Сябры Божыя

39. Калі я звяртаюся да вас, калі мы ўсе разам размаўляем з Панам Богам, я гучна працягваю сваю асабістую малітву: мне падабаецца часта ўзгадваць пра гэта. І вы таксама павінны імкнуцца «выкормліваць» сваю малітву ў глыбіні душы. Нават тады, калі па нейкай прычыне, як, напрыклад, сёння, мы вымушаныя закрануць тэму, што, на першы погляд, не мае ніякага дачынення да дыялогу любові, якім з’яўляецца нашая размова з Богам. Паўтару: на першы погляд, бо ўсё, што здараецца з намі, усё, што адбываецца побач, можа і павінна быць тэмаю нашых малітоўных разважанняў.

Трэба паразмаўляць з вамі пра час, пра той час, які прамінае. Я не збіраюся паўтараць вядомае сцвярджэнне: адным годам больш — значыць адным годам менш... Тым больш я не заклікаю вас задаваць усім навокал пытанне: што вы думаеце пра цячэнне дзён? Аднак, магчыма, калі б вы заняліся гэтым, то пачулі б нешта падобнае: «О, юнацтва, цудоўны Боскі скарб, ты сыходзіш, каб ніколі не вярнуцца...» Хоць я і не выключаю, што можна пачуць іншыя думкі, больш блізкія да звышнатуральнага разумення.

Таксама я не маю жадання доўга і з настальгіяй разважаць пра хуткаплыннасць жыцця. Нас, хрысціянаў, імклівасць зямнога шляху павінна заахвочваць выкарыстоўваць час больш плённа і ні ў якім разе не баяцца ісці да нашага Пана, і тым больш не глядзець на смерць як на катастрафічны фінал. Яшчэ адзін год, які праходзіць, як казалі ўжо тысячы разоў, паэтычна і не вельмі, — з ласкаю і міласэрнасцю Божай, гэта яшчэ адзін крок, які набліжае нас да нябёсаў, да нашай сапраўднай Айчыны.

Калі я разважаю над гэтым, то вельмі добра пачынаю разумець той заклік, які святы Павел скіроўваў да Карынцянаў: Tempus breve est! — «Час кароткі!» (пар. 1 Кар 7, 29). Як жа нядоўга мы ходзім па зямлі! Гэтыя словы для добрага хрысціяніна гучаць з самай глыбіні сэрца, асуджаючы за недахоп велікадушнасці і заклікаючы да вернасці. Сапраўды, у нас мала часу, каб любіць, каб даваць, каб адкупіць сваю віну. Таму мы не павінны змарнаваць яго, безадказна пусціць на вецер гэты скарб. Нельга знішчыць такім чынам частку гісторыі свету, давераную Панам Богам кожнаму з нас.


Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: Jose Maria Escriva de Balaguer, «Amigos de Dios», 1977.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней