Кожны святар калісьці быў семінарыстам. Успаміны пра семінарыйныя гады застаюцца на ўсё жыццё. Які ж юнацкі агеньчык зіхацеў у вачах старога кардынала Свёнтка, калі ён дзяліўся сваімі ўспамінамі пра даваенную Пінскую семінарыю з намі, сённяшнімі семінарыстамі! Нам пашчасціла пачуць гэтыя праўдзівыя апавяданні з вуснаў самога «дзядулі», як яго часта называлі між сабою, — а ён умеў апавядаць на дзіва цікава і жыва. Ягоныя гісторыі не забудуцца, не знікнуць пасля яго адыходу, а будуць жыць, як дарагое паданне, у мурах адноўленага ім прыгожага будынка на маляўнічым узбярэжжы Піны, будуць перадавацца старэйшымі братамі тым, хто прыйдзе сюды, каб прысвяціць сваё жыццё Хрысту і Касцёлу, як некалі зрабіў гэта Казімір Свёнтэк.
Зрабіўшы свой выбар, ён паслядоўна і настойліва ішоў да вызначанай мэты. Такой паслядоўнай настойлівасці ў імкненні да святарства неабходна навучыцца кожнаму, хто становіцца на гэты шлях, бо жыццё ў семінарыі — гэта не толькі навучанне і фармаванне, гэта — своеасаблівае выпрабаванне, што загартоўвае характар і волю будучага святара. Ці ж не сумленная падрыхтоўка ў семінарыі, ці ж не палымянае жаданне наследаваць у жыцці прыклад яе заснавальніка, першага пінскага біскупа Зыгмунта Лазінскага, дапамаглі пазней ксяндзу, а потым арцыбіскупу і кардыналу Казіміру Свёнтку перанесці ўсе цяжкасці, цярпенні і пераслед, якіх так шмат выпала на ягоную долю? І ці не ў тыя раннія гады сфармавалася яго яскравая і шляхетная, рамантычная і адначасова мужная, сціплая і разам з тым адкрытая асабовасць? Менавіта такіх святароў — верных, пабожных і працавітых, а перадусім сапраўдных, вартых даверу, чакаюць людзі. Менавіта такім павінен імкнуцца стаць кожны сённяшні семінарыст — заўтрашні святар.
Апошні год жыцця кардынала стаў нібы апошняй стацыяй яго крыжовага шляху. Як апостал Павел, ён у сваім целе дапаўняў недахоп цярпенняў Хрыстовых за Касцёл на Беларусі, за ўсіх даручаных яго пастырскай апецы вернікаў і, безумоўна, асаблівым чынам за нас, семінарыстаў, многія з якіх падзялілі з ім гэтыя цярпенні, дзяжурачы мінулым летам каля ягонага ложку ў шпіталі. Усе, каму давялося прыняць на сябе гэты цяжар, напэўна, набылі ў тыя дні самы дарагі фармацыйны вопыт у сваім семінарыйным жыцці. Вопыт, які дапаможа пераадолець усе іншыя цяжкасці і перашкоды на няпростым шляху да святарства.
У святара не бывае выходных, не бывае адпачынку, не бывае пенсіі, хоць фармальна, вядома ж, усё гэта існуе. І як бы там ні было, але па-сапраўднаму толькі цяпер наш дарагі «дзядуля» адышоў на пенсію, каб нарэшце адпачыць ад зямной сваёй працы. Але плён гэтай працы застаецца з намі, яго духоўнымі ўнукамі і нават праўнукамі. Мы не павінны, не маем права яго змарнаваць, не маем права здрадзіць голасу Хрыстовага паклікання.
Як некалі Вы, Ваша Эмінэнцыя, стаялі каля грабніцы Слугі Божага біскупа Лазінскага, так і мы сёння побач з пасвячонымі Вамі святарамі стаім каля Вашай дарагой труны. Ваш прыклад — гэта сапраўднае наша багацце, Ваша жыццё — жывы працяг непарыўнай апостальскай традыцыі, што бярэ пачатак ад Хрыста — Добрага Пастыра, Найвышэйшага Святара і Дасканалай Ахвяры. Мы і надалей будзем вучыцца наследаваць Яго ў Вас, Ваша Эмінэнцыя, каб не перарваць гэтай Боскай традыцыі, даверанай слабым чалавечым рукам — рукам святароў, якімі мы імкнемся стаць.
Ад імя семінарыстаў
Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі
імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску — Мікола Гракаў.
{gallery}198-03{/gallery}