Вялікі тыдзень стыгматычкі

 

Для містыкаў і стыгматыкаў Вялікі тыдзень — гэта асаблівы час блізкасці з церпячым Хрыстом. Такую асаблівую блізкасць меў св. айцец Піо, стыгматык з Сан-Джавані Ратонда, а таксама яго зямлячка Натуца Эвала, якую некаторыя людзі называюць айцом Піо ў спадніцы. Гэта непісьменная жанчына, якая нарадзілася ў калабрыйскай вёсцы Параваці, лічыцца адною з самых вядомых містычак сучаснасці: з дзяцінства Натуца мела «дзіўныя» крывавыя раны, злучаныя з выявамі гемаграфіі (утварэнне надпісаў або выяваў з дапамогаю крыві), а з часам на яе целе з’явіліся сапраўдныя стыгматы.

{gallery}2013-06{/gallery}

Падчас звышнатуральных бачанняў містычка размаўляла з Езусам і Марыяй, з душамі памерлых і анёламі ахоўнікамі (з гэтай асаблівай сувязі з анёламі вынікалі яе незвычайныя здольнасці даваць парады, якія «падказвалі» ёй нябесныя істоты). Натуца мела дар біялакацыі, г. зн. адначасовага знаходжання ў двух розных месцах (з дапамогаю анёла містычка духоўна наведвала аддаленыя мясціны); яна таксама была адораная незвычайнаю здольнасцю дыягнастычнага рэнтгену — магла прадказваць дыягназы ўрачоў, вынік аперацыі або раіла хвораму патрэбныя лекі. Гэтыя незвычайныя харызматы простай жынчыны вабілі ў Параваці мноства людзей, якія прыязджалі прасіць у яе дапамогі, парады, малітвы або спытацца пра лёс іх блізкіх памерлых. На працягу шасцідзесяці гадоў Натуца сустрэлася з мільёнамі наведвальнікаў.

Асаблівае значэнне ў духоўным жыцці містычкі мелі стыгматы. Калі Натуцы споўнілася 10 гадоў, на яе стопах і запясцях пачалі з’яўляцца балючыя раны ў выглядзе маленькіх адтулінаў, з якіх сачылася кроў. Урачы не маглі растлумачыць гэту нечаканую з’яву. 29 чэрвеня 1940 г., у дзень бежмавання Натуцы, здарылася штосьці незвычайнае. Дзяўчына, прыняўшы сакрамэнт, адчула, што яе плечы сталі мокрыя, а на твары выступілі кроплі крыві. Калі адна з кропляў сцякла з твару і ўпала на падлогу, яе выцерлі хустачкаю, на якой нечакана праявіўся надпіс, напісаны крывёю: «Gloria del Sacro Cuore di Gesu» («Хвала Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса»). Вярнуўшыся дадому, дзяўчынка зняла скрываўленую кашулю, на якой быў адбітак вялікага крыжа. На працягу ўсяго жыцця Натуцы на прасцінах, падушках, хустках і вопратцы, на ўсіх рэчах, дзе заставалася яе кроў, з’яўляліся надпісы на розных мовах са словамі з Бібліі, з рэлігійных гімнаў і малітваў, а таксама характэрныя хрысціянскія сімвалы: крыжы, сэрцы, гостыі, манстранцыі, цярнёвыя кароны, выявы Хрыста, Маці Божай і анёлаў.

Аднойчы Натуца так распавядала пра атрыманне сваіх стыгматаў: «Калі я была вельмі маленькая, Езус сказаў мне: „Дакрануся да цябе пальцам“. І так з’явілася першая адтуліна. Мне здалося, што гэта вельмі прыгожа, таму што Бог да мяне дакрануўся, і я бачыла Пана. Праз чатыры або пяць гадоў Езус ізноў сказаў мне: „Дакрануся да цябе рукою“. І з’явілася рана на плячы. Я была шчаслівая, бо думала, што Пан абапіраецца на мяне, малую гаротніцу. Потым з’явіліся Божыя раны, і я прымала іх заўсёды з любоўю, бо Езус быў для мяне суцяшэннем». Раны ў месцах пяці Хрыстовых ранаў з’явіліся на целе Натуцы ў 1958 г., і з таго часу падчас Вялікага посту, асабліва Вялікага тыдня, цела містычкі прыпадабнялася да цела Збаўцы.

Шмат гадоў жанчына спрабавала хаваць свае стыгматы, носячы адпаведную вопратку і пазбягаючы сустрэчаў з людзьмі ў пераломны перыяд Вялікага тыдня. Аднак з 1965 года вестка пра стыгматы Натуцы абляцела ўжо ўвесь свет і нельга было ігнавараць гэтага факту.

Кульмінацыйным момантам у жыцці містычкі была Вялікая пятніца, калі на працягу некалькіх гадзінаў яна перажывала ў сваім целе Муку Езуса. Апісанню цярпенняў Натуцы, якія адлюстроўвалі Муку нашага Пана, мы абавязаныя святарам, якія апекаваліся жанчынаю, а таксама пробашчу, урачам, выкліканым з гэтай прычыны. Цярпенні пачыналіся апоўдні. Спачатку Натуца доўга вяла дыялог з Езусам, аднак пасля ўзнікалі праблемы з дыханнем, і было ўражанне, што дзяўчына задыхаецца. У яе быў выгляд чалавека, які пакутаваў фізічна і духоўна: усё яе цела пакрывалі раны (адны крывавілі, другія — не), асабліва вялікімі былі раны на руках і ў баку (адзін з урачоў прызнаўся, што ў рану ў баку ён уклаў тры пальцы). Гэтыя цярпенні доўжыліся каля 2-х гадзінаў і закончыліся недзе ў 14.00–14.30. Натуца спадарожнічала Хрысту не толькі ў дарозе на Кальварыю, але і была з Ім таксама на Крыжы. Апошні раз гэта адбылося ў Вялікую пятніцу 2009 года. Яна памерла ў тым жа годзе ў дзень Усіх Святых.

Цярпенні Натуцы дапамагаюць нам зразумець, якую цану заплаціў Сын Божы за адкупленне нашых грахоў і нашае збаўленне. Няхай кожная пятніца нагадвае нам пра гэтае адкупленне і гэты вялікі дар для нас.


Падрыхтавала Іна Ламака.
Паводле: Niedziela. №14, 2012 г. 

Цэтлікі: Лёсы

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней