Шлях да навяртання
20.09.2013|№ 11 (200) 2011|-

Добры дзень, паважаная рэдакцыя часопіса «Ave Maria». Вельмі ўдзячная вам за вашу працу і цудоўнае выданне, на старонках якога я заўсёды знаходжу шмат матэрыялаў для духоўных разважанняў. Кожны раз з вялікаю цікавасцю чакаю выхаду новага нумара часопіса і некаторыя артыкулы перачытваю па некалькі разоў. Мяне завуць Вольга. Можа быць, мой жыццёвы шлях дапаможа людзям, якія шукаюць Бога, хутчэй стаць на шлях навяртання.


Мне 29 гадоў, і маё рэлігійнае жыццё кораценька можна апісаць так...

З самага дзяцінства я хадзіла да касцёла кожную нядзелю і на святы, штодзённа чытала вечарам малітвы, амаль кожны месяц прыступала да споведзі і Камуніі, любіла ў размовах згадаць, што ў мяне пост і я не ўжываю мяса, і не хаджу на вяселлі. І ўвогуле была на 100% працэнтаў упэўненая ў тым, што я вельмі пабожная практыкуючая каталічка, падкрэсліваючы гэта ў стасунках з сябрамі. Я нават ганарылася сваёй набожнасцю. Усё маё жыццё ішло як па масле: добрыя бацькі, муж, адукацыя, праца, сябры і адпачынак. Адным словам, з кожным годам усё маё матэрыяльнае дабро павялічвалася. Я толькі паспявала ганарыцца сваімі поспехам ды ішла наперад па новыя перамогі.

Толькі год назад я сапраўды зразумела, што за маёй штучнай рэлігійнасцю хаваецца нешта зусім іншае. А менавіта: звычка, павярхоўныя адносіны, замкнутае, абыякавае да бліжняга сэрца і дары ад Пана Бога, якія я выкарыстоўваю толькі для бясконцага ўзросту свайго самалюбства.

Што здарылася? У маё жыццё прыйшло першае ўсвядомленае выпрабаванне. 1,5 года назад у нас нарадзілася дзіцятка. Сыночак прынёс вялікую радасць у наша жыццё, але так здарылася, што ён нарадзіўся алергікам. Я ніколі не сутыкалася з праблемамі алергіі і зусім не разумела, што гэта такое. Напачатку нават здавалася, што гэта нейкае непаразуменне, якое павінна было здарыцца ў кагосьці, але не ў нас. Аднак міналі дні, і я зразумела, што алергія перадаецца сыну праз грудное малако. Святая сувязь паміж маці і немаўлём — дар карміць сваё дзіцятка — праяўлялася сыпам і чырвонымі плямамі на скуры сына. Да ўсяго гэтага дастасоўваліся мае нервы, бясконцыя слёзы і дрэнны настрой. І чым далей, тым больш заводзілі мяне мае глыбокія перажыванні ў цемру безнадзейнасці і абыякавасці да сябе, мужа і сям’і. У пэўны момант я нават страціла радасць мацярынства.

Па-першае, я стала шукаць падтрымкі ў дактароў, спадзеючыся, што яны вось-вось падбяруць лякарства ад нашай хваробы. З аналізамі сына мы даехалі аж да Масквы. Але самае цікавае, што з чым я прыходзіла да доктара, з тым і выходзіла: аналізы добрыя, патрэбны час на аздараўленне, а што рабіць — невядома. Тады я пачала верыць у тое, што  дыета дапаможа нашаму сыну, і давяла гэту сітуацыю да таго, што пачала ўжываць усяго некалькі прадуктаў харчавання. Рацыён кормячай маці нельга было назваць збалансаваным. Я нават зграшыла супраць першай запаведзі «не май іншых Багоў, апроч Мяне», калі стала выкарыстоўваць так званы «маятнік» для падбору прадуктаў для сябе і сына.
І самае страшнае — у той момант я была ўпэўненая, што нічога дрэннага не раблю: што з таго, што нейкая энергія адказвае мне на пытанні? Вынік маіх асабістых намаганняў — страціла малако, цяжкі грэх на душы, і  ўсё тая ж алергія ў дзіцяці.

Але Божанька быў вельмі цярплівы і міласцівы да мяне. У адзін звычайны дзень я ўсім сэрцам зразумела, што сваімі ўласнымі намаганнямі альбо людской дапамогай я не магу зрабіць анічога... Адзіная мая надзея, адзіная сапраўдная падтрымка — Пан Бог Міласэрны!  З гэтай хвіліны я вырашыла маліцца кожную свабодную хвіліну, пастанавіла сабе чытаць Святое Пісанне, дататкова пачала чытаць духоўную літаратуру і пасціць. І да майго глыбокага здзіўлення ў мяне пачалі «расплюшчвацца вочы» на маю сапраўдную сутнасць. Я зразумела, што нічога з таго, што раней я прыпісвала да сваіх дасягненняў, не было маёй уласнай заслугай, а толькі вялікай ласкай Бога да мяне. Шмат чаго я атрымала ад Яго ў жыцці авансам. Мне нават пачалі сніцца сны, падчас якіх я бачыла людзей, якіх некалі пакрыўдзіла словам альбо ўчынкам. Вельмі часта ў сваіх снах я прасіла ў іх прабачэння. Пачалася сапраўдная барацьба ў душы: слёзы і перажыванні за сына і малітва аб магчымасці выправіцца і стаць на сапраўдны шлях навяртання. Спачатку я малілася толькі за сына, але з цягам часу прыйшло разуменне, што ёсць шмат людзей вакол мяне (родных і блізкіх, знаёмых і незнаёмых), якім таксама патрэбная малітва. Такім чынам я стала на шлях пошукаў сапраўднай Божай Любові.

І так здарылася ў маім жыцці, што на мінулую Вербную нядзелю я прыйшла на набажэнства ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі. Менавіта ў гэты дзень ксёндз Аляксандр, пробашч мінскай парафіі, праводзіў  рэкалекцыі. Падчас свайго казання ён прамовіў наступныя словы: «Я ведаю, адкуль усе вашы праблемы і што вам патрэбна зрабіць, каб выправіць сітуацыю. Па-першае, патрэбна прабачыць ад усяго сэрца ўсім і за ўсё. Па-другое, прайсці генеральную споведзь за ўсё сваё жыццё (і абавязкова падчас падрыхтоўкі да генеральнай споведзі запісваць усе грахі ў сшытак, каб як мага глыбей — са слязьмі на вачах — перажыць сапраўднае раскаянне). І, па-трэцяе, пасля споведзі папрасіць Святога Духа, каб Ён сышоў і запоўніў месца ў душы, падрыхтаванае толькі для Яго. Сышоў і застаўся там назаўсёды».

Праз дзве гадзіны разважанняў я выйшла з касцёла і на вуснах маіх гучала: «Alleluja! Божа, Ты пачуў маю малітву і даў мне сапраўдны план дзеяння. Дай мне сілы, калі ласка, скарыстаць з Тваёй міласэрнасці». З гэтага часу пачалася сапраўдная праца па падрыхтоўцы да споведзі. На працягу некалькіх месяцаў у свабодную хвіліну я брала ручку, сшытак і пачынала маліцца, каб Езус Хрыстус даў мне магчымасць успомніць усе свае грахі аж ад свядомай маладосці. Спачатку толькі паспявала занатоўваць, але з цягам часу спынялася, перачытвала не адзін раз і плакала ўсім сэрцам ад раскаяння. І ў пэўны момант мне стала сапраўды страшна ад таго, як д’ябал віртуозна можа засляпіць вочы пеляною надуманай безграхоўнасці і пабожнасці. Як ён спрытна хавае ўсе нашыя грахі ў самую глыбіню душы і цалкам сцірае голас сумлення адносна нашых думак, словаў і ўчынкаў. І калі мы дазваляем злому духу быць часткай нашага «патаемнага» жыцця, у пэўны момант самі перастаём заўважаць, што грэх перастае быць для нас грахом. А калі ў ім яшчэ і цяжка прызнацца, па-першае, сабе, а па-другое — святару, на споведзі пачынаюць гучаць агульныя выказванні альбо нават і на гэта не знаходзяцца сілы. Таму гэты час падрыхтоўкі быў напоўнены сапраўднымі разважаннямі, рахункамі сумлення і горкімі слязьмі.

Шмат было выпрабаванняў на гэтым шляху: муж страціў працу, трапіў у аварыю і г.д. Увогуле наша сітуацыя з боку выглядала прыкладна так: калі ты ішоў на повадзе ў злога духу — усё ў тваім жыцці было стабільна, а як толькі пачаў станавіцца на шлях збаўлення — пачаліся цяжкасці і змена кірунку ў жыцці. Але якія б цяжкасці не выходзілі нам насустрач, прыйшлі сапраўдная  ўпэўненнасць і адчуванне прысутнасці Бога ў кожным моманце жыцця (асабліва ў цяжкія хвіліны). Ён даваў нам сілы выйсці з кожнай складанай сітуацыі і пераменамі паказваў шлях да навяртання і выпраўлення памылак. І, аглядваючыся назад, яскрава бачыш, што Створца дае нам сапраўдны шанц выправіць сваё жыццё, пачаўшы яго з новага ліста — духоўнага. І сёння, знаходзячыся на шляху сапраўднага духоўнага станаўлення, не маючы ўсёй той раскошы матэрыяльнай, я ад чыстага сэрца магу сказаць, што маю шмат больш унутранага супакою, радасці і надзеі.

Генеральная споведзь прынесла мне вялікую радасць поўнага ачышчэння і разам з тым вялікую надзею на пачатак новага жыцця з Богам у сэрцы. Я ніколі не забуду, як сядзела са сваім сшыткам у чарзе на споведзь і адна жанчына спыталася: ці сапраўды я прыйшла на споведзь свайго жыцця? Пачуўшы станоўчы адказ, яна вельмі здзівілася: «Вы такая маладая, няўжо Вам ёсць што сказаць?» На жаль, ёсць!

Пасля споведзі ксёндз Аляксандр прапанаваў мне апісаць мой шлях пошукаў Бога. Але я спачатку думала, што зраблю гэта, калі жыццё маёй сям’і наладзіцца: будуць пэўныя прыклады бачных поспехаў у «новым жыцці». Потым зразумела, што нашае духоўнае і матэрыяльнае станаўленне, як і аздараўленне сына, — гэта штодзённая праца, якая вядзе нас да збаўлення. Сапраўды, будзе яшчэ шмат добрых і шчаслівых момантаў, таксама як і шмат спакусаў і выпрабаванняў.

Калі мы купляем крыжык, каб насіць яго на шыі, мы звычайна выбіраем у краме найпрыгажэйшы. Але ці заўсёды мы маем сілы штодня браць свой жыццёвы крыж і ісці наперад? Вядома ж, не! Таму я малюся: «Пане Божа, дай нам, калі ласка, сілы, нягледзячы на ўсе спакусы гэтага свету, заўсёды бачыць Цябе наперадзе і вучыцца хадзіць Тваімі вузкімі сцежкамі».

Я бясконца ўдзячная ксяндзу Аляксандру, які паказаў мне, з чаго я павінна распачаць сваю духоўную працу, удзяліў мне сакрамэнт споведзі і паблагаславіў на дальнейшае жыцце з Богам у сэрцы.


З павагаю — Вольга, Мінск.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней