Напрыканцы лета цяжка ўстрымацца, каб не паласавацца духмяным і салодкім кавалачкам дыні. Але дыня — не звычайны ласунак. Усё ў ёй смачнае і карыснае: і духмяная мякаць, і скурка, і нават семкі. І гэта добра разумелі нашы далёкія продкі, бо звесткі пра дыню сягаюць у глыбокую старажытнасць. Нават у Бібліі, у Кнізе Лічбаў, успамінаецца гэтая расліна: «Мы памятаем, як у Егіпце мы елі дарма рыбу, агуркі і дыні, цыбулю і часнок» (гл. Кніга Лічбаў 11, 5).
Першыя ж звесткі пра гэтую духмяную жаўтабокую прыгажуню звязваюцца з Індыяй, дзе яна культывавалася яшчэ да нашай эры. Потым яна перакачавала ў Малую і Сярэднюю Азію, адтуль (у Сярэднявеччы) — у Расію і Еўропу. Спачатку яна лічылася далікатэсам і падавалася выключна як частунак для вяльможаў і высокіх іншаземных гасцей, якіх трэба было чымсьці здзівіць і задобрыць. Вядома таксама, што дыня лічылася сімвалам прымірэння, найвышэйшай павагі і згоды, таму вяльможы, якія жадалі прымірыцца, часта высылалі адзін аднаму дыню. У азіяцкіх народаў дыня была бадай што самым папулярным прадуктам, асабліва падчас доўгага перыяду посту, а старажытныя лекары сцвярджалі, што дыня спрыяе вылечванню многіх цяжкіх захворванняў, калі іншыя сродкі не дапамагаюць.
Навукоўцы доўга не маглі вырашыць, куды аднесці дыню — да гародніны ці садавіны? Сёння яе часта называюць дэсертнай гароднінай, але дыня, як і кавун, належыць да гіганцкіх ягадаў, хоць вучоныя схіляюцца да таго, каб лічыць яе фальшывай ягадай. Але ўсе згаджаюцца з адным: дыня вельмі карысная. Мяркуйце самі: аднаго вітаміна С у ёй больш, чым у апельсіне. Да таго ж, у дыні шмат вітамінаў — А, В1, В2, В6, В15, РР, і мікраэлементаў — калій, кальцый, крэмній, натрый, жалеза (тут яго ў 17 разоў больш, чым у малацэ), хлор, магній, фосфар, сера, марганец, медзь, фтор, цынк, а таксама фоліевая, нікацінавая і пантатэнавая кіслоты, азоцістыя і пекцінавыя рэчывы, арганічныя кіслоты, да 20% цукраў.
Дыня — выдатны ачышчальнік для ўсяго арганізма, а каларыйнасць яе ўсяго 30–38 ккал. Дыня вельмі добра ўплывае на стан валасоў, пазногцяў, скуры. Калі ўжываць яе рэгулярна, то ўзмацняецца імунітэт, павышаецца гемаглабін, паляпшаецца агульны стан арганізма, у шмат разоў паляпшаецца настрой. Гэтаму спрыяе сератанін — гармон радасці, які выпрацоўваецца ў дыні. Садзейнічаюць нармалізацыі дзейнасці страўнікава-кішачнага тракта і «дынныя» ферменты. Дыня валодае мачагоннымі, антытаксічнымі ўласцівасцямі, яе рэкамендуецца ўжываць пры захворванні вантробы, пры мочакаменных хваробах нырак і мачавога пузыра. Карысна ўжываць яе пры хваробах сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэмаў, для павышэння імунітэта і гемаглабіну, пры цынзе, а таксама як лёгкі слабіцельны сродак пры запорах і гемароі.
Медыкі раяць ужываць дыню людзям з мочакаменнымі хваробамі, захворваннямі жоўцевага пузыра, парушэннем дзейнасці вантробы, расстройствам нервовай сістэмы. Вядучыя фармацэўтычныя кампаніі выкарыстоўваюць духмяную дыню пры вырабе таблетак, мікстураў і іншых лекаў.
Мала хто ведае, што ў скурцы дыні ёсць хларафіл, які неабходны для нармальнай дзейнасці залозаў і крывятворнай сістэмы. Каб «атрымаць» хларафіл, дастаткова прапусціць вымытую скурку праз сокавыціскалку. Вельмі карысна з’ядаць мякаць дыні да самай скуркі, бо менавіта каля скуркі шмат крэмнія. Дыня таксама вельмі добра наталяе смагу.
Водны настой семак дыні валодае мачагонным дзеяннем і прымяняецца пры хваробах нырак, а эмульсія з семак выкарыстоўваецца для лячэння вугроў і вывядзення вяснушак.
Пры камянях у нырках насенне дыні здрабняецца ў ступцы, да яго паступова дадаецца гатаваная астуджаная вада. Перамешаную сумесь трэба працадзіць і ўжываць па паўшклянкі 2–3 разы ў дзень.
Для паніжэння вагі ўжываюць сок дыні, змешаны з яблычным і таматным сокамі (1:2:1).
Папулярнае прымяненне дыні і ў касметыцы. Мякаць дыні, багатую на вітамін А, называюць элексірам прыгажосці. Калі маскі з дыні (здробненую мякаць) рабіць на працягу месяца, скура становіцца эластычнай і гладкай. А калі вы хочаце, каб падчас адпачынку ваш загар быў устойлівым і раўнамерным, то абавязкова ешце дыню кожны дзень. І ўвогуле, лічыцца, што «дынныя» вітаміны ўмацоўваюць імунітэт, пазбаўляюць ад бяссонніцы, стомы, трывогі і раздражняльнасці, а таксама паляпшаюць настрой і дапамагаюць адолець восеньскую хандру.
Аднак варта памятаць некалькі парадаў:
• Дыню лепш за ўсё есці асобна ад іншай ежы паміж асноўнымі пасілкамі (лепш за 2 гадзіны да абеду ці да вячэры).
• Нельга есці дыню пасля абеду, нават як дэсерт!
• Дыню нельга ўжываць з алкагольнымі напоямі, з мёдам або запіваць халоднай вадой — гэта можа выклікаць кішачную коліку, панос.
• Пасля таго, як вы паласаваліся дыняй, нельга піць кіслае малако, кефір і халодную ваду.
• Кормячым маці таксама не рэкамендуецца ўжываць дыню, бо могуць быць праблемы са страваваннем у дзіцяці.
• Нельга есці дыню нашча, а таксама нельга есці недаспелую дыню.
Дыню нельга ўжываць пры язве страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гастрыце, дызентэрыі, пры інфекцыйных хваробах страўнікава-кішачнага тракту, а таксама пры цукровым дыябеце.
Карысная не толькі свежая дыня — у сушанай дыні захоўваюцца практычна ўсе карысныя рэчывы. Дыню можна і замарозіць, але замарожваць трэба толькі спелую дыню і захоўваць яе можна каля трох месяцаў. Замарожаную дыню выкарыстоўваюць для кактэйляў і вітамінных напояў, акрамя гэтага, дыню вяляць, марынуюць, гатуюць смачны мёд, варэнне, цукаты.
Варэнне з дыні. Выбраць дыню з пругкаю мякаццю (крыху недаспелую), прамыць, абабраць, ачысціць ад семені, парэзаць на кубікі. Кубікі бланшыраваць у кіпені 3–4 хвіліны, затым адразу апусціць іх у халодную ваду на некалькі хвілін і працадзіць. Пасля гэтага кавалачкі дыні заліць цукровым сіропам, прыгатаваным з паловы цукру, давесці да кіпення і гатаваць 3–4 хвіліны. У астуджанае варэнне дадаць рэшткі цукру і зноў гатаваць некалькі хвілін, а ў канцы варкі дадаць лімонную кіслату. Астудзіць, праз 6–8 гадзін варэнне даварыць канчаткова і раскласці ў слоікі.
На 1 кг ачышчанай дыні патрэбны 1,2 кг цукру, 2 шклянкі вады, 3 г лімоннай кіслаты.
Падрыхтавала Аліна Лукашэвіч.