14 верасня ў горадзе Узда, каля касцёла Узвышэння Святога Крыжа, быў урачыста асвечаны помнік ненароджанаму дзіцяці. Свята Узвышэння Святога Крыжа найлепш адпавядала гэтай падзеі, бо помнік зроблены ў выглядзе крыжа, на якім рукі Пана Бога трымаюць ненароджанае дзіцятка.
На ўрачыстасць сабралася 9 святароў і мноства вернікаў — мясцовых і з іншых рэгіёнаў. Напачатку пробашч уздзенскай парафіі ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF правёў набажэнства на ўшанаванне Святога Крыжа, якое многія прысутныя ў касцёле перажывалі са слязьмі на вачах. Затым адбылася святая Імша, якую цэлебраваў айцец Пётр Бялевіч ОМІ, пробашч парафіі святых Пятра і Паўла, а таксама святога Яўгена ў Мінску, душпастыр сем’яў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гамілія а. Пятра была вельмі ўзрушальнай і нагадвала мініспектакль. На прыкладзе сям’і сваіх бацькоў, якія нарадзілі і выгадавалі сямёра дзяцей, святар красамоўна паказаў радасць шматдзетнай сям’і і жахлівасць таго, што нехта з гэтых дзяцей мог бы не нарадзіцца...
Напрыканцы святой Імшы ўсе вернікі на чале са святарамі выйшлі на вуліцу да помніка ненароджанаму дзіцяці. Перад тым, як яго асвяціць, айцец Пётр сказаў: «Да мяне яшчэ 5 гадоў таму звярнуліся легіянеры Марыі з прапановай паставіць у Мінску такі помнік. Я спрабаваў, але нічога не атрымлівалася, было вельмі шмат перашкодаў. І вось цяпер гэты помнік паўстаў тут, пры уздзенскім касцёле. Гэта невыпадкова. Менавіта гэтае месца заслужыла такую ласку. Я нізка кланяюся айцу Дзянісу за яго адважнасць і руплівасць у вырашэнні гэтай высакароднай справы. Веру, што цяпер такія помнікі будуць з’яўляцца на Беларусі ўсё часцей...»
Легіянеры Марыі і ўсе людзі добрай волі таксама вераць, што такія помнікі будуць часцей з’яўляцца ў розных кутках нашай краіны. Яны проста неабходныя! Гэта знак нашага пакаяння за ўчыненыя забойствы ненароджаных дзяцей. Гэта сведчанне таго, што ненароджанае дзіця нічым не адрозніваецца ад народжанага. А таксама гэта — своеасаблівая сімвалічная брацкая магіла ўсіх ненароджаных дзетак.
Адразу ж пасля асвячэння помніка каля яго з’явіліся запаленыя знічы і кветкі. Многія жанчыны на каленях, са слязьмі перапрашалі Бога і сваіх ненароджаных дзяцей за ўчыненае зло аборта. Потым у размове паміж сабою яны гаварылі, што ўжо ведаюць, куды ім ісці і ехаць да сваіх ненароджаных дзетак у Дзень успаміну памерлых.
Помнік узводзіўся на сродкі ўсіх, у каго баліць душа за справу абароны ненароджаных дзяцей. Ксёндз Дзяніс Шастаковіч выказвае шчырую падзяку людзям, якія матэрыяльна і малітоўна садзейнічалі гэтай высакароднай справе. Асаблівая падзяка пробашчу мінскай архікатэдры ксяндзу Антонію Клімантовічу, які арганізаваў збор сродкаў у сваёй парафіі (менавіта гэтыя сродкі склалі пераважную большасць).
Нагадваем, што і надалей застаецца вельмі актуальнай малітва ў інтэнцыі выратавання ненароджаных дзяцей.
Галіна Горская