Дзякуем за службу
19.09.2013|№ 10 (199) 2011|-

Хвала Хрысту!

Паважаная рэдакцыя часопіса «Ave Maria»! Вітаюць вас вернікі касцёла святой Ганны, што ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Нашу мясцовасць ведае бадай што кожны католік і хаця б раз у жыцці ён наведаў нашу вёску. Але час ідзе, адыходзяць у вечнасць людзі, адышоў і святар, які шмат гадоў працаваў у Мосары. Наша парафія ўступіла ў новы перыяд свайго жыцця, і мы ўдзячныя Богу за тое, што Ён накіраваў да нас маладога, руплівага, адданага Касцёлу святара — Аляксея Юркайця. Яшчэ няма і года, як ён да нас прыехаў, а здаецца, што прайшло шмат часу. І за гэты маленькі адрэзак часу ён стаў для нас такі родны, што ідзём мы ў касцёл са слязьмі радасці на вачах і дзівімся, што такі малады святар прамаўляе такія мудрыя, шчырыя, павучальныя казанні. Мы вельмі ўдзячныя яму яшчэ і за тое, што ён дапамагае нам захоўваць памяць пра былога святара, вечнай памяці ксяндза Юзафа Бульку. Усё, што стварыў кс. Юзаф Булька, беражэ кс. Аляксей і стараецца зрабіць яшчэ больш прыгожым.

Ксёндз Аляксей найбольш праяўляе сябе як духоўны айцец парафіі. Наш пробашч прадаўжае змагацца за цвярозасць. У першую суботу кастрычніка, у гадавіну закладкі алеі цвярозасці, ён правёў малітоўнае чуванне за цвярозасць, асвяціў фігуру Езуса церпячага, правёў сустрэчу з ананімнымі алкаголікамі. А як ён з намі маліўся ў нядзелю, прысвечаную Маці Божай Вастрабрамскай! Як прыгожа і ўзнёсла маліліся святары, якіх ён запрасіў, у капліцы пры адкрытых вокнах! А на свята Божага Нараджэння акрамя, як заўсёды, шчырых, глыбокіх малітваў ён парадаваў і дзяцей, і дарослых сустрэчаю са святым Мікалаем. Падчас святаў ён арганізаваў наш маленькі «мясцовы Карытас» для тых, хто знаходзіцца ў вялікай патрэбе. Ксёндз ужо пабываў у кожным доме з душпастырскім візітам, з усімі пазнаёміўся, паразмаўляў і цяпер наведвае адзін раз у месяц тых, хто ужо не ў стане прыходзіць у касцёл, цэлебруе святую Імшу, спавядае, прывозіць Камунію.

У нашай святыні знаходзяцца рэліквіі святога мучаніка Юстына, якія маюць вялікую гісторыю, а ягонае свята адзначаецца 1 чэрвеня. Ксёндз Аляксей так аддана і добрасумленна папрацаваў, што адбылося не толькі малітоўнае чуванне, але і была магчымасць атрымаць малітоўныя кніжачкі і абразкі з выявай святога Юстына. Гучалі таксама рэлігійныя спевы групы «Небасхіл», якую запрасіў з Мінска наш ксёндз. А колькі сілаў і часу ён прысвяціў працы над помнікам на магіле святой памяці кс. Юзафа Булькі: дапамагаў і прасіў, і раіўся з намі. І вось з’явіўся помнік — прыгожы, велічны, як і справы адышоўшага ў вечнасць святара. Нашу ўдзячнасць яму нельга выказаць словамі: мы захапляемся яго справамі, дзівімся з яго працаздольнасці і няспынна дзякуем Богу за такі дар для Мосара.

Мы жадаем яму моцы на нялёгкім святарскім шляху. Няхай Маці Божая апякуецца ім, а Пан Бог умацоўвае і шчодра адорвае сваімі ласкамі і надалей, а мы будзем за яго маліцца.


Парафіяне касцёла
святой Ганны з вёскі Мосар.

Цэтлікі: Нам пішуць

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней