Пахвалёны Езус Хрыстус!
Звяртаюцца да вас вернікі з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з Магілёва. 4 верасня ў нашым касцёле адбылася важная падзея — 20 гадоў, як наш пробашч ксёндз-дэкан Раман Факсінскі нясе апостальскую службу на Беларусі.
Нарадзіўся ксёндз Раман у Польшчы ў сям’і шчырых вернікаў. З дзевяці дзяцей двое служаць Богу ў законе — ксёндз Раман і адна яго сястра. Пасля заканчэння семінарыі ён 7 гадоў служыў вікарыем у розных парафіях Польшчы. З вялікай цеплынёй успамінае ён свайго духоўнага настаўніка — біскупа Рамана Анджэеўскага, які меў вялікі ўплыў на ягоны лёс.
Упершыню ксёндз Раман Факсінскі прыехаў у Магілёў на запрашэнне ксяндза Уладзіслава Бліна ў 1990 г., а ў 1992 г. быў афіцыйна прызначаны на службу. Ён працаваў у Магілёве, у Бабруйску і ўспамінае цяпер, што гэта былі вельмі цяжкія, але цікавыя і плённыя гады, напоўненыя энтузіязмам і вернікаў, і святароў. Аднаўляўся, а насамрэч занава будаваўся Касцёл на Беларусі — першыя службы ў яшчэ не адбудаваных храмах, першыя парафіяльныя святы, вельмі многа хростаў дарослых і дзяцей, вянчанні, першыя Камуніі… Адзінаццаць новых парафій адкрыў ксёндз Раман у Бабруйскім раёне, адбудаваў капліцу ў Асіповічах, заснаваў рух «Хатні касцёл».
Тры гады — з 1993-га па 1995 — ксёндз Раман быў дырэктарам фестывалю «Магутны Божа».
З лютага 2000 г. ксёндз Раман Факсінскі — пробашч магілёўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У 2004 годзе ён атрымаў беларускае грамадзянства і цяпер называе Беларусь сваёй другой Радзімай.
Служба пробашча шматгранная — вялікай увагі патрабуюць аб’яднанні вернікаў: Легіён Марыі, дзве групы «Жывога Ружанца», «Хатні касцёл», група імя Баляславы Лямэнт, клуб каталіцкай інтэлігенцыі. Пры касцёле працуе дабрачыннае таварыства «Багатыя ў міласэрнасці», якое ўзначальвае ксёндз Раман, наладжваючы сувязі з замежнымі дабрачыннымі арганізацыямі.
Шмат сілаў пробашч аддае рамонту і добраўпарадкаванню нашага касцёла, які з’яўляецца адным з найпрыгажэйшых на Беларусі, вядомым сваімі ўнікальнымі фрэскамі. На жаль, будынак касцёла дагэтуль не перададзены ва ўласнасць парафіі і праз гэта ёсць пэўныя цяжкасці ў рамонце і рэстаўрацыі.
Наш пробашч — нястомны пілігрым, таму кожны год для парафіянаў арганізоўваюцца паездкі па святых мясцінах. Многія з нас пабывалі ў Польшчы, Італіі, Францыі, Іспаніі, пазнаёміліся з гісторыяй і культурай гэтых краінаў.
Мы ўдзячныя свайму пробашчу за яго нястомную працу на ніве Божай, за духоўную апеку, клопат і ўвагу да кожнага, хто шукае шляхі да Бога. Нізкі паклон Вам, наш паважаны айцец Раман, за шчырую малітву, цярплівасць, дабрыню і разуменне. Апекі Маці Божай і шчодрых дароў Святога Духа! Мы ўсе молімся за Вас.
Ад усіх парафіянаў —
Уладзіслава Літвінава.