Агляд пошты
Пахвалёны Езус Хрыстус!
Вітаем вас, паважаныя чытачы. Агляд нашай пошты сёння мы пачнем з балючага ліста. Не след пакідаць наастатак просьбу аб дапамозе, бо кожны можа некалі стаць перад выбарам — справіцца самому або звярнуцца да людзей. І калі чалавек рашыўся прасіць дапамогі, ці ж не словамі Хрыста ён кіруецца: «Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам» (Мц 7, 7). І для тых, да каго звяртаюцца, таксама ёсць словы: «Просячаму ў цябе дай і не ўхіляйся ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць» (Мц 5, 42).
А цяпер слова аўтарцы названага допісу: «Вельмі вас прашу дапамагчы мне ў маім цяжкім становішчы. Я ўпершыню дасылаю свой ліст у часопіс у спадзяванні, што знойдуцца сярод вернікаў неабыякавыя людзі, якія змогуць мне дапамагчы. Раней я жыла блізка ад сухотнага шпіталю, цяпер мне даводзіцца жыць каля хаты і са сценаў гэтай лякарні прасіць дапамогі. Мне ў жніўні споўнілася 50 гадоў. Усё сваё жыццё адпрацавала, але цяпер не магу ўладкавацца на працу праз хваробу, а да пенсіі яшчэ 5 гадоў. У мяне вялікая сям’я — 3 сыны, адна дачка. Жывуць яны ўжо асобна, у сваёй хаце я засталася сам-насам са сваімі праблемамі. Няма нават дроваў на зіму... Вельмі хочацца, каб мяне пачулі і правільна зразумелі. Спадзяюся, што вернікі адгукнуцца на мой крык роспачы і дапамогуць мне». Адрас на канверце такі — 211135, Віцебская вобл., Сенненскі р-н, а вось далей не надта разборліва, здаецца — г.п. Манерава і яшчэ дзве літары — П.М. Можа, тыя, хто жыве побач, зразумеюць, што азначаюць гэтыя літары ў адрасе і ці правільна прачытана назва гарадскога пасёлка. Але ў гэтай сувязі хочацца звярнуцца да ўсіх, хто нам піша. Вы ведаеце, пра што пішаце, і разумееце свой почырк і таму не надта задумваецеся, калі выводзіце літары на паперы. А вось нам прачытаць іх бывае няпроста. Асабліва складана, калі незразумелыя адрас, як у гэтым выпадку, або прозвішчы людзей, у тым ліку тых, каго хочаце павіншаваць з нейкім святам. Хацелася б, каб прозвішчы, імёны, назвы населеных пунктаў і іншыя словы, у якіх нельга дапусціць памылку, вы пісалі больш разборліва.
Не забывае даслаць свой «агляд» наш даўні чытач і карэспандэнт Станіслаў Антонавіч Шыманоўскі са Слуцка. Вось і цяпер мы ўважліва прачыталі яго ліст і нешта сабе пазначылі для далейшай працы — дзякуй Вам.
З Аршанскай папраўчай калоніі прыйшоў допіс ад Мікалая Кушнярова. Ён расказаў, што прыняў сакрамэнт хросту ў 2010 годзе. Ахрысціў яго ксёндз Аляксандр Жарнасек, які апякуецца нешматлікімі католікамі, што адбываюць тэрмін зняволення ў гэтай калоніі. Мікалай праз чатыры месяцы павінен выйсці на волю, і мы шчыра жадаем, каб прыналежнасць да хрысціянскай супольнасці дапамагала яму будаваць сваё далейшае жыццё. Няхай яно заўсёды будзе вольным, а мы ўсе можам памаліцца за яго.
На гэтым мы развітваемся з вамі. Чакаем вашых допісаў. Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.
Вера Галубовіч
Цэтлікі: Агляд пошты