Будзьма працягам Святла...

Кардынал Казімір Свёнтэк

благаслаўляе моладзь. Віцебск, 2009 г.

Праз тыдзень пасля пахавання кардынала Казіміра Свёнтка мне пашчасціла ступіць на тую зямлю, якая прыняла яго цела назаўсёды, як і зірнуць на тое неба, якое прыняло яго душу. Пінск і Казімір Янавіч, як называюць яго многія пінчукі, гэта нешта адно, цэлае і непаўторнае. Як Беларусь і Казімір Свёнтэк, як Касцёл і кардынал Казімір, як Хрыстус і Яго верны супрацоўнік, як жыццё і кардыналава любоў да праўды, справядлівасці…

Пінск упершыню сустрэў Казіміра Свёнтка, калі яму было 18 гадоў.  Горад стаў тым месцам, дзе малады чалавек умацоўваўся ў хрысціянскай веры і сваім пакліканні служыць людзям і Богу.

Мне цяпер столькі ж гадоў, колькі  было Казіміру Свёнтку пасля сканчэння чацвёртага года семінарыі. І ў мяне ўзнікаюць пытанні: што ж думаў тады, у свае дваццаць два, будучы правадыр Каталіцкага Касцёла на Беларусі? Пра што ён марыў?

Сузіраю Пінск, сцены сучаснай семінарыі, касцёла... З боку набярэжнай узіраюся ў крыжы вежаў і думаю, як жа ўзмацавала Казіміра Свёнтка гэтая зямля, яе веліч і моц, каб потым, у час выпрабаванняў, не пахіснуцца. Вытрываць і камеру смерці, у якой знаходзіўся два месяцы, а потым 10 гадоў лагераў — Сібір, Інта…

Хіба родная зямля ўмацавала, а суровая Поўнач яшчэ больш загартавала, каб у 1954 годзе прыехаць на Беларусь і пачаць новае змаганне. Змаганне за сэрца Касцёла, за сэрца народа, які быў таксама пакалечаны разам з яго верным слугой. І народ, нягледзячы на свае раны, услед за Хрыстом, разам са сваім правадніком здолеў паўстаць з-пад крыжа, з-пад прыгнёту, адрадзіцца, займець свой голас, сваё слова і ўваскрэснуць у любові.

І жыць, і любіць. З усёй моцай уздыхнуць у 90-я гады. Верай, мовай, мастацтвам. Узняць свае рукі да неба, накіраваць свае шляхі і дарогі да святыняў. Нарадзіць дзяцей, якія стануць новымі парасткамі жыцця і праўды.

Калі ж Бог убачыў, што наша зямля ўзрасціла годных і верных сыноў і дачок, Ён забраў кардынала ў сваё Валадарства. І пакінуў нам успамін і сведчанне, натхненне працягваць справу Казіміра Свёнтка.

У той дзень, калі адышоў кардынал, у той час, калі званы мінскай катэдры пачалі аддаваць яму сваю пашану і жалобу, я разам са сваімі сябрамі Андрэем і Веранікай стаяла на каленях у святыні. Яшчэ не ведаючы сумнай навіны, мы падышлі да жанчыны каля ўваходных дзвярэй. Яе вусны дрыжэлі, як лісты ўсхваляванай таполі, а вочы ззялі жывымі кроплямі чалавечай расы:

Па кардыналу звоняць. — сказала яна.

Мы вярнуліся на свае месцы ў касцёле...

...Праз два дні памерлага кардынала прывезлі ў катэдру. На развітанне. У той дзень перад развітальнай Імшой я зрабіла некалькі запісаў:

«Перажываем адыход кардынала. На вачах старэйшых парафіян я бачу слёзы, якія час ад часу здымаюцца белай сурвэткай, сціснутай ад смутку ў руцэ.

Плачуць тыя, хто разам з кардыналам перажываў адраджэнне Касцёла на Беларусі, хто разам з ім Касцёл адраджаў. Асабіста для мяне смерць кардынала — гэта адыход вялікай мужнасці, вялікай глыбы, што стварала беларускі Касцёл праз сваю адказнасць, праз цвёрдае слова і непахіснасць.

Ёсць людзі, якія нешта чыняць і іхнія справы натхняюць і ўзмацняюць нашыя сэрцы, а ёсць людзі, якія проста ёсць. Іх існаванне дае існаванне нам. Яны ёсць, бо іх быццё ў Богу і ад Бога існуе для сцвярджэння дару жыцця. Ёсць, каб і мы былі. Каб сведчылі пра сябе і свае думкі, пра сваё стаўленне да Бога, да свету, да сэнсу жыцця.

Калі ж такія людзі-светачы адыходзяць, іх святло застаецца, як у фосфарным крыжы, які ўсё жыццё глядзеў на Сонца і паглынаў яго святло, так і людзі, якія глядзелі на Бога і паглыналі Яго Любоў, не згасаюць. Не згасаюць праз Любоў, якая нават у цемры смерці праменіць Божым святлом. Праменіць для нас, каб мы жылі і шукалі праўды».

Мы ёсць, бо былі яны.

Будзьма працягам Божай Любові і Праўды ўслед за кардыналам Казімірам Свёнткам...

Аксана Ючкавіч, студэнтка БДУ.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней