З «Дзённіка»

Агульны змест

147 Я ўспамінаю, што найбольш святла я атрымала ў часе адарацый, якія праводзіла штодзённа па паўгадзіны, на працягу ўсяго посту, лежачы крыжам перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У той перыяд я глыбей зразумела сябе і Бога, хоць у мяне было шмат перашкодаў для такой малітвы, нягледзячы на тое, што ў мяне быў дазвол настаяцельніцаў. Няхай душа ведае, што для таго, каб маліцца і вытрываць у малітве, яна павінна ўзброіцца цярплівасцю і мужна пераадольваць знешнія і ўнутраныя цяжкасці. Унутраныя цяжкасці: расчараванні, чэрствасць, вяласць, спакусы; знешнія: адносіны людзей і неабходнасць прытрымлівацца часу, прызначанага для малітвы. Я сама пераканалася, што калі не прачытала малітвы ў вызначаны для яе час, то пасля таксама яе не прачытала, бо не дазволілі абавязкі, а калі й прачытала, то з вялікімі цяжкасцямі, бо думкі былі пра абавязкі. Бывалі і такія цяжкасці: калі душа добра ўчыніла малітву і выйшла з яе з  глыбокаю ўнутранаю засяроджанасцю, то іншыя супраціўляюцца гэтай яе засяроджанасці, і таму павінна быць цярплівасць, каб вытрываць у малітве. Такое здаралася са мною неаднаразова — калі мая душа была глыбока пагружанаю ў Бога і набыла большы плён ад малітвы, і Божая прысутнасць спадарожнічала ёй на працягу дня, а ў працы была большая засяроджанасць і большая дакладнасць ды стараннасць у абавязках — здаралася, што менавіта тады мне рабілі найбольш заўвагаў, што я неабавязковая, што да ўсяго абыякавая, бо менш засяроджаныя душы хочуць, каб і іншыя былі падобныя да іх, таму што яны з’яўляюцца для іх пастаянным папрокам.

148 (70) + Шляхетная і далікатная душа, магчыма, нават вельмі простая, але з далікатнымі пачуццямі — такая душа ва ўсім бачыць Бога, усюды Яго знаходзіць, умее знайсці Бога нават у самым патаемным. Для яе ўсё мае значэнне, яна ўсё высока цэніць, за ўсё дзякуе Богу. Давярае Яму і не губляецца, калі прыйдзе час выпрабаванняў. Яна ведае, што Бог заўсёды застаецца найлепшым Айцом, а на людскую думку мала звяртае ўвагі. Яна верна ідзе за найменшым натхненнем Духа Святога, радуецца гэтаму духоўнаму Госцю і трымаецца за Яго, як дзіця за маці. Там, дзе іншыя душы затрымліваюцца і непакояцца, яна праходзіць без страху і цяжкасцяў.


149 Калі Пан сам хоча быць каля душы і хоча весці яе, Ён здыме ўсё знешняе. Калі я захварэла і была пераведзена ў інфірмерыю, у мяне з гэтай прычыны было шмат непрыемнасцяў. Удзвюх, хворыя, мы ляжалі ў палаце. Да сястры Н. хадзілі сёстры, каб яе адведаць, а да мяне ніхто не зазіраў. Зразумела, гэта была адна палата, але кожная з нас мела сваю келлю. Былі доўгія зімовыя вечары, у сястры Н. было святло, радыёнавушнікі, а я нават не магла падрыхтавацца да медытацыі з-за адсутнасці святла.

Калі так мінулі амаль два тыдні, аднойчы вечарам я паскардзілася Пану, што шмат цярплю і нават не магу падрыхтавацца да медытацыі, бо няма святла — і Пан сказаў мне, што кожны дзень вечарам будзе прыходзіць і паказваць мне раздзелы для заўтрашняй медытацыі. Раздзелы былі заўсёды з Яго балеснай мукі. Ён казаў мне: «Разважай над Маёю мукаю перад Пілатам». І так па частках я ўвесь тыдзень разважала над Яго балеснаю мукаю. З тае хвіліны ў маю душу ўвайшла вялікая радасць, і я ўжо не прагла ані адведзінаў, ані святла — Езус замяніў мне ўсё. Хоць клопат настаяцельніцаў пра хворых быў вялікі, аднак Пан учыніў так, што я адчувала сябе пакінутаю. Але гэты найлепшы Настаўнік адсуне ўсё, што створана, каб дзейнічаць самому. Неаднойчы я зносіла гэтулькі розных пераследаў і цярпенняў, што сама маці М.81 сказала, што на маім шляху пакуты вырастаюць, як з-пад зямлі. Яна мне сказала: «Я гляджу на цябе (71), як на ўкрыжаваную, аднак я заўважыла, што ў гэтым удзельнічае Пан Езус. Будзь верная Пану».


Працяг будзе.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней