Апостал любові — так Касцёл называе святога апостала Яна, бо менавіта ён увесь час навучаў, што без любові чалавек не можа наблізіцца да Бога і дагадзіць Яму. У трох пасланнях апостал Ян абвяшчае любоў да Бога і бліжняга і сам з’яўляецца прыкладам любові.
Калі ўважлівей прыгледзіцца ў гісторыі Касцёла да жыцця людзей, сэрцы якіх напаўняла пяшчотная сыноўская любоў да Найсвяцейшай Панны Марыі, то дзіўным чынам пачынае праяўляцца постаць любага вучня Езуса, апостала любові — Яна.
Адыход у вечнасць святога апостала Яна Евангеліста — адно з самых загадкавых здарэнняў у Святым Пісанні, якое сведчыць, што Ян, пражыўшы больш за 100 гадоў, пакінуў горад Эфес і папрасіў сваіх вучняў, каб яны пахавалі яго жывым, накрыўшы твар палатном. Яны зрабілі так, як ён прасіў, але праз некаторы час адкрылі магілу. Цела Яна там не было. Да гэтай пары Касцёл мяркуе, што апостал быў узяты на неба разам з целам, як і Найсвяцейшая Панна Марыя, і гэтым падкрэсліваецца яго духоўная роднасць з Маці Божай, усынавіўшай Яна пад крыжам. Вось перад гэтай дзейснаю любоўю, якая бярэ свой пачатак у Крыніцы Жыцця — Богу, і адступаюць смерць і тленне.
...Углядаючыся ў жыццё двух добра вядомых усім нам асобаў — папы Яна Паўла ІІ і кардынала Казіміра Свёнтка — ловіш сябе на думцы, што перад імі, у пераносным сэнсе гэтага слова,
на працягу жыцця адступала смерць.
«Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: “Жанчына, вось сын Твой”. Потым сказаў вучню: “Вось Маці твая”» (Ян 19, 26–27а).
У самым віры трагедый ХХ стагоддзя загартоўвалася гэта пакліканне. У самыя цяжкія для сябе і для свайго народа дні Караль Вайтыла прысвяціў сваё жыццё Богу. У гэты час Божы Провід пасылае яму невялічкі трактат св. Людвіка Марыя дэ Манфора «Аб сапраўднай адданасці Найсвяцейшай Панне Марыі». У цяжкія для Касцёла часы, калі ён перажывае сапраўдную Галготу, каля гэтага Крыжа юнаму вучню Езуса чуюцца Яго словы «Жанчына, вось сын Твой». Затым: «Караль, гэта Маці твая»...
...«І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе» (Ян 19, 27б). Дэвізам жыцця Караля Вайтылы становяцца словы з гэтай кнігі «Totus tuus» («Увесь Твой, Марыя»).
Паданне сведчыць пра тое, што апостал Ян Евангеліст, любы вучань Езуса, пражыў доўгае жыццё і неаднойчы быў цудоўным чынам захаваны Богам
ад гвалтоўнай і неспадзяванай смерці.
У сваёй кнізе «Дар і Таямніца» Ян Павел ІІ піша: «... у тым вялікім і жахлівым тэатры Другой сусветнай вайны многае было мне захавана. Бо ў любы дзень мяне маглі схапіць на вуліцы, забраць з каменяломні альбо з завода і вывезці ў лагер. Я не раз нават пытаў у самога сябе: гэтулькі маіх равеснікаў гіне, а чаму не я? Сёння я ведаю, што было тое невыпадкова. У кантэксце таго вялікага зла, якім з'яўлялася вайна, у маім асабістым жыцці яксьці ўсё дзеелася ў кірунку дабра, у кірунку паклікання. Усё нейкім чынам складвалася на добрае».
Трэба таксама згадаць цудоўнае ўратаванне ад смерці праз заступніцтва Маці Божай Фацімскай 13 мая 1981 года на плошчы св. Пятра падчас замаху на жыццё Папы.
«Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: “Пане, а што з ім?” Езус сказаў яму: “Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною”. І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ (Ян 21, 20–23).
З усіх вучняў Хрыста толькі Ян не здрадзіў Яму падчас падзеяў Вялікай пятніцы. Чаму? Можа таму, што Богам яму была дадзена ласка трымацца каля Марыі, Маці Езуса. Чуваць каля Сэрца, якому быў невядомы страх. Сэрца Марыі было захавана ад усялякага граху. Магчыма, што Бог і не запатрабаваў бы ад Яна ахвяры пакутніцтва і яму не трэба было плаціць за сваю здраду.
Ян Павел ІІ піша: «Я павiнен адзначыць адразу, з самага пачатку, i разам з тым звярнуцца да выразу, з якога пачалося маё служэнне ў Сталiцы Святога Пятра: “Не бойцеся!”». «Калі 22 кастрычніка 1978 года на плошчы святога Пятра я вымаўляў словы “Не бойцеся“, я не мог ва ўсёй паўнаце ўявіць, як далёка павядуць мяне і ўвесь Касцёл гэтыя словы». «Тое, што было ў іх, сыходзіла, хутчэй, ад Духа Святога, Якога Пан Езус абяцаў апосталам як Суцяшыцеля, чым ад чалавека, які іх прамаўляў. Аднак з гадамі я прыгадваў сабе гэтыя словы ў розных абставінах...». Найбольшы недахоп апостала — страх, бо ён абуджае нявер’е ў магутнасць Настаўніка, сціскае сэрца і перахоплівае горла. Апостал ужо не ведае, ці з’яўляецца ён апосталам? Вучні, якія пакінулі Настаўніка, дадалі адвагі палачам. Кожны, хто змаўкае перад ворагамі справы, дадае нахабства. Страх апосталаў — першы хаўруснік ворагаў справы. «Змусіць маўчаць — першае заданне бязбожніцкай стратэгіі», — кажа Папа.
Чуванне Папы каля Сэрца Марыі дапамагала быць мужным, не баяцца.
«Адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада. Той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі. Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне <...> «Будуць глядзець на таго, каго прабілі» (Мц 19, 34–37).
Ян Павел ІІ піша: «Памятаю, што ў часе вайны, калі я працаваў на фабрыцы “Сольвай” (гэта мясціна звязана з Лагеўнікамі), я часта хадзіў на магілу сястры Фаўстыны, калі яна не была яшчэ абвешчана благаслаўлёнаю. Усё тое было дзіўным, неўявімым, калі ўлічыць, што гэта была простая дзяўчына. Ці мог я тады дапусціць, што мне выпадзе найперш яе беатыфікаваць, а пасля кананізаваць?». Цяпер мы можам з упэўненасцю сказаць, што «той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае», бо таксама Янам Паўлам ІІ было абвешчана свята Божай Міласэрнасці, у вігілію якога ён адышоў у вечнасць, і ў гэта ж свята Божай Міласэрнасці, ім абвешчанае, Папа сам быў беатыфікаваны.
І ці не дзіўным, амаль што містычным, чынам усе гэтыя падзеі Галготы канцэнтруюцца і спрасоўваюцца ў жыцці Караля Вайтылы падчас акупацыі: усынаўленне Марыяй пад крыжам, цудоўнае захаванне жыцця ад катаў на вачах тых жа катаў, калі памірае Езус у сваім Містычным Целе праз знішчэнне дзясяткаў тысяч духоўных асобаў і сотняў тысяч простых хрысціянаў, дакрананне да вытокаў Божай Міласэрнасці, якую нанава адкрыць для чалавецтва была паклікана Фаўстына Кавальская.
На пэўным адрэзку жыцця Провід знаёміць Яна Паўла ІІ з вельмі роднай яму душой — Казімірам Свёнткам. Безумоўна, можна не сумнявацца: іх знаёміць Панна Марыя.
Мамачка і Маці Міласэрнасці — так заўсёды называў Найсвяцейшую Панну Марыю кардынал Казімір Свёнтэк, які атрымаў сваё пакліканне таксама на «Галгоце» ў самыя складаныя для Касцёла часы. Ён бязмежна любіў Настаўніка, Яго і сваю Маці — Панну Марыю. Ён не раз быў захаваны ад расстрэлаў, выйшаў жывым і здаровым з нечалавечых умоваў, пражыў доўгае жыццё і ўрэшце перамог. Перамог гэтую велізарную нечалавечую сістэму, гэтага монстра на гліняных нагах...
Успамінаюцца словы, пачутыя некалі ад кардынала Свёнтка: «Калі вы гаворыце, што любіце Бога, а не любіце бліжняга, то Бога вы не любіце».
Вось такія яны — любыя вучні Езуса, сыны Марыі. Гэта людзі мужныя, з непахіснаю вераю, з добрымі і вялікімі сэрцамі, і заўсёды пераможцы, таму што над Беззаганным Сэрцам Марыі злы дух ніколі не меў, не мае і не будзе мець улады.
Прасочваючы жыцці любых вучняў Езуса, звяртаеш увагу на асаблівую іх захаванасць ад тлення і смерці, ад улады злога духу. Нават там, дзе ён пануе на зямлі амаль як у пекле, гэтыя душы — усыноўленыя Марыяй Беззаганнай каля падножжа крыжа — захаваныя ад смерці і тлення.
Тут чамусьці прыходзяць на памяць фацімскія падзеі 1917 года, калі Маці Божая, папярэджваючы чалавецтва аб «чырвонай» і фашысцкай пагрозах, просіць праз Люцыю, Жасінту і Францішка прысвяціць сябе і свае краіны Яе Беззаганнаму Сэрцу, каб пазбегнуць гэтага зла і быць захаваным ад яго. І ўжо крыху пазней Марыя ў прыватным аб’яўленні сястры Люцыі гаворыць, што дзякуючы прысвячэнню Партугаліі Яе Беззаганнаму Сэрцу, якое біскупы здзейснілі ў 1931 годзе, Партугалія была захавана ад «чырвонай» небяспекі. А Езус у адказ на гэтае прысвячэнне абяцаў асаблівую апеку над Партугаліяй у часе Другой сусветнай вайны, дадаўшы, што гэта апека будзе доказам тых ласкаў, якія Ён спашле іншым краінам, якія, як і Партугалія, будуць прысвечаныя Яму праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
Езус сказаў, што спашле шматлікія ласкі тым народам, якія будуць прысвечаны Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Ці мае наш народ патрэбу ў шматлікіх Божых ласках? Народ, які патанае ў шматлікіх грахах і залежнасцях, які патанае ў зле! Народ, прысвечаны Беззаганнаму Сэрцу Марыі, мае быць вызвалены ад тыраніі сатаны, бо над усім, што прысвечана Марыі, злы дух губляе ўладу, бо так, як ён не мае ўлады над Ёю, губляе ўладу над усім тым, што Ёй належыць, і над усімі тымі, хто ўсыноўлены Ёю па волі Божай. Можна прывесці шмат прыкладаў тых мясцовасцяў і народаў, якія аддаюць асаблівую пашану Марыі, маючы асаблівае благаслаўленне Бога.
Мне думаецца, што абраз Марыі Беззаганна Зачатай на алтары мінскай архікатэдры менавіта такога кроку ад нас і чакае. Яна прагне нас усынавіць, у Яе баліць сэрца назіраць за тым, як злы дух здзекуецца з нашага народа. Маці Божая хоча ўкрыць нас ад яго і абараніць. І мне падаецца, што гэта была адна з апошніх і наймацнейшых прамоваў Яна Паўла ІІ, калі ён благаслаўляў гэты абраз як цудадзейны для Беларусі, надаўшы яму прывілей быць укаранаваным папскімі каронамі кардыналам Казімірам Свёнткам.
Мне падаецца, што Ян Павел ІІ уклаў усю моц таго благаслаўлення, якое было на ім і якое праявілася падчас яго пантыфікату. І ад нас патрабуецца толькі яго прыняць. Гэта можна зрабіць толькі разам з Марыяй, якой была дадзена Богам ласка прыняць усю поўню Божага благаслаўлення, г. зн. у поўнай еднасці з Ёю. Ян Павел ІІ таму і змог так многа прыняць ад Бога, што быў з’яднаны з Ёю, цалкам належаў Ёй (Totus tuus).
Мне падаецца, што гэты абраз быў дадзены нам толькі з адною мэтаю: каб Беларусь была прысвечана Беззаганнаму Сэрцу Марыі ў гэтым цудоўным абразе. Марыя чакае прысвячэнняў вось ужо многа дзесяцігоддзяў, пачынаючы з 1917 года. Яна ўсё чакае нас да сябе, да свайго Беззаганнага Сэрца, у якім пануе супакой.
Беларусь трэба прысвяціць Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Наша краіна можа стаць тэрыторыяй Марыі, тэрыторыяй дзяцей Божых, тэрыторыяй супакою, любові, радасці, шчасця, шматлікіх навяртанняў і пакліканняў, вяртанняў Езуса ў святыні, тэрыторыяй моцных сем’яў, тэрыторыяй, у якой не будуць паміраць з-за абортаў, у якой адменяць смяротныя пакаранні, у якой не будзе забойстваў, тэрыторыяй, вольнай ад панавання злога духу. Трэба толькі ўрачыста прысвяціць Беларусь Беззаганна Зачатай Марыі разам з усімі біскупамі краіны, і Яна раструшчыць галаву змею. Беззаганнае Сэрца Марыі ўсё яшчэ чакае свайго трыумфу на нашай зямлі.
Уладзімір Вайцяховіч