* * *
Мэта легіянера Марыі — асабістая святасць, хоць сёння слова «святасць» выклікае неразуменне. Але наш шаноўны кардынал Казімір Свёнтэк штодзённым жыццём даказваў, што святасць — гэта рэальная магчымасць. Шчырая ўсмешка, жаданне зразумець і дапамагчы, падтрымаць позіркам, нічога не сказаўшы (прыклад маўчання Марыі), і ты разумееш, што трэба слухаць Хрыста, каб добра атрымалася кожная задуманая справа.
Ён заўсёды заклікаў легіянераў «выплысці на глыбіню», тлумачыў, што мы не будзем расчараваныя, але будзем вельмі шчаслівыя. Мы бачылі, што гэты чалавек не стаяў на ўзбярэжжы падзеяў, а сам плаваў на вялікай глыбіні ва ўсіх жыццёвых сітуацыях. Ён быў пры гэтым задаволены сваім побытам і заўжды сваім прыкладам нібы прамаўляў: «Дастаткова мець Бога на першым месцы ў жыцці». Ён вучыў звяртацца да Марыі ва ўсіх патрэбах.
Дзякуй Табе, ласкавы Божа, што даў нам прыклад сапраўднага служэння Богу, Касцёлу і людзям у асобе кардынала Казіміра Свёнтка.
Легіянерка Марыя, Маладзечна.
* * *
Кардынал Казімір вельмі любіў ружанцовую малітву. У яго быў ружанец ад с. Луцыі (адна з трох пастушкоў, якім аб’явілася Маці Божая Фацімская). Маліўся на ім заўсёды. Пасля літургіі ён любіў застацца ў касцёле, каб памаліцца ў цішыні. На гэта было прыемна глядзець...
Сястра Бэрнадэта Клім
* * *
...У яго жыцці кожны дзень кожнага месяца і кожнага года быў прысвечаны Панне Марыі.
Без трох гадоў сто летаў і зімаў. І прозвішча яго — гэта свята, святы дзень...
Якое шчасце было працаваць з ім, ператвараць у жыццё яго задуму, яго ідэю! Можна было быць пэўным у тым, што ён без доўгіх дэбатаў зразумее і прынцыпы, і тэорыі, і супярэчнасці навуковай рэстаўрацыі і разам з табою парадуецца добра зробленай працы. І хацелася зрабіць так, каб убачыць, як яго твар асветліцца яснаю дзіцячаю ўсмешкаю, каб ён усклікнуў «цудоўна» і, рэзка крутануўшыся на пятцы, памкнуўся кудысьці па сваіх справах або проста, каб застацца ў адзіноце... магчыма... узнесці падзячную малітву Панне Марыі...
Аркадзь Шпунт, рэстаўратар

