Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Ліст, якім мы адкрыем сённяшні агляд, пачынаецца так: «Звяртаюцца ў рэдацыю любімага часопіса вернікі парафіі касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску, каб падзяліцца сваёй радасцю». Цудоўна, калі нехта хоча падзяліцца радасцю, ці не так? Чытаем далей: «11 верасня 2011 года ў нашым касцёле і ў жыцці многіх вернікаў адбылася вялікая падзея — мы прынялі сакрамэнт бежмавання з рук Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Сапраўднай радасцю свяціліся вочы не толькі падлеткаў і маладых людзей, прымаючых сакрамэнт, але і сталых  вернікаў. Для некаторых з іх гэта сапраўдны цуд, асабліва для тых, у каго не было магчымасці калісьці атрымаць сакрамэнт святога хросту ў родным касцёле. Мы вельмі  ўдзячныя сястры Аўгустыне, якая дапамагала падрыхтавацца вернікам да сакрамэнту канфірмацыі, і няхай прыме ад нас нізкі паклон наш пробашч ксёндз Юры Быкаў за яго нястомную працу, за Божае слова з яго вуснаў на прыгожай роднай мове, за духоўнае выхаванне дзетак, моладзі і дарослых вернікаў». Дарэчы, пра гэту падзею ўжо пісаў Віктар Маліноўскі ў мінулым нумары нашага часопіса.

Допіс з Глыбоччыны ад імя парафіянаў касцёла святога Язафата напісала Часлава Вышадка: «Хочам перадаць наша гора і радасць у сваім лісце. Пакуль у нас не было сталага святара, цэлебраваць Імшу прыязджалі ксяндзы з розных касцёлаў. Нарэшце прыехаў ксёндз Павел Самсонаў, які адпрацаваў у нас пяць гадоў, пасля чаго нашага дарагога святара  паслалі ў іншую парафію. Гэта вельмі засмуціла нас, але ў хуткім часе да нас прыехаў таксама малады святар Генадзь Рэшальд, і мы вельмі ўдзячныя Пану Богу за тое, што Ён нас не пакідае. Мы вельмі любім  свайго святара...» Вось тут мы і спынімся, бо далей  парафіяне віншуюць ксяндза з днём нараджэння, які даўно прамінуў. Няма сумневу, што ў гэты дзень віншаванні былі выказаны асабіста.

З Верхнядзвіншчыны прыйшоў ліст ад Галіны Плюшчык. «Пішу да вас з нагоды таго, што  наш духоўны настаўнік
і сябар ксёндз Тадэвуш Кавальскі 14 лістапада сустракае свой 50-гадовы юбілей. Ён вельмі сціплы чалавек, таму я скажу кораценька — гэта самы сапраўдны святар, які і павінен служыць Богу. Паважаны айцец Тадэвуш, прыміце з гэтай нагоды малітву за Вас ад усіх парафіянаў Верхнядзвіншчыны з просьбай аб Божым благаслаўленні на доўгую службу Богу і людзям, аб апецы Маці Божай ва ўсіх справах, спасланні Духа Святога. Моцнага вам здароўя і сто гадоў жыцця».

З той жа нагоды даслала ліст Ванда Дзенісенка з Ельска. У ксяндза Вінцэнта Сеўрука з касцёла Узвышэння Святога Крыжа, што ў Нароўлі, 28 лістапада будзе дзень нараджэння. Яму спаўняецца 30 гадоў. «Католікі Ельска віншуюць ксяндза Вінцэнта ў гэты дзень і дасылаюць свае самыя лепшыя пажаданні. Хай усе вернікі, якія ведаюць святара, памоляцца за яго ў гэты дзень і падзякуюць Пану Богу за тое, што ён у нас ёсць, прыходзіць да нас і нясе слова Божае, святло, надзею і радасць у іх хаты. Паважаны ксёндз Вінцэнт, хай Вам сустракаюцца толькі добрыя людзі і зычлівыя вернікі. Роўных Вам Божых сцежак на Вашым святарскім шляху! А мы, парафіяне, заўсёды памятаем Вас, чакаем і сумуем, калі Вас няма». Далей спадарыня Ванда расказвае пра свой край, пра Ельск, пра духоўнае жыццё ў гэтых мясцінах: «Католікі Ельска разам з ксяндзом Вінцэнтам моляцца да Бога і просяць у Яго, каб гэты занядбалы ў духоўным плане куточак Палесся, дзе няма касцёлаў, як мага хутчэй адрадзіўся, каб больш людзей павярнулася да Бога... Сёння мы молімся ў прыватных дамах разам са сваім святаром, гэта пакуль добра, але нам вельмі патрэбны касцёл, і вернікі клапоцяцца пра гэта... Ёсць пачатак, будзе і працяг, за ўсё дзякуй Богу!»

Вернікі Падсвільскай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса віншуюць свайго шаноўнага пробашча ксяндза Андрэя Куліка з імянінамі і жадаюць яму Божага благаслаўлення, натхнення і радасці ў душпастырскай працы.

Станіслаў Антонавіч Шыманоўскі са Слуцка заўважыў, што гэты нумар часопіса юбілейны, бо ён ужо 200-ы. Дзякуй нашаму чытачу, бо самі мы, занятыя працаю, юбілеяў сваіх не заўважаем...

Багатая наша сённяшняя пошта на віншавальныя допісы, аднак у жыцці здараюцца і сумныя часіны: людзі не толькі нараджаюцца, але і паміраюць. Аб гэтым нагадвае ліст, што прыйшоў да нас па электроннай пошце. «Рымска-каталіцкая парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Марыі ў Фаніпалі выказвае спачуванне ксяндзу магістру Сяргею Дабрагосту з прычыны смерці яго бацькі». А рэдакцыя нашага часопіса выказвае глыбокае спачуванне ксяндзу Дзянісу Шастаковічу, бацька якога таксама адышоў у вечнасць, і пробашчу белагрудскай парафіі св. Міхала арханёла ксяндзу Рышарду Пэрчаку, у якога памерла маці. Вечны адпачынак дай памерлым, Пане...

Вера Галубовіч

Цэтлікі: Агляд пошты

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней