Агульны змест150+ Я хачу запісаць адзін сон, які быў у мяне пра св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса. Я была яшчэ навіцыяткаю і мела некаторыя цяжкасці, [у] якіх не магла сабе дапамагчы. Гэта былі ўнутраныя цяжкасці, але яны былі звязаныя з цяжкасцямі знешнімі. Я малілася шмат навэннаў да розных святых, аднак сітуацыя станавілася ўсё больш цяжкаю. З-за гэтага мае цярпенні былі такія вялікія, што я ўжо не ведала, як далей жыць; але нечакана мне прыйшла думка, што трэба маліцца да св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. Я распачала навэнну да гэтай святой, бо перад паступленнем у [кляштар] вельмі яе ўшаноўвала. Цяпер у тым ушанаванні я крыху астыла, але ў гэтай патрэбе зноў з усёю шчырасцю пачала маліцца. На пяты дзень навэнны сніцца мне св. Тэрэза, але была яна як бы яшчэ на зямлі. Яна ўтаіла ад мяне, што яна святая, і пачала мяне суцяшаць, каб я так не засмучалася з прычыны гэтай справы, але больш давярала Богу. І сказала мне, што і яна шмат цярпела, а я не вельмі ёй давярала, што й яна шмат цярпела, і казала ёй, што — як мне здаецца — ты зусім не цярпіш. Аднак св. Тэрэза адказала мне з перакананнем, што і яна шмат цярпела, і сказала: «Сястра, ты павінна ведаць, што на трэці дзень ты гэтую справу ўладзіш як найлепш». Калі я не вельмі хацела ёй верыць, тады яна дала мне зразумець, што яна — святая. У тую хвіліну маю душу напоўніла радасць, і я сказала ёй: «Ты — святая». І яна мне кажа: «Так, я святая, і павер, што ты гэтую справу ўладзіш на трэці дзень». Я сказала ёй: «Святая Тэрэзка, скажы мне, ці буду я на небе?» Яна адказала, што я буду на небе. «А ці буду я святою?» Яна адказала мне, што я буду святою. «Тэрэзка, а ці буду я такою святою, як ты, — шанаванай на алтарах?» І яна мне адказала: «Так, ты будзеш святою, як і я, але ты павінна давяраць Пану Езусу». І я спытала ў яе, ці будуць бацька і маці на небе, ці (не закончана). Яна адказала мне: «Будуць». Я зноў спытала: «А ці будуць мае сёстры і браты на небе?» Яна адказала, каб я вельмі за іх малілася, але не дала мне пэўнага адказу. Я зразумела, што ім патрэбна шмат малітвы.
Гэта сон, а як кажа прымаўка: сон зачэпіць, а Бог падкрэпіць, аднак на трэці дзень я ўладзіла гэтую справу, як яна й сказала, вельмі лёгка. Усё, што датычыць гэтай справы, споўнілася даслоўна так, як яна мне сказала. Гэта быў сон, але ён меў сваё значэнне.
151+ Аднойчы, калі я была з сястрою N. на кухні, яна трохі на мяне засердавала і за пакуту загадала мне сесці на стол, а сама шмат працавала, прыбірала і шаравала, а я сядзела на стале. Сёстры прыходзілі і здзіўляліся, што я сяджу на стале, і кожная казала тое, што хацела. Адна — што я лянівіца, другая — што я дзівачка. Я была тады пастуланткаю. Іншыя казалі: «Якою ж сястрою яна будзе?» Аднак злезці я не магла, бо гэтая сястра загадала мне моцаю паслухмянасці, каб я сядзела датуль, пакуль яна мне не скажа злезці. Сапраўды адзін толькі Бог ведае, колькі актаў самаадрачэння я тады ўчыніла. Думала, што згару з сораму. Бог сам не аднойчы дапускаў такое для майго ўнутранага фармавання, але Пан узнагародзіў мяне вялікаю радасцю за гэтае прыніжэнне. У часе благаслаўлення я ўбачыла Яго ў велічнай прыгажосці. Езус ласкава зірнуў на мяне і прамовіў: Дачка Мая, не бойся цярпенняў, Я з табою.
152Калі аднойчы ноччу я дзяжурыла, а ў душы так мучылася з прычыны малявання гэтага абраза, што ўжо й не ведала, якім шляхам мне ісці, бо мяне пастаянна пераконвалі, што гэта падман, то зноў жа адзін святар сказаў, што, магчыма, Бог хоча менавіта праз гэты абраз быць праслаўленым, а таму трэба старацца яго намаляваць. Аднак душа мая была вельмі змучаная. Калі я ўвайшла ў каплічку, то наблізіла свой твар да табэрнакулюма, пастукала і прамовіла: «Езу, паглядзі, якія вялікія цяжкасці ў мяне ў сувязі з маляваннем гэтага абраза». І я пачула голас з табэрнакулюма: Дачка Мая, твае цярпенні ўжо нядоўга будуць працягвацца.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.