Жыццё працягваецца... ужо без дзіцяці

Вось ужо чатыры гады я працую каталіцкім святаром на Беларусі. Па праўдзе кажучы, сам вучуся веры ў людзей, якія ніколі не мелі тэалагічнай адукацыі, але вельмі моцна адчуваюць прысутнасць Бога ў сваім жыцці. Сёння і хачу расказаць пра такіх людзей, а менавіта пра сям’ю Марыны і Рамана. Не так даўно гэтыя людзі перажылі вялікую трагедыю — смерць свайго дзіцяці. Вось тады Пан Бог і стаў для іх адзіным лекарам, які пастаянна дзейнічае ў іх сэрцах, а праз іх і ў жыцці многіх блізкіх ім людзей...

Жалоба пасялілася ў доме Марыны і Рамана і запанавала ў іх сэрцах. Памерла іх малодшае дзіця, якое не дачакалася свайго першага дня нараджэння, а між тым павінна было быць іх радасцю і надзеяй. Яны маюць старэйшага пятнаццацігадовага сына, якога таксама вельмі любяць, але тое немаўля было іх асаблівай радасцю. Лёс жорстка абышоўся з імі. Бацька быў у глыбокім адчаі, а маці — струшчаная болем. Дні і ночы праводзіла яна каля свайго сыночка ў аддзяленні дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах. Марына ўспамінае:

— Калі я пачула дыягназ урачоў, ледзве не страціла прытомнасць. Для нас з мужам нібы святло ў душы згасла, але мы вырашылі змагацца да канца.

Шпіталі змяняліся адзін за другім, нязменнымі былі толькі бацькоўская любоў і малітва. Некалькі разоў пасля хіміятэрапіі дактары давалі надзею на тое, што дзіцяці становіцца лепш. Аднак пасля кароткага зацішша хвароба зноў нагадвала пра сябе. Марына і Раман вырашылі ахрысціць немаўля і з гэтай просьбай звярнуліся да мяне. У шпіталі я ўдзяліў маленькаму Яраславу сакрамэнты хросту і намашчэння хворых. Шчыра кажучы, я перажыў вялікае ўзрушэнне, бачачы сумныя вочы гэтага маленькага чалавечка. Хлопчык, у параўнанні з іншымі дзецьмі, быў вельмі спакойным. Мне здавалася, што ён усё разумее, а сум яго вачэй — гэта нішто іншае, як перажыванне за бацькоў. Нягледзячы на такі малы ўзрост, дзеці моцна адчуваюць эмацыянальны стан бацькоў. Марына пацвердзіла, што таксама адчувала ў той момант моцную сувязь з дзіцяткам і з Богам. Яна расказала, як аднойчы пакінула дзіцятка на адну ноч у шпіталі, бо вымушана была паехаць дадому, а калі вярнулася раніцай, у сына быў пульс 200 удараў у хвіліну. Узяўшы  на рукі , шаптала яму: «Сыночак, я не пакінула цябе, я з табою», і пульс адразу ж нармалізаваўся.

Я стараўся наведваць іх у шпіталі, мы шмат размаўлялі. Марына намагалася быць спакойнай, нават тады, калі хлопчыка змясцілі ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі. Аднак часта скрозь слёзы яна казала: « Не магу маліцца і  не разумею, што адбываецца: дзеці ж нараджаюцца, каб жыць, а не паміраць!» У такія моманты я не ведаў, чым дапамагчы, не хапала слоў, каб суцешыць боль і спыніць рыданне няшчаснай маці. Нічога не казаў у той момант, толькі маліўся да Маці Божай. Праз некалькі дзён дзіця забралі ў спецыялізаванае аддзяленне, а маці паведамілі, што яна можа ехаць да дому і пачынаць вучыцца жыць без сына. Рэакцыя Марыны была рашучай:

— Як я магу з’ехаць ад свайго хворага дзіцяці, як я магу здрадзіць і яму, і сабе?! Выходзіць, што толькі здаровыя дзеці нам патрэбныя, і толькі ім мы павінны дарыць сваю любоў. А што з тымі, якія паміраюць? Пакінуць адных? Не! Я застаюся і буду з ім да канца... Гэта мой крыж, і я павінна несці яго да канца!

Разуменне таго, што сітуацыя незваротная, прынесла бацькам яшчэ мацнейшы боль. Муж стараўся часта наведваць Марыну з сынам у шпіталі.  Рабілі гэта таксама сябры сям’і і знаёмыя па руху «Notr Dame», да якога яны належаць. Шмат людзей у той момант выказвала бацькам шчырую салідарнасць, і гэта  было для іх вялікай падтрымкай. У нашых з імі размовах я шчыра прызнаваўся, што не разумею, чаму такое здараецца, але ўпэўнены, што Бог побач з імі і не пакіне адных у гэтай трагедыі. Між тым Пан Бог увесь час даваў знакі сваёй прысутнасці. Марына пазней сама аб гэтым казала:

— Калі доктар паведаміў, што я павінна падрыхтавацца да самага горшага, адчай і роспач агарнулі маю душу, нібы цёмная ноч. Я пайшла да сыночка і трымала яго за малюсенькую ручку. На яго ложачку ляжала Біблія. Я наўзгад яе адкрыла і прачытала словы: «Не перашкаджайце дзецям прыходзіць да Мяне, таму што ім належыць Валадарства Нябеснае». Маё сэрца раптам напоўнілася спакоем. Было адчуванне, што я пачула голас Бога і што такая Яго святая воля. Паверце, гэта мяне вельмі падтрымала і ўзмацніла духоўна!

Неўзабаве пазваніў Раман і сказаў, што незразумелы спакой пасяліўся ў яго сэрцы. Потым, калі муж прыехаў, яны разам з жонкай селі каля ложка дзіцяці і маліліся. Вельмі цяжка было бацькам, але яны прамовілі: «Няхай будзе воля Твая, Пане, давяраем Табе нашага сына!» Увесь астатні час бацькі шапталі свайму сыночку, што вельмі любяць яго і будуць любіць заўсёды. Казалі, што там, з Богам, яму будзе лепш... Неўзабаве яго маленькае сэрца перастала біцца. Зямное жыццё сына Марыны і Рамана скончылася... Здавалася б, што ў такі момант павінны прыйсці роспач, крык, істэрыка. Аднак нічога гэтага не адбывалася. Быў боль развітання, і ў той самы момант бацькі адчувалі невытлумачальны супакой, які агарнуў іхныя сэрцы.

— Мы з мужам адчулі, што гэта не смерць, што наш сынок жыве з Езусам у Яго Валадарстве, — гаворыць Марына. — Гэта неверагоднае адчуванне жыве з намі па сённяшні дзень, нягледзячы на тое, што прайшоў ужо амаль год. Мы адчуваем сум, тугу і боль, што няма з намі дзіцяці цялесна. Няма дня, каб мы не гаварылі яму аб сваёй любові і пяшчоце, але гэта трагедыя нас не зламала. Не баюся сказаць, што яна нас нават узмацніла. Многаму мы таксама навучыліся: кахаць, цярпець, верыць, нягледзячы на жыццёвыя буры.

Гэты ўрок цярпення і болю пакінуў след не толькі ў сэрцах Марыны, Рамана і іх сям’і. Усе, хто нейкім чынам сутыкаўся з імі на гэтай пакутнай дарозе, нешта вынеслі і для сябе. Мяне больш за ўсё здзіўляла і здзіўляе іх глыбокая, сапраўдная вера. На пахаванні, калі плакалі нават мужчыны, Марына многіх суцяшала. Гэта было б немагчыма, калі б не было з імі Духа Суцяшальніка.

Цешуся, гледзячы на гэтую пару. Вельмі ўдзячны ім за сведчанне моцнай веры, за іх сужэнскую любоў, а таксама за глыбокую ўпэўненасць у тым, што  Божая воля і яе выкананне ў нашым жыцці — самае найважнейшае. Сёння, бачачы Марыну і Рамана, многія пытаюцца, адкуль яны бяруць столькі сілы і ўнутраннага супакою. Адказ гучыць так: « Іх дае нам Пан Бог праз наша памерлае дзіцятка».


Кс. Дзяніс Шастаковіч MSF 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней