Малая базыліка ў Гродне

Ad majorem Dei gloriam — так пробашч гродзенскай малой базылікі Ян Кучынскі назваў альбом, складзены да ўрачыстасці адкрыцця і асвячэння адноўленага і адрэстаўраванага галоўнага алтара гродзенскага катэдральнага касцёла імя святога Францішка Ксавэрыя. У перакладзе гэта азначае «Дзеля большай хвалы Божай» — такі дэвіз ордэну езуітаў… Гэты цудоўны альбом, выдадзены ў выдавецтве «Про Хрысто» менш, чым за месяц, увянчаў усю цудоўную падзею аднаўлення галоўнага алтара, наблізіў да нашых вачэй тыя цудоўныя фігуры, да якіх мы молімся ў аддаленні на працягу нашага шчаслівага малітоўнага прабывання на зямлі… Паліхромія твараў, рук, босых ног і ўсіх постацяў святых надае драўляным фігурам форму і статус абразоў. Гэта цуд, гэта містыка! Цяпер наш касцёл пры мне дома. Вобраз Езуса, які благаслаўляе; натхнёны вобраз святога Францішка Ксавэрыя, увесь апостальскі рад, фігуры евангелістаў у другім радзе і чатыры фігуры жанчын, якія ўводзяць у наш касцёл чатыры кантыненты, — цяпер я трымаю ўвесь час іх перад вачыма. І асабліва апостала Сымона з яго атрыбутам-пілой — з ім я сумаўлялася ў часе святой Імшы, бо я сябрую з Казімірам Місюрам, які стварыў фігуру апостала Сымона з ліпы як зусім уласны твор разьбы, не змарнаваўшы ўсёй гармоніі апостальскага раду, такі далікатны і бясспрэчны цуд мастацкай дасканаласці, таленту ад Бога!

Адкрыццё і благаслаўленне арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам сумесна з усімі біскупамі Беларусі, з святарамі і вернікамі, з выканаўцамі, фундатарамі алтара адбылося ў свята Маці Божай Кангрэгацкай, Апякункі катэдры, 5 жніўня а 12-й гадзіне. Перад Эўхарыстыяй адбывалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якой удзельнічалі малітоўныя суполкі ўсіх парафій Гродна.

Згадаю, што ў 1737 годзе галоўны алтар барочнай формы быў выразьблены Ёганам Шмітам і яго майстрамі. Чамусьці тады не змаглі давесці да канца першапачатковы план паліхроміі і пазалоты алтара. Нейкі час алтар стаяў не памаляваны, а ў 1844 годзе фігуры былі пафарбаваныя ў белы колер, калоны таніраваныя пад светлы мармур, плоскія ўзоры — пад цёмны… Так галоўны алтар і цешыў вочы ўсіх, хто прыходзіў у касцёл да Бога або з цікаўнасці. І так яго падмалёўвалі некалькі разоў…

Нарэшце касцёл атрымаў статус малой базылікі, стаўшы катэдрай  Гродзенскага ардынарыя. Біскуп Аляксандр Кашкевіч прызначыў пробашчам маладога, адукаванага і энергічнага ксяндза Яна Кучынскага…

У ноч з 12 на 13 ліпеня 2006 года ў алтары здарыўся пажар, які хутка патушылі, але было знішчана левае крыло — адна чацвёртая частка алтара: два апосталы — Тамаш і Сымон, святы Самуэль і святы Амброзій, анёлак, калоны, дэкаратыўныя ажурныя ўпрыгожанні. Былі пашкоджаныя таксама іншыя скульптуры і дэталі алтара, а калі да іх прыгледзеліся зблізку, то аказалася, што і час пакінуў свой след: у драўляных скульптураў назбіралася шмат розных «хваробаў», якія трэба было лячыць…

Сажа ад пажару асела на скляпеннях і сценах, на ўсім інтэр’еры касцёла, таму адразу пачалі рамонт. Для рамонту скляпенняў была зроблена адмысловая «столь» з поліэтыленавай плёнкі. І набажэнствы ў касцёле не перапыняліся…

Пяць гадоў ішла рэстаўрацыя ўсяго алтара…

Разьбяр з Воранава, Казімір Місюра, зрабіў галоўную работу — выразьбіў скульптуру апостала Тамаша. Але твар апостала пажар пакінуў не кранутым, дакладней маску — вочы, нос і вусны… Гэты твар містычным спосабам прыклеіўся да новай постаці святога… Скульптуры апостала Сымона і святога Самуэля Казімір выразьбіў цалкам нанава з ліпы. Перад тым як прыступіць да галоўнай творчай работы, бацька і сын Місюры выразьбілі шмат пластычных частак, дэкаратыўных узораў…

...Казімір Місюра ідзе праз сквер да касцёла, дзе яго чакаюць журналісты і сябры, а мне здаецца, што Ёган Шміт быў такі ж, як ён, сціплы, хударлявы. Майстар Казімір кажа: «Цяжка было ўвайсці ў вобраз, схапіць стыль таго часу. Цяпер класічная школа разьбярства змянілася… Мы вучыліся ў майстроў Сярэднявечча, гладзілі іх творы рукамі, шмат нам дапамог пробашч, які сам усё ўмее і адчувае… Хацелася не нашкодзіць, а зрабіць так, як яны ўмелі, і крыху лепш з улікам вопыту стагоддзяў…

Ігар Місюра, які выразьбіў скульптуру святога Амброзія, кажа: «Калі мы ўжо ўрасліся ў іх стыль, адчулі сябе адной творчай групай, адным пленэрам з майстрамі Шміта, было ў нас з бацькам такое адчуванне, быццам мы апынуліся ў тым 1737 годзе, а было і такое — быццам тое стагоддзе ажыло ў нашай майстроўні…

Пробашч Ян Кучынскі гаворыць: «Я два гады працаваў пробашчам, але не ведаў, з чаго пачынаць рамонт касцёла. Звярнуўся да Бога, прасіў: „Божа, дапамажы мне, падкажы, як пачаць гэтую вялікую святую работу дзеля большай Тваёй хвалы!” І праз два дні здарыўся гэты пажар. Болей я не турбую Бога, каб мне падказваў, з чаго пачынаць, — раблю сам… Чалавек ахвотна прымае ад Бога тое, што лёгкае. Але Бог мае свае планы і намеры, звязаныя з тым, што часам аказваецца для нас вельмі цяжкім. Сёння, пасля завяршэння асноўных працаў па рэстаўрацыі алтара, мы можам сказаць, што ва ўсім гэтым была рука Божая…»

На ўрачыстым адкрыцці заслоны ў часе святой Эўхарыстыі, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі ў супольнасці з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам і ўсімі біскупамі Беларусі, ксяндзамі Гродзеншчыны, у прысутнасці айцоў і сёстраў законных, семінарыстаў, гасцей, тых майстроў сталярскіх, разьбярскіх, малярскіх працаў, не прысутнічалі толькі майстры залачэння з Вільні Люцына і Віктар Даманскія… Мы пачулі імёны фундатараў сродкаў на ўсе гэтыя складаныя творчыя дзействы, шматлікіх ахвярадаўцаў… Усім склалі падзяку, за ўсіх маліліся і прымалі Камунію шматлікія вернікі нашай парафіі… Яго Эксцэленцыя Тадэвуш Кандрусевіч сказаў хвалюючае казанне, у якім працытаваў вельмі прыгожую, удзячную «Песню Марыі»: «Велічае душа мая Пана...»

У канцы ўрачыстасцяў віншавалі прадстаўнікі гарадскіх уладаў: быў прачытаны ліст ад губернатара вобласці, гучалі словы ад галоўнага фундатара на працягу ўсёй рэстаўрацыі — Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча.

...Сёння горад Гродна выглядае пад мірным небам крыху інакш — святлей, чысцей, дасканалей. Да сонечных промняў далучыліся залатыя промні адноўленага алтара малой базылікі.

Заходзьце, госці і выпадковыя турысты, дзівіцеся, якія мы шчодрыя, багатыя і таленавітыя, якія несмяротныя нашы продкі — пад ясным небам ззяе золатам іх талент, які яны пакінулі дзеля хвалы Бога для нашчадкаў…

На ўсе будучыя стагоддзі.


Данута Бічэль

{gallery}199-03{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней