Агульны змест 143 + Шмат Божай ласкі я змарнавала, бо заўсёды баялася падману. Хоць Бог так моцна прыцягваў мяне да сябе, што часта не ў маіх сілах было супраціўляцца Яго ласцы. І раптам я адчула сябе заглыбленаю ў Яго, і ў тыя хвіліны Езус так напоўніў мяне сваім спакоем, што пазней, нават калі я і хацела непакоіцца, то не магла. І тады я пачула ў душы такія словы: Каб ты была спакойная, што менавіта Я прад’яўляю да цябе ўсе гэтыя патрабаванні, Я дам табе такі глыбокі спакой (67), што калі б ты і хацела непакоіцца і трывожыцца, цяпер гэта будзе не ў тваіх сілах, а любоў будзе заліваць тваю душу так, што ты забудзеш пра сябе.
144 Пазней Езус даў мне другога святара78, перад якім загадаў адкрыць сваю душу. Хоць напачатку я рабіла гэта, крыху вагаючыся, але строгая заўвага Езуса выклікала ў маёй душы глыбокую пакору. Пад яго кіраўніцтвам мая душа хутка прасоўвалася ў Божай любові, і шмат пажаданняў Пана знешне было выканана79. Я не раз разважала пра адвагу і глыбіню яго пакоры.
145 О, якая бедная мая душа, што змарнавала гэтулькі ласкаў. Я ўцякала ад Бога, а Ён мяне пераследаваў сваімі ласкамі. Часцей за ўсё я атрымлівала Божыя ласкі тады, калі найменш іх чакала. З таго моманту, калі Пан даў мне духоўнага кіраўніка, я стала больш верная ласцы. Дзякуючы кіраўніку, яго чуйнасці да душы, я зразумела, што такое кіраўніцтва і як на гэта глядзіць Езус. За найменшую правіну Езус рабіў мне заўвагу і нагадваў, што ўсе справы, пра якія я кажу спаведніку, Ён судзіць сам: А ўсялякая правіна перад ім датычыць Мяне самога.
Калі мая душа пад яго кіраўніцтвам пачала зведваць глыбокую засяроджанасць і спакой, я часта чула ў душы такія словы: Умацоўвайся для барацьбы. Часам яны паўтараліся па некалькі разоў.
+ Езус часта дае мне зразумець, што Яму ў маёй душы не падабаецца, іншым разам Ён рабіў мне заўвагі за такія, на першы погляд, дробязі, якія, аднак, насамрэч мелі вялікае значэнне. Ён перасцерагаў мяне і практыкаваў як Настаўнік. Шмат гадоў Ён выхоўваў мяне Сам, ажно да таго моманту, калі даў мне духоўнага кіраўніка. Раней Ён Сам даваў мне спасцігнуць тое, чаго я не разумела, а цяпер наказвае пытаць [пра] ўсё спаведніка і часта кажа мне так: А Я адкажу табе яго вуснамі: будзь спакойная (68). Са мною яшчэ не здаралася такога, каб я калі-небудзь атрымала адказ, які супярэчыў бы таму, чаго ад мяне жадаў Пан і пра што я сказала кіраўніку80. Часта бывае, што спачатку Езус мне штосьці рэкамендуе, і ніхто пра гэта не ведае, а калі я прыходжу да канфесіянала, тое самае мне рэкамендуе спаведнік, аднак часта і не.
+ Калі доўгі час душа атрымлівала шмат святла і натхненняў, і калі спаведнікі ўстанавілі іх паходжанне і ўмацавалі ў душы спакой, і калі яе любоў вялікая, то тады Езус дае ёй зразумець, што настаў час увасобіць тое, што яна атрымлівала, у дзеянні. Душа разумее, што Пан разлічвае на яе, і гэта веданне дадае ёй сілы, яна ведае, што для таго, каб быць вернаю, ёй давядзецца не раз сутыкнуцца з рознымі цяжкасцямі, але яна давярае Богу і дзякуючы гэтаму даверу даходзіць туды, куды яе Бог кліча. Цяжкасці яе не палохаюць, яны становяцца для яе як бы хлебам штодзённым — яны яе зусім ані жахаюць, ані палохаюць, гэтаксама, як рыцара, які пастаянна знаходзіцца ў баі, не палохае гук гарматаў. Яна далёкая ад страху, але прыслухоўваецца, з якога боку атакуе непрыяцель, каб здабыць перамогу. Яна нічога не робіць усляпую, але вывучае, глыбока задумваецца і, не разлічваючы на сябе, горача моліцца і здабывае парады дасведчаных і мудрых рыцараў, і так паводзячы сябе, амаль заўсёды перамагае.
Бываюць атакі, калі душа не мае часу ані на роздум, ані на атрыманне парады, ані на што; тады трэба змагацца не на жыццё, а насмерць, часам варта, не кажучы ні слова, звярнуцца да ранаў Сэрца Езуса, і ўжо тым самым непрыяцель будзе пераможаны.
У часе супакою душа гэтаксама робіць высілкі, як і ў часе змагання. Яна павінна практыкавацца, прычым шмат, бо інакш няма гаворкі пра перамогу. Час супакою я лічу часам падрыхтоўкі да перамогі. Душа павінна пастаянна чуваць: чуйнасць і яшчэ раз чуйнасць. Душа, якая разважае, атрымлівае шмат святла. Рассеяная душа сама сабе рыхтуе ўпадак і няхай не здзіўляецца, што падае.
О, Дух Божы, Кіраўнік душы, мудрым становіцца той, каго Ты навучыш. Але каб Дух Божы мог дзейнічаць у душы, патрэбныя цішыня і засяроджанасць.
146 (69) Малітва. Малітваю душа ўзбройваецца для ўсялякага змагання. У якім бы стане ні была душа, яна павінна маліцца. Маліцца павінна чыстая і прыгожая душа, бо інакш яна страціла б сваю прыгажосць; маліцца павінна душа, якая імкнецца да гэтай чысціні, бо інакш яна не дасягне яе; маліцца павінна душа, якая толькі што навярнулася, бо інакш яна зноў упадзе; маліцца павінна грэшная душа, якая загразла ў грахах, каб змагчы ўстаць. І няма душы, якая б не была абавязаная маліцца, бо ўсялякая ласка сыходзіць праз малітву.
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.