Першая нядзеля Адвэнту — 27 лістапада 2011 г.
Чытанні: Іс 63, 16b–17. 19b; 64, 2b–7 Пс 80(79), 2аc і 3b. 15–16. 18–19 1 Кар 1, 3–9
Евангелле паводле Марка 13, 33–37

Глянь на сабаку прывязанага ля крамы
думае пра свайго пана
і парываецца да яго
на дзвюх лапах чакае
пан яму падворак луг лес дом
вачыма за ім бяжыць
і хвастом журыцца

пацалуй яго лапу
бо вучыць як Бога чакаць

            (кс. Ян Твардоўскі, пер. Ю. Шэдзько)

Ці я сумую па Табе? Ці думаю пра Цябе? Ці парываюся да Цябе? Ці Ты з’яўляешся маім домам, сям’ёю, Айцом, сябрам? Ці, калі Ты прыйдзеш напрыканцы, я буду скакаць ад радасці? Ці я, калі пачую Твой голас, захачу Цябе слухаць?

Адкуль гэты верш? Адкуль гэтыя пытанні? Адказ — гэта Адвэнт. Дазвольце крыху растлумачыць, што гэта першая нядзеля Адвэнту з’яўляецца для нас, хрысціянаў, пачаткам новага года. Гэта даволі дзіўны пачатак, бо адкрываецца чаканнем прыезду караля, пераможнага валадара. Слова «адвэнт» значыць менавіта «прыбыццё пераможцы». І тыя самыя словы мы чуем сёння з вуснаў Езуса: «Прыйдзе гаспадар дому <…> кажу ўсім: чувайце!» Гэты гаспадар, пераможны кароль і валадар — Хрыстус. Яго мы чакаем.

Паглядзім. Гэта не немаўлятка, што ляжыць у яслях, не той, кім трэба апекавацца. Гэта ўжо адбылося, наш Пан ужо нарадзіўся, ужо пабыў бездапаможным дзіцём. Езус, якога мы чакаем, — дарослы мужчына, валадар, пераможца.

Каго Ён перамог, у каго выйграў? Пераможаная смерць, наш грэх, нашая слабасць. Калі Пан нарэшце прыбудзе, споўняцца словы з кнігі Апакаліпсісу: «І вытра кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула» (Ап 21, 4).

Ці мы хочам жыць у свеце, дзе ніхто не памірае, ніхто не плача, дзе няма пакутаў? Калі так, Адвэнт — гэта час, калі варта крычаць з усёй моцы, на ўвесь голас: «Прыйдзі, Пане Езу!» І мы пачуем Яго адказ: «Прыйду неўзабаве».


Айцец Тамаш Міка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней