Эдуард Граковіч

 

 

Памяці Яна Паўла ІІ

Я ў свой час адзінаццаць гадоў

Прахадзіў пры саветах у школу.

Да чаго б там ні «быў я гатоў» —

Шчыра верыў святому Касцёлу.

 

З абурэннем нярэдка глядзеў

На старонкі падручнікаў школьных.

Вывучаў, хоць ніяк не хацеў,

І такое, што мне было шкодным.

 

Баламутны марксізм злосна кляў — 

Пазбягаў тых, каму быў ён важны,

А Святое Пісанне пасля

Я не раз перачытваў уважна.

 

Столькі горычы, столькі тугі

Мне прыпала ад школьнай асветы...

Хай раней бы Ян Павел ІІ

Прасвятліў розум гэтага свету.

 

Жывеш — трымайся!

Даследаваць глыб, асвойваць высь —

Не кожны майстар,

Ды ўсіх датычыцца дэвіз:

«Жывеш — трымайся!»

 

Усё адно — ці дзень, ці ноч — 

Сусвет рухавы.

І д’ябал, людцы, не ахвоч

Сядзець без справы.

 

Ён гэтаксама без «уцех»

Злуе і тужыць.

І часта стукаецца грэх

У нашы душы.

 

Але, каб д’яблу патакаць,

Няма прымусу.

Умейце ж, любыя, ўстаяць

Перад спакусай!

 

* * *

Хай і сумна, і нудна,

І дабра не відно —

У жыцці шматпакутным

Пажадана адно:

Каб цярністай дарогай

Праз мільёны нягод

Вёў не страх перад Богам,

А любоў да Яго.

 

Помню...

Не ўявіць мне без веры жыццё...

Помню цесны бабулін пакойчык,

Дзе пра Бога, святых і Касцёл

Слухаў я хлапчуком неаднойчы.

 

Я і Бога хваліў, і святых

Словам чыстым і поўным запалу.

Рэчаў шмат у пакойчыку тым

Назаўсёды мне ў памяць запала:

 

Абразы на куточку ўгары,

Малітоўнік, ружанец, шкаплерык,

На свянцоных галінках вярбы

Васкаваныя кветкі з паперы.

Цэтлікі: Паэзія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней