153 Аднойчы я ўбачыла дзве дарогі: адна дарога была шырокая, высыпаная пяском і кветкамі, поўная радасці, музыкі і розных задавальненняў. Людзі ішлі гэтаю дарогаю, танцуючы і радуючыся. Яны даходзілі да канца, не заўважаючы, што ўжо канец. Але напрыканцы гэтай дарогі была страшная прорва ці пякельная бездань. Душы гэтыя ўсляпую падалі ў гэтую прорву — як ішлі, так і падалі. І была іх такая вялікая колькасць, што нельга было іх злічыць. І бачыла я іншую дарогу, а хутчэй — сцежку, бо яна была вузкая і ўсланая цернямі і камянямі, а людзі ішлі па ёй са слязьмі ў вачах, і розныя пакуты былі іх лёсам. Некаторыя падалі на гэтыя камяні, але тут жа ўставалі і ішлі далей. А ў канцы дарогі быў цудоўны сад, перапоўнены разнастайным шчасцем, і ўсе гэтыя душы ўваходзілі туды. І адразу ж, у першае імгненне, яны забывалі пра свае цярпенні.
154 Калі ў сясцёр Святой Сям’і была адарацыя, я з аднаю з нашых сясцёр вечарам пайшла на гэту адарацыю. Тут жа, як толькі я ўвайшла ў каплічку, Божая прысутнасць агарнула маю душу. Я малілася так, як часам рабіла гэта, — не кажучы ні слова. Нечакана я ўбачыла Пана, які сказаў мне: Ведай, што калі ты занядбаеш справу малявання гэтага абраза і ўсю справу міласэрнасці, то адкажаш за многія душы ў Судны дзень. Пасля гэтых словаў Пана нейкая боязь і страх увайшлі ў маю душу. Я не магла сама супакоіцца. Ува мне гучалі гэтыя словы: «Так, значыць у дзень Божага суду я павінна буду адказваць не толькі за сябе, але і за іншыя душы». Гэтыя словы глыбока ўрэзаліся ў маё сэрца. Вярнуўшыся да дому, я ўвайшла да малога Езуса, упала ніцма перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і сказала Пану: «Я ўсё зраблю, што будзе ў маіх сілах, але прашу Цябе, Ты будзь заўсёды са мною і дай мне сілы для выканання Тваёй святой волі, бо Ты можаш усё, а я сама — нічога».
155 З пэўнага часу здараецца так, што я ў душы адчуваю, калі хтосьці за мяне моліцца, адчуваю гэта тут жа; і зноў жа, калі нейкая душа просіць мяне аб малітве, хоць мне пра тое й не кажа, я таксама адчуваю гэта ў душы. Я адчуваю гэта такім чынам, што спазна2ю [спазнаю2] неспакой, як бы мяне хто клікаў, а калі малюся, атрымліваю спакой.
156 Аднаго разу мне вельмі хацелася прыступіць да св. Камуніі, але ў мяне было нейкае сумненне, і я не прыступіла. Пакутавала я з гэтай прычыны страшна. Мне здавалася, што маё сэрца разарвецца ад болю. Калі я з сэрцам, поўным горычы, занялася працаю, нечакана каля мяне з’явіўся Езус і сказаў мне: Дачка Мая, не прапускай св. Камуніі, хіба толькі тады, калі добра ведаеш, што цяжка ўпала, апрача таго, няхай цябе не стрымліваюць ніякія сумненні ў паяднанні са Мною ў Маёй таямніцы Любові. Твае дробныя правіны знікнуць у Маёй любові, як саломінка, кінутая на вялікі жар. Ведай пра тое, што ты вельмі засмучаеш Мяне, калі пакідаеш Мяне ў св. Камуніі.
157 Вечарам, увайшоўшы ў малую каплічку, я пачула ў душы такія словы: Дачка Мая, разважай над гэтымі словамі: «І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш». Калі я пачала глыбей задумвацца, шмат святла вылілася ў маю душу. Я зразумела, наколькі неабходна нам трываласць у малітве і што ад такой нялёгкай малітвы часта залежыць наша збаўленне.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.
Працяг будзе.