Усе мае 16 гадоў святарства звязаныя з Яго Эмінэнцыяй ксяндзом кардыналам Казімірам Свёнткам. Памятаю, калі ён, у час майго навучання яшчэ арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі і Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі, прыязджаў у семінарыю ў Гродна і размаўляў з клерыкамі. Яго было вельмі цікава слухаць, бо ў кожным клерыку ён бачыў будучага святара. Паколькі ксёндз кардынал перажыў часы пераследу Касцёла, ён вельмі цаніў кожнае пакліканне і маліўся, каб яно прынесла багаты плён.
Памятаю, калі ён удзяляў мне святарскае пасвячэнне, — а гэта было ў катэдры, якая яшчэ ў той час рамантавалася, — напрыканцы сакрамэнту я ўбачыў у яго на твары слёзы радасці ад таго, што нарадзіўся новы святар... І так было кожны раз, калі ксёндз кардынал удзяляў сакрамэнт святарства. Ён радаваўся, што дачакаўся тых часоў, калі касцёлаў і святароў становіцца больш, калі пачала працаваць Гродзенская семінарыя, а пасля дзякуючы яго старанням адчынілася Пінская. Сапраўды, ён вельмі цаніў святарства. Нават калі святар меў пэўныя праблемы, ксёндз кардынал усё адно шанаваў святара ў гэтым чалавеку і стараўся яго ўратаваць, дапамагчы, да кожнага падысці з разуменнем, з бацькоўскай любоўю. У нейкім сэнсе ён з’яўляецца бацькам майго святарства. Дзякуючы яму я меў прыклад мужнага святара, які, перажыўшы камеру смерці, лагеры, пераследы, застаўся для ўсіх сапраўдным сведкам веры, чалавекам малітвы.Ён радаваўся, як дзіця, калі рэстаўравалася катэдра. Залазіў на рыштаванні, назіраў, як адкрываліся фрэскі, і перажываў за кожную працу, якая тут вялася... Калі была рэкансэкрацыя катэдры, ён з вялікаю радасцю ўціраў алей у алтар... Менавіта дзякуючы яму быў адноўлены гэты касцёл. Зразумела, многія людзі ўклалі ў гэтую справу сваю працу і намаганні, ахвяравалі шмат малітваў, але менавіта дзякуючы кардыналу былі знойдзены патрэбныя сродкі на аднаўленне галоўнай святыні Беларусі.
Ксёндз кардынал казаў, што ў яго ёсць тры мары, якія ён хацеў бы ажыццявіць: адбудаваць мінскую архікатэдру, адчыніць семінарыю ў Пінску і дачакацца беатыфікацыі Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Дзве яго мары здзейсніліся... Думаю, здзейсніцца і трэцяя, для яе патрэбны толькі час і малітва.
Ксёндз кардынал быў незвычайным чалавекам, які вельмі шмат мог у сабе змясціць. Калісьці ён захапляўся паляваннем. Распавядаў, што хадзіў на цецерукоў, на качак. Разам са сваім сабакам Асам сядзеў у стозе сена і чакаў, калі з’явяцца цецерукі. Ён захоплена пачынаў здымаць іх на відэастужку — мантаж гэтай стужкі быў, дарэчы, зроблены вельмі прафесійна. У наш час змантаваць фільм ужо вельмі проста: ёсць адпаведная тэхніка і сродкі. Тады гэта былі аматарскія здымкі, але ў яго фільме адзін кадр плаўна змяняўся другім, што на той час зрабіць аматару было вельмі складана... Сам кардынал не раскрываў сакрэтаў свайго поспеху, казаў, што гэта яго таямніца. Дзякуючы яму захаваліся вельмі цікавыя фільмы пра Палессе, якое не было яшчэ асушана, а жыло сваім натуральным жыццём. Кардынал захапляўся таксама рыбалоўствам, распавядаў, як лавіў шчупакоў. Увогуле, ён вельмі любіў прыроду...
Часта распавядаў таксама пра палешукоў, якіх наведваў у іх хацінах, дзе не было нават электрычнасці, і да якіх не хадзіў ніякі транспарт, а падчас разліваў вясною людзі ўвогуле не маглі нікуды выйсці — толькі на лодках можна было кудысьці пераплыць. Такія расповеды не губляюць сваёй цікавасці: думаю, што фільмы кардынала пра Палессе таксама павінны жыць. Праўда, сам ён забараняў іх распаўсюджванне, але наўрад ці ў той час хтосьці яшчэ так здымаў палескую прыроду.
Я вельмі шчаслівы, што ведаў такога святара і ўвесь час працаваў з ім або ў Мінску, або ў пінскай катэдры.
Мы заўсёды разам вырашалі праблемы будаўніцтва, і да кожнай справы кардынал Свёнтэк падыходзіў з вялікаю адказнасцю. Ён сапраўды вельмі шмат зрабіў для Касцёла на Беларусі і ўсім сваім жыццём заслужыў тытул «Fidei testis» — «Сведка веры», дадзены яму благаслаўлёным Янам Паўлам ІІ.
Кс. Антоній Клімантовіч,
пробашч парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску