Ян Павел II — заступнік бясплодных сужэнцаў

 

Сёння ў Беларусі ад бясплоднасці пакутуе больш за чвэрць сем’яў. Памылкова думаць, што на бясплоднасць пакутуюць толькі жанчыны: на 50%  жаночага бясплоддзя прыпадае столькі ж мужчынскага. Медыцына можа дапамагчы толькі невялікаму працэнту гэтых людзей, а значыць многія пары ніколі не змогуць атрымаць адказ на вельмі цяжкае пытанне: «Чаму менавіта мы?»


Ян Павел II з самага пачатку свайго святарства вялікую ўвагу надаваў праблемам, з якімі сутыкаюцца сужэнцы, што пакутуюць ад немагчымасці мець дзіця. У Апостальскай адгартацыі «Familiaris Consortio» ён піша: «Пакуты сужэнцаў, якія не могуць мець дзяцей ці баяцца нараджэння дзіцяці-інваліда, з’яўляюцца тым досведам, які ўсе павінны разумець і належным чынам ацэньваць. Жаданне мець дзіця для сужэнцаў цалкам натуральнае. У ім выяўляецца пакліканне да бацькоўства і мацярынства, упісанага ў сужэнскае каханне. Гэтае жаданне можа быць яшчэ мацнейшым, калі сужэнскія пары пакутуюць ад невылечнай формы бясплоднасці. Аднак шлюб не дае сужэнцам права мець дзіця, яны толькі маюць права на натуральныя акты, якія служаць працягу роду.

У такім выглядзе права на дзіця спрачаецца з яго прыродаю і годнасцю.

Дзіця — не рэч, якая належыць сужэнцам, яно не можа разглядацца як уласнасць. Гэта хутчэй падарунак шлюбу, і падарунак «найвышэйшы», які з’яўляецца самым яркім сведчаннем узаемнай бескарыслівай адданасці бацькоў.

У сувязі з гэтым дзіця мае права — як ужо згадвалася — быць плёнам акту сужэнскага кахання бацькоў і як чалавек ад моманту зачацця мае таксама права на пашану.

Бясплоднасць, незалежна ад яе чынніку і прагнозаў, гэта заўсёды выпрабаванне. Супольнасць вернікаў заклікана падтрымліваць дух усіх, хто не можа дасягнуць жаданага мацярынства і бацькоўства. Сужэнцы, якія знаходзяцца ў гэтай балючай сітуацыі, закліканы разгледзець у ёй магчымасць асаблівага ўдзелу ў Крыжы Пана, крыніцы духоўнай плённасці. Бясплодныя пары не павінны забываць, што «нават калі працяг роду не ўяўляецца магчымым, сужэнскае жыццё не губляе праз гэта сваёй каштоўнасці. Фізічная бясплоднасць можа стаць для сужэнцаў крыніцаю іншых магчымасцяў служыць абароне чалавечага жыцця, напрыклад, праз усынаўленне, праз розныя формы выхаваўчай працы, праз дапамогу іншым сем’ям, бедным ці дзецям-інвалідам.

Аднак сучасны свет ацэньвае нас зусім па іншых мерках, чым Бог. Калі ў хаце не звініць дзіцячы смех, бяздзетная сямейная пара можа пачуць за спінаю не пазбаўлены злараднасці і пагарды шэпт: маўляў, гэтулькі гадоў жывуць... Несумненна, гэта заўсёды балюча і непрыемна.

Бясплодны шлюб — адна з актуальных праблем сучаснай медыцыны і грамадства ў цэлым. Адсутнасць жаданых дзяцей часам прыводзіць да разбурэння сем’яў, да роспачы і пачуцця безвыходнасці... Ці варта хрысціянам траціць надзею? Ці варта дазваляць роспачы руйнаваць сужэнства? Вядома ж, не! Можа, насуперак медыцынскаму дыягназу распачаць малітву праз заступніцтва благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ і паверыць у цуд? І напэўна, ласка будзе дадзена перш за ўсё на разуменне свайго сужэнскага прызначэння.


Ірэна Шмак

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней