраем надмагілле слаўнай паэткі беларускай зямлі Ларысы Геніюш, і з-пад нашых рук на чорным мармуры праступаюць яе паэтычныя радкі… 

Молімся разам над магіламі Ларысы і Янкі Геніюшаў, нейкі час проста маўчым і кожны думае пра сваё, магчыма, пра тое, што перажылі за гэтыя дні. Я, прызнаюся, увесь час памятала, што Зэльва так блізка, і не пабыць там, хоць гэта і не зусім па дарозе, проста немагчыма. Дзякуй і маім спадарожнікам за тое, што яны, стомленыя, тактоўна зразумелі мяне. І хоць гэты побыт на зэльвенскіх могілках — трохі неспадзяванае завяршэнне рэкалекцый, але, хіба што, лагічнае, бо наша Ларыса Геніюш напісала ў свой час шмат падобнага да таго, што мы перажывалі на гэтай сустрэчы ў Росі. Хоць бы вось і такое, адпаведнае майму настрою таго сонечнага ліпеньскага дня:

Сёння не вабіць 

зацішша святыні.

Хочацца ў поле йсці 

сцежкаю вузкай

і, як калісьці Хрыстос у пустыні,

маліцца і плакаць 

душой беларускай. 

Ірына Жарнасек.

Фота аўтара.  

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней