Для таго, каб пасля кожнага нашага падзення мы маглі падымацца і ісці наперад, мы павінны адважыцца на пастаянную малітву. Яна не можа быць справай выпадку — яна мусіць падначальвацца пэўным выпрацаваным правілам. Таму хачу падзяліцца з вамі, як я праводжу свае штодзённыя тры гадзіны перад Панам і як Бог дапамагае мне ўзрастаць у малітоўным жыцці.
Напачатку, як толькі прыходжу ў капліцу, я праслаўляю Бога. Праслаўляю Яго і дзякую Яму за тое, што Ён стаў Панам майго жыцця і крыніцай збаўлення.
Езус сказаў: «Калі гэтыя замоўкнуць, то камяні гукаць будуць» (пар. Лк 19, 40). Калі часам табе будзе цяжка праслаўляць Бога, выкарыстай псальмы — яны напоўнены праслаўленнем.
Дзякуючы такой малітве я адкрыла для сябе, што праслаўленне Бога вызваляе ад клопату штодзённасці і дапамагае адкрыцца на дзеянне Духа Святога. Ніхто з нас не можа быць механічным радыёапаратам — ніхто не зможа проста «выключыць» у сабе тое, што рабіў хвіліну назад, і адразу ж заглыбіцца ў Бога. Усе мы нясем з сабою на малітву тое, што робім на працягу дня, а таксама «валачэм» падзеі ўсяго жыцця. Калі прыходзім з такім грузам на малітву, мусім падаць яго Пану ў духу праслаўлення, бо толькі тады ўсё гэта не будзе нам перашкаджаць маліцца.
Потым чытаю Святое Пісанне. Веру, што ўсё напісанае ў Божым слове, асабліва штодзённыя імшальныя чытанні, з’яўляецца для кожнага з нас пасланнем. Часта думаю, што хтосьці дзесьці на зямным шары акурат у гэтую хвіліну таксама чытае гэтыя словы і, магчыма, перажывае навяртанне.
Для мяне няма лепшага спосабу заставацца ў еднасці з думкай і духам Касцёла, чым разважанне над штодзённымі чытаннямі са Святога Пісання. Чытаю іх па некалькі разоў, а потым імкнуся зірнуць на сябе ў кантэксце прачытаных фрагментаў, каб зразумець, што яны кажуць менавіта мне.
Малюся таксама на ружанцы, а потым проста сяджу і размаўляю з Езусам. Калі мы размаўляем з нейкім чалавекам, то, безумоўна ж, глядзім на яго. Ведаю, што для многіх з нас цяжка пастаянна ўсведамляць, што Езус побач, што Ён таксама глядзіць на нас і слухае нас. Таму і маем у нашых пакоях крыж, абразы. У мяне, напрыклад, ёсць прыгожы абраз Аблічча Езуса, і часта на малітве я проста гляджу на яго, гэта дапамагае размове. Надзвычай важна — навучыцца размаўляць з Богам і навучыцца Яго слухаць. Тады Бог усё часцей і часцей пачне прамаўляць да нас. Святая Тэрэза з Лізье нагадвае: «Толькі глядзі на Яго». Гэта прыгожы шлях малітвы.
Ніхто, апроч Езуса, не навучыць нас маліцца. Ёсць шмат кніг, шмат напісана артыкулаў пра малітву. І ўсё ж галоўная цяжкасць для верніка ў тым, каб рэгулярна, з дня ў дзень прысвячаць малітве пэўны свой час, быць заўсёды гатовым сесці разам з Езусам і слухаць Яго.
Заўважым, што Езус не толькі вучыў апосталаў, але таксама проста браў іх з сабою на малітву, не шкадаваў для гэтага часу. Сапраўдная малітва пачынаецца тады, калі мы не шкадуем для яе часу.
Падрыхтавала
Ірына Жарнасек.
Паводле кнігі манахіні Брыдж МакКена OSC «Каб верылі».

