170 Першы дзень рэкалекцый. Раніцаю я пастаралася быць першаю ў капліцы, перад медытацыяй у мяне яшчэ была хвіліна часу на малітву да Духа Святога і Найсвяцейшай Маці. Я горача маліла Маці Божую, каб Яна выпрасіла для мяне ласку вернасці ў гэтых унутраных натхненнях і каб я верна выканала ўсялякую волю Божую. З дзіўнаю адвагаю я распачала гэтыя рэкалекцыі.
172 Барацьба за захаванне маўчання. Звычайна бывае, што на рэкалекцыі з’язджаюцца сёстры з розных дамоў. Адна з сясцёр, з якою я даўно не бачылася, прыйшла ў келлю і кажа мне, што хоча мне штосьці паведаміць. Я нічога ёй не адказала, і яна зразумела, што я не хачу парушыць маўчання. Яна сказала мне: «Я не ведала, што ты такая дзівачка», і пайшла. Я зразумела, што ў гэтай сястры не было да мяне іншай справы, апроч заспакаення цікаўнага самалюбства. О Божа, захавай мяне ў вернасці.
Айцец, які праводзіў рэкалекцыі, быў з Амерыкі. Ён на кароткі час прыехаў у Польшчу, і так склалася, што ён вёў у нас рэкалекцыі. У гэтым чалавеку ўгадвалася глыбокае ўнутранае жыццё. Яго аблічча сведчыла пра веліч духу; гэты святар вызначаўся аскезаю і засяроджанасцю. Аднак, нягледзячы на вялікія дабрадзейнасці, якімі гэты святар валодаў, я спазнала вельмі вялікія цяжкасці, калі спрабавала адкрыць сваю душу, гаворачы аб ласках, таму што адносна грахоў гэта заўсёды лёгка, але што датычыць ласкаў, то сапраўды мне даводзіцца прыкладаць вялікае намаганне — і то я не ўсё магу сказаць.
173 Спакусы сатаны ў часе медытацыі. Мяне апанаваў дзіўны страх, што святар мяне не зразумее або што ў яго не будзе часу, каб я магла ўсё выказаць. Як я яму пра ўсё гэта скажу? Каб гэта яшчэ айцу Букоўскаму, гэта было б мне лягчэй зрабіць, а гэтага езуіта я ўпершыню бачу. Тут мне прыгадваецца парада айца Букоўскага, які мне сказаў, што калі я адпраўляю рэкалекцыі, то павінна тыя прасвятленні, якія мне Бог спасылае, хоць бы коратка занатоўваць ці, прынамсі, хоць бы коратка інфармаваць яго пра гэта. Мой Божа, паўтара дня так лёгка прайшлі для мяне — цяпер пачынаецца барацьба не на жыццё, а насмерць. Праз паўгадзіны павінна быць разважанне, а пасля я павінна ісці на споведзь. Сатана ўнушае мне, што калі настаяцельніцы сказалі, што маё ўнутранае жыццё — гэта падман, то навошта яшчэ пытаць і мучыць спаведніка? «Табе ж казала маці N, што з такімі мізэрнымі душамі Пан Езус такім чынам не кантактуе, тое самае табе адкажа і гэты спаведнік. Навошта табе пра гэта гаварыць, гэта ж не грахі, а маці N табе выразна сказала, што ўвесь гэты кантакт з Панам Езусам — летуценне, чыстая істэрыя, дык навошта ж табе казаць пра гэта спаведніку? Ты зробіш лепш, калі ўсё гэта адкінеш як падман. Паглядзі, колькі прыніжэнняў цябе ўжо напаткала, колькі цябе яшчэ чакае, і сёстры ведаюць, што ты істэрычка». «Езу», — з усяе сілы сваёй душы паклікала я. У гэты час выйшаў айцец з разважаннем. Ён гаварыў коратка, як быццам спяшаўся. Закончыўшы разважанне, сеў у канфесіянал. Я гляджу — ніводная з сясцёр не ідзе.
174 Я сарвалася са свайго кленчніка — і вось ужо я пры канфесіянале. Не было часу ні на які роздум. Замест таго, каб сказаць айцу пра свае сумненні, пасеяныя ўва мне адносна Пана Езуса, я пачала казаць пра ўсе тыя спакусы, якія апісала раней. Аднак спаведнік адразу заўважыў мой стан і сказаў: «Ты не давяраеш Пану Езусу таму, што Ён такі ласкавы да цябе. Што ж, сястра, будзь абсалютна спакойная. Езус — твой Настаўнік, і твой кантакт з Езусам — гэта не істэрыя, не летуценне, не падман. Ты павінна ведаць, што знаходзішся на добрым шляху. Я прашу цябе імкнуцца да вернасці гэтым ласкам, табе нельга іх пазбягаць. Настаяцельніцам табе ўвогуле не трэба казаць пра гэтыя ўнутраныя ласкі, толькі па выразным загадзе Пана Езуса, і то спачатку трэба ўзгадніць гэта са спаведнікам. Але калі Пан Езус патрабуе нечага знешняга, то пасля ўзгаднення са спаведнікам ты павінна выканаць тое, чаго патрабуе Пан, чаго б табе гэта ні каштавала. З другога боку, сястра, ты пра ўсё павінна казаць спаведніку. Ніякага іншага шляху няма для цябе. Маліся, сястра, аб духоўным кіраўніку, бо інакш ты змарнуеш гэтыя вялікія дары Божыя. Яшчэ раз паўтараю, што трэба быць спакойнай — ты на добрым шляху. Ні на што не звяртай увагі, а заўсёды будзь вернай Пану Езусу, не мае значэння, што пра цябе скажуць. Менавіта з такімі мізэрнымі душамі так Пан Езус кантактуе, і чым больш ты будзеш прыніжацца, тым больш Пан Езус будзе яднацца з табою».
175 Калі я адышла ад канфесіянала, неспасцігальная радасць заліла маю душу так, што я адышлася ў аддаленае месца ў садзе, каб схавацца ад сясцёр і дазволіць сэрцу цалкам выказаць сябе Богу. Божая прысутнасць пранізала мяне наскрозь, і ў адно імгненне ўся мая мізэрнасць патанула ў Богу, і ў той момант я адчула — ці адрозніла — тры Боскія Асобы, якія жывуць ува мне, а ў маёй душы быў такі вялікі спакой, што я вельмі дзівілася сама з сябе — як можна было непакоіцца.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.
Працяг будзе.