Дваццаць дзявятая звычайная нядзеля — 16 кастрычніка 2011 г.
Чытанні: Іс 45, 1. 4–6; Пс 96 (95), 1 і 3. 4–5. 7–8. 9–10 ас; 1 Тэс 1, 1–5b
Евангелле паводле Мацвея 22, 15–21
Калі мне было 8 ці 9 гадоў, я браў з дому жменю манетаў і бег разам з сябрамі да чыгункі. Там мы пакідалі на рэйках манеты і чакалі, калі пройдзе цягнік. Часам гэта быў цяжкі «таварняк», часам — звычайны пасажырскі цягнік. Зразумела, калі па манеце праходзіў таварны цягнік, яна ператваралася ў танюткі, як аркуш паперы, кавалак металу. А калі манету пераязджаў пасажырскі цягнік, атрымліваліся згладжаныя абрысы выявы, якая была на манеце.
Дзеля чаго я кажу пра гэта? Манетаю, якую Езус трымае ў руцэ, з’яўляемся мы самі. Езус пытаецца ў кожнага з нас: «Чыя гэта выява і надпіс» (на манеце)? Хацелася б адказаць Яму проста і зразумела: «На мне напісанае Тваё імя, на мне выбітая Твая выява». Аднак часам нам цяжка расчытаць у сабе Яго імя, распазнаць Яго выяву, выбітую ў нас. Часам гэтая выява выглядае нібы на манеце, па якой праехаў цягнік: яна расціснутая, згладжаная. Гэтым імклівым цягніком з’яўляецца нашая залежнасць ад месца і часу, дзе мы жывем, інакш кажучы: нашая несвабода.
Ці нашая «заблытанасць у свет» (на месца гэтых словаў можна падставіць што заўгодна: школа, універсітэт, праца, падаткі, вайсковая служба, шмат грошай у адных, недахоп — у другіх…) заўжды павінна заканчвацца поўнай залежнасцю, размыццём асобы? Зразумела, не, бо свабода жыве ў нас. Што гэта значыць? У нас заўжды ёсць магчымасць выбару. Езус не пакінуў нас без дапамогі. Мы маем у сабе Духа Святога, Духа моцы. Дастаткова сказаць Яму: дапамажы мне разабрацца ў абставінах, якія мяне атачаюць, і зрабіць выбар, дапамажы мне выправіць стасункі з маёю жонкаю, мужам, дзецьмі… Ці лёгкім будзе гэты выбар? Вядома, не. Ці будзе лёгка выправіць стасункі: спачатку выслухаць, а пасля паразмаўляць з жонкаю, мужам, дзецьмі? Лёгка не будзе. Але з Ім гэта магчыма. Таму давайце спрабаваць, бо свабода — гэта выява Бога ў нас.
Айцец Тамаш Міка ОР