Каплічка ў бальніцы

У вашым часопісе (№ 5–6 за 2011 год) я прачытала артыкул пра глыбоцкую бальніцу. Гэты артыкул мяне вельмі крануў. Мне хацелася б расказаць пра бальніцу, што знаходзіцца ў горадзе Мядзел, дзе таксама, як і ў глыбоцкай бальніцы, кожную нядзелю цэлебруецца святая Імша і адбываецца яна ў каплічцы, зробленай у гэтым шпіталі. Святар пастаянна прыходзіць маліцца, спавядаць, аказваць духоўную дапамогу тым, хто мае ў ёй найбольшую патрэбу. Арганізавалі гэтую каплічку з дазволу кіраўніцтва бальніцы святары з нашай парафіі — кс. Павел Ляліта і кс. Юры Кулай.

А пачалося ўсё з малога. Каля сямі гадоў назад кс. Раман Новак, які праводзіў літургію ў мядзельскай парафіі, спачатку адзін раз на месяц, потым два разы на месяц (у першую і трэцюю пятніцы) прыязджаў у шпіталь, спавядаў людзей, якія знаходзіліся ў ім на лячэнні. З прыходам у нашу парафію айца Паўла Ляліты наведванне хворых пачалося кожную пятніцу месяца. Амаль кожны месяц у кабінеце намесніка галоўнага ўрача збіраліся хворыя на святую Імшу. А ў 2010 годзе, дзякуючы намаганням нашых святароў Паўла Ляліты і Юрыя Кулая і са згоды галоўнага ўрача бальніцы Г. А. Русака, у мядзельскай бальніцы з’явілася каплічка. Кожную нядзелю ў капліцы адбываецца святая Імша, на якую збіраюцца не толькі хворыя, якія могуць хадзіць, а нават вернікі з бліжэйшых дамоў і супрацоўнікі бальніцы.

Мы вельмі ўдзячныя кіраўніцтву бальніцы за разуменне і дапамогу ў адкрыцці каплічкі. Мы вельмі ганарымся нашай каплічкай і дзелімся аповедам пра яе з чытачамі часопіса, каб людзі ведалі, як мы даражым сваёю святыняю і тым, што дзверы шпіталя, як і душы людзей, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, заўсёды адкрытыя для Бога.

Для многіх вернікаў, асабліва нямоглых, каплічка ў бальніцы — гэта адзінае месца, дзе яны могуць сустрэцца з Богам.


Альфрэда Апанасевіч, г. Мядзел.

Цэтлікі: Нам пішуць

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней