Час заручынаў

Парады ад Яцака Пулікоўскага

Ну што ж, заручыны адбыліся. Праз некаторы час прыйдзе жаданае вяселле. Як з найбольшай карысцю для сябе і свайго нарачонага правесці гэтыя дні, на што звярнуць увагу і як стаць лепшым? Над гэтымі пытаннямі спецыяльна для вас, шаноўныя чытачы «Моладзевага кварталу», мы папрасілі паразважаць сямейнага кансультанта з Польшчы, псіхолага, чалавека з 30-гадовым сямейным стажам, шчаслівага мужа і бацьку траіх дзяцей Яцака Пулікоўскага.

На жаль, абрад заручынаў даўно выкінуты з нашай практыкі. Многія пазбягаюць гэтага перыяду, аднак ён можа адыграць незвычайную ролю ў жыцці, бо маладыя людзі ў гэты час больш бываюць разам, прыглядаюцца і задумваюцца, ці могуць яны быць сужэнцамі. Калі яны вырашаць, што хочуць стаць сям’ёй і заручаюцца, гэтыя некалькі месяцаў (не называю ніякіх тэрмінаў, бо многае залежыць ад узросту закаханых) становяцца часам, калі яны павінны рабіцца лепшымі людзьмі не ўвогуле, а для канкрэтнага чалавека, а гэта значыць выконваць і задавальняць яго патрэбы, памкненні і жаданні. Маладыя людзі павінны стаць патэнцыяльна лепшымі (мужам/жонкай) для абранага чалавека.

Перыяд заручынаў можа стаць часам незвычайнага развіцця асобы, калі закаханасць дае сілы для вялікай працы над сабою. Таму хлопец ці дзяўчына (нават калі яны проста хочуць паказаць, якімі добрымі з’яўляюцца) могуць зрабіць значныя крокі ў самаўдасканаленні. І часам адзін год заручынаў можа выправіць 10 гадоў выхавання, і такія людзі маюць значна большыя шанцы пабудаваць добрае сужэнства, бо яны ўжо зрабілі штосьці на яго карысць.

Ёсць, праўда, адна істотная акалічнасць: калі ў заручынах будзе закранутая сіла сексуальнасці, можна знішчыць усё. Па-першае, нарачоныя адразу вучацца нявернасці, вучацца сексуальнаму жыццю па-за шлюбам. Дадзеныя статыстыкі пацвярджаюць, што пары, якія мелі сексуальныя стасункі да шлюбу, здраджваюць значна часцей, чым тыя, якія гэтага пазбягалі. Узнікае і нездаровая рэўнасць, якая не мае месца ў саюзах, дзе сужэнцы жылі ў чыстасці да шлюбу. Жывучы ў чыстасці, абое ведаюць, што хтосьці іншы можа пачакаць ужо таму, што не з’яўляецца мужам ці жонкай. А калі нарачоныя мелі сексуальныя стасункі (нават толькі адно з адным), яны думаюць: паколькі мой сужэнец меў секс са мной да шлюбу, чаму ён не можа цяпер мець сексуальных стасункаў з іншай жанчынаю, і наадварот. Вядома, што найбольш раўнуюць тыя мужчыны, якія здраджваюць сваім жонкам. Таму чыстасць — гэта адна з галоўных «інвестыцый» у шлюб, на жаль, сёння не папулярная. Хоць яна і не з’яўляецца гарантыяй удалага сужэнства, але я за час сваёй працы (30 гадоў) ні разу не сустрэў сужэнцаў, якія б, захаваўшы сваю чыстасць да шлюбу, пасля развяліся. 

Мудрае рашэнне аб сексуальнай чыстасці да шлюбу — найлепшая «інвестыцыя» ў сужэнскае сексуальнае жыццё.

Вядома ж, час заручынаў — гэта не толькі барацьба за чыстасць. Гэта час узаемнага спазнання, знаёмства з сям’ёй будучага сужэнца, час, калі вы павінны ўвайсці ў дом свайго каханага або каханай, каб даведацца пра іх і шмат станоўчага, і нешта адмоўнае (ва ўсялякім выпадку, тады мы не будзем лічыць сябе падманутымі). А знаёміцца з сям’ёю трэба не для таго, каб крытыкаваць, а каб узяць з яе ўсё лепшае і ўнесці ў сваё сужэнства, каб ведаць, як бараніцца ад зла, якое пагражае сужэнству. Такія веды дапамагаюь стварыць цэлы план дзеянняў для будучай сям’і, бо тады мы ведаем, што нам пагражае і што добрае мы можам узяць за прыклад. Калі б усе маладыя сем’і выкарысталі тое добрае, што было ў іх бацькоў, і пазбеглі злога, усе мы былі б святымі.

Яшчэ да заручынаў дзяўчына павінна задаць сабе пытанне: ці хацела б я мець такога сына, як мой будучы муж? Калі не, то трэба хутчэй бегчы ад яго, і тое, што сёння ён табе падабаецца і ўсе табе зайздросцяць, наўрад ці дапаможа пасля. Калі так — то не адпусці яго. Змагайся за яго — станавіся лепшай. І такая самая парада — для хлопцаў.  

Памятайце таксама аб праблемах, якімі нам (і вашай будучай сям’і) пагражае свет: адыход ад Бога, сексуальная разбэшчанасць, эгаізм. 

Ад сябе ж хочацца дадаць: цуды, вядома ж, здараюцца, але што датычыць нас саміх — тут без напружанай працы не абысціся. І калі вы думаеце, што адразу ж пасля вяселля станеце больш радаснымі, ураўнаважанымі, лянота сама вас пакіне і рукі самі будуць працаваць (гатаваць, прыбіраць і г. д.), то, думаю, і самі ведаеце, што гэта памылка. Так што прыйшоў час ушчыльную заняцца сабой. Супольным здабыткам часу заручынаў маёй сям’і я лічу нашу агульную вячэрнюю малітву. Мы маліліся нават па тэлефоне ці ў адзін і той жа час, калі выязджалі за мяжу.

Ну што ж, час перайсці ад тэорыі да практыкі. Багатага плёну і радаснага перажывання часу заручынаў!


Парады запісала
Святлана Жылевіч.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней