Шчасце быць там, дзе патрэбны

23 чэрвеня ксёндз Станіслаў Салата з Ордэну Місіянераў Святой Сям’і адзначае свой двайны юбілей — 70 гадоў з дня нараджэння і 20 гадоў працы на Беларусі. Паляк на нацыянальнасці, большую палову святарскага жыцця ён прысвяціў служэнню Касцёлу на нашай бацькаўшчыне, прычым працаваў у месцах, якія ў народзе называюць «чарнобыльскай зонай». За 4 гады ён пабудаваў касцёлы ў Нароўлі і Грушоўцы. Неверагодна, але іх асвячэнне адбылося ў адзін дзень — 20 верасня 1998 года. З раніцы кардынал Казімір Свёнтэк кансэкраваў нараўлянскую святыню, а ў другой палове дня — у Грушоўцы. Падчас гэтай падзеі Эмінэнцыя скрозь слёзы радасці сказаў, што ў яго жыцці не было яшчэ такога, каб у адзін дзень і ў аднаго пробашча адбывалася кансэкрацыя двух касцёлаў.

Ксёндз Станіслаў нарадзіўся ў Польшчы, у вёсцы Відэўка, што недалёка ад Жэшува. Быў чацвёртым з 6-ці дзяцей у сям’і. Марыў пасля сярэдняй школы паступіць у ордэн палатынаў (таварыства св. Вінцэнта Палоцці). Але здарылася трагедыя — згарэў іх сямейны дом, і Станіслаў вымушаны быў 10 гадоў працаваць на яго адбудове. Пасля гэтага яго мара споўнілася, і ён быў прыняты ў ордэн палатынаў.  Аднак вучыцца было вельмі няпроста, бо праз 10 гадоў, як сам гаворыць, не было часу ўзяць кніжку ў рукі. Ён не здаў экзамены, і яго адлічылі з вучобы. Але мара быць святаром яго не пакідала. Неўзабаве Провід Божы звёў хлопца з прадстаўнікамі Ордэну Місіянераў Святой Сям’і, якія прынялі яго да сябе і дапамаглі з вучобай.

Святарскае пасвячэнне ксёндз Станіслаў атрымаў у 33 гады, затым 15 гадоў працаваў у Польшчы. А ў 1991 годзе прыехаў на Беларусь і адразу ж быў скіраваны на Гомельшчыну, у Нароўлю і Грушоўку. Ён добра ведаў, што пасля чарнобыльскай катастрофы гэтая тэрыторыя лічыцца не вельмі бяспечнай для здароўя, але са святой пакорай прыняў прызначэнне.
— Калі я прыехаў у Грушоўку, быў вельмі здзіўлены, што ў будні дзень на малітву сабралася шмат вернікаў, — гаворыць ксёндз Станіслаў. — Да глыбіні сэрца адчуў, што я тут вельмі патрэбны.

Крыж, які ён узяў на свае плечы, несучы святарскае служэнне ў гэтых парафіях, праз 5 гадоў сагнуў яго, у прамым сэнсе, аж да зямлі: перажыў аперацыю на пазваночніку і доўгую рэабілітацыю ў Польшчы. Мог ужо застацца на сваёй радзіме, але вярнуўся туды, дзе было яго сэрца і дзе ён пакінуў дзве недабудаваныя святыні. Пасля ўзвядзення касцёлаў у Нароўлі і Грушоўцы заставаўся тут пробашчам да 2002 года. Потым па стане здароўя быў пераведзены ў Дзяржынск дапамагаць пробашчу. Хутка атрымаў парафію ў Фаніпалі, перарэгістраваў яе і пачаў там будаўніцтва касцёла. Цяпер гэтае будаўніцтва працягвае яго брат па ордэну ксёндз Сяргей Дабрагост. Ксяндзу ж Станіславу, як пробашчу, даручана парафія святых Пятра і Паўла ў Новым Свержані Стаўбцоўскага раёна. Таксама ён апякуецца парафіямі ў Жэцераве і Свірынове. За кароткі час ён аднавіў у Новым Свержані знешні выгляд плябаніі, марыць пазалаціць алтары ў касцёле, памяняць вокны і правесці ацяпленне, бо касцёл старажытны і зімою тут вельмі холадна.

Парафіяне, як былыя, так і цяперашнія, вельмі ўдзячныя ксяндзу Станіславу за яго адданасць у служэнні Богу і людзям, шчыра віншуюць яго з 70-гадовым юбілеем і жадаюць моцнага здароўя, а таксама доўгага пастырскага служэння на хвалу Пана Бога. Шмат цёплых слоў выказваюць у адрас ксяндза Станіслава Салаты таксама і яго браты па Ордэну Місіянераў Святой Сям’і. Яны адзначаюць, што ксёндз Станіслаў з’яўляецца прыкладам сапраўднай пакоры, паслухмянасці, працавітасці, адданасці малітве, а перадусім — вернасці Пану Богу.

Галіна Калевіч

Цэтлікі: Юбілеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней