Любоў і дабрыня

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Паважаная рэдакцыя часопіса «Ave Maria»! Праз ваш часопіс хочацца даслаць словы падзякі і віншавання айцу Марэку Пасюту.

Усе мы — вандроўнікі касмічнай прасторы, і кожная сустрэча ў нашым жыцці зусім не выпадковая. Божы Провід пакіраваў так, што жыццёвыя шляхі вернікаў парафіі ў Гняздзілаве перасякліся са святарскім шляхам айца Марэка Пасюты. Як знак Божай ласкі мы ўспрымаем тое, што ўжо больш за тры гады дзякуючы яго намаганням маем магчымасць сустракацца з Панам Богам у адноўленай капліцы Імя Езуса Міласэрнага. Як сапраўдны апостал Хрыста, а. Марэк быў пасланы ў Гняздзілава, каб стаць для нас добрым пастырам, каб сведчыць нам пра любоў Бога і Яго міласэрнасць, муку Хрыста і Яго смерць на крыжы, пра жаданне Пана збавіць кожнага з нас; каб вучыць нас ісці па шляху, які вядзе да паяднання з Богам тут, на зямлі, і калінебудзь — у шчаслівай вечнасці; каб настаўляць няўмелых і падтрымліваць слабых, суцяшаць засмучаных і адпускаць грахі грэшным, благаслаўляць нас і маліцца за нас.

Нялёгкая гэта справа — ператвараць нас, пасіўных «спажыўцоў» веры, якія прыходзяць у святыню па чарговы «магічны» падарунак, у духоўна здаровых і адказных вернікаў. Айцец Марэк падае нам прыклад глыбокай малітвы, мудрага слова і духоўнай моцы.

Дзякуючы ласцы Пана Бога ў асобе нашага пастыра зза алтара нібы яснее аблічча самога Хрыста. Кожнае казанне айца Марэка — гаючы бальзам для нашых душаў. Абвешчанае святаром Божае слова мы захоўваем у сваіх сэрцах і стараемся кіравацца ім у сваім жыцці.

Нялёгкі цяжар ляжыць на плячах, агорнутых сутанаю. І ніхто, акрамя самога Хрыста, да канца не ведае, якія вялізныя намаганні даводзіцца прыкладаць святару ў сваім служэнні. Нягледзячы на гэта, у яго ясных вачах мы бачым толькі любоў і дабрыню.

З нагоды Дня нараджэння нашага дарагога святара мы, вернікі парафіі ў Гняздзілаве, дзякуем Богу за тое, што сустрэлі на сваім жыццёвым шляху айца Марэка Пасюту і жадаем нашаму пастыру, каб Бог аддзячыў яму сваёй міласэрнасцю і шчодрымі ласкамі. 

Няхай Пан дапамагае яму трываць у веры і з яшчэ большаю моцаю раскрые ў ім патэнцыял Хрыстовага святарства. Няхай Бог Айцец, Маці Божая і ўсе святыя апякуюцца ім і благаслаўляюць паўсюль і заўсёды, да канца жыцця.

 

З вялікаю павагаю і ўдзячнасцю —

Т. Маслоўская ад імя ўсіх вернікаў в. Гняздзілава 

Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці.

Цэтлікі: Нам пішуць

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней