Дваццаць сёмая звычайная нядзеля — 2 кастрычніка 2011 г.
Чытанні: Іс 5, 1–7; Пс 80 (79), 9 і 12. 13–14. 15–16. 19–20; Флп 4, 6–9
Евангелле паводле Мацвея 21, 33–43Можна глядзець на хрысціянскую тэалогію як на своеасаблівы крымінальны кодэкс, поўны забаронаў і загадаў. Можна бачыць у Пану Богу міліцыянта, які прызначае штраф, калі ў чалавека не атрымліваецца выканаць усе Яго распараджэнні. Можна, ідучы далей у гэтым накірунку, убачыць у Пану Богу банкіра, які жадае атрымаць прыбытак ад інвеставаных Ім сродкаў. На жаль, мы часта сутыкаемся з такімі вобразамі Бога, хоць гэта толькі карыкатуры, намаляваныя д’яблам.
Маральная тэалогія не засяроджваецца на загадах і забаронах, гэта не крымінальны кодэкс, але апісанне вялікіх справаў, якія Бог чыніць у чалавеку і праз чалавека. Бог учыніў нас сваімі найважнейшымі стварэннямі, зрабіў нас падобнымі да сябе і таму здольнымі да любові. Бог не перастае дзейнічаць у нас, адорвае нас ласкаю і нястомна робіць нас здольнымі да ўчынкаў, поўных любові. Ён, як садоўнік, які нічога не занядбоўвае, калі закладае і вырошчвае вінаграднік, што з’яўляецца вынікам і знакам Яго любові. Плады, якія павінен даць гэты вінаграднік — не падатак, а ўдзел у Божай любові, якая няспынна струменіць, аддаючы і атрымоўваючы. Калі чалавек адкрыты на дзеянне Святога Духа, ён не толькі змяняецца сам, але змяняюцца і Яго адносіны з іншымі. У іх прысутнічае Божая любоў, у іх прысутны сам Бог. Тады чалавек прымае ўдзел у жыцці Святой Тройцы.
Праблемы з’яўляюцца тады, калі чалавек не хоча быць часткаю крыніцы Божай ласкі, не згаджаецца, каб праз яго яна струменіла на іншых людзей. Крыніцу не закрыць у слоіку, бо сутнасцю ласкі з’яўляецца жыццё, яго няспынны рух. Бог шануе свабоду чалавека і нікому не навязвае сваёй ласкі. Ён стварыў нас свабоднымі, бо толькі свабодны чалавек можа любіць. Нават тады, калі мы адкідаем Бога, Ён не нішчыць нашай свабоды, не пазбаўляе нас магчымасці выбіраць дабро. Ён толькі імкнецца тактоўна пераканаць нас выбраць паўнату жыцця, а не сухую пусэльню.
Айцец Крыштаф Коц’ян ОР