Што ў імені тваім?

Ізабэла

Гэта іспанска-партугальская форма імя Альжбета, а яно, у сваю чаргу, азначае: Бог — гэта поўня (дасканаласць).

У Каталіцкім Касцёле ёсць некалькі благаслаўлёных, якія насілі гэтае імя, і адна святая — княжна арагонская, дачка караля Пятра ІІІ і Канстанцыі. Яе цёткай была  святая Альжбета з Турынгіі.

Калі Ізабэле споўнілася 12 гадоў, яна выйшла замуж за караля Партугаліі Дзіянісія, якога называлі «лібералам» з прычыны ягоных лёгкіх паводзінаў. Наша святая гераічна цярпела ўсе гулянкі і здрады мужа, нарадзіла некалькі дзяцей, выхоўвала таксама і пазашлюбных дзяцей свайго мужа. Калі яе муж і сын князь Альфонс мелі намер распачаць узброены канфлікт, яна, як магла, стрымлівала іх. І гэта ёй удавалася, за што яна атрымала ад удзячных жыхароў яшчэ адно імя — Анёл міру.

Муж Ізабэлы цяжка захварэў, дзякуючы чаму навярнуўся да Бога і паяднаўся з Ім у хвіліны сваіх цярпенняў. Памёр ён на руках у сваёй вернай жонкі, якая пасля ягонай смерці адразу ж уступіла ў кляштар кларысак у Каімбры ў якасці тэрціяркі. Гэта і стала прычынай таго, што святая Ізабэла разам са сваёй цёткай Альжбетай Венгерскай была абвешчана апякункай ІІІ Закону святога Францішка. Атрыбутам святой Ізабэлы з’яўляецца ружанец.

Для Беларусі імя Ізабэла не вельмі характэрнае, хоць часам і  можна сустрэць яго здробненую форму — Бэла. Праўда, яно для нас найвыразней асацыіруецца з вядомай гераіняй аповесці Міхаіла Лермантава.

Імяніны: 4 студзеня, 16 сакавіка, 4 ліпеня і 10 верасня.


Лявон

Імя грэцка-лацінскага паходжання. У грэцкай мове Leon — гэта скарочаная форма ад імя Леанід, альбо Лявонцій. У лаціне ж  яно лучыцца з найменнем пагрозлівага цара ўсіх звяроў — ільвом. Адсюль і яго лацінская форма — Леў.

У Каталіцкім Касцёле больш за 30 святых насілі гэтае імя. Сярод іх былі і самыя вядомыя Папы Рымскія — Леў Вялікі і Леў ІХ. Апошні ўвайшоў у гісторыю дзякуючы сваёй руплівасці і ахвярнасці дзеля дабра Касцёла. Ён знаходзіўся на Пятровым троне ўсяго
5 гадоў, але за гэты кароткі час здолеў увесці шмат карысных рэформаў.

Праўда, асоба гэтага Папы ўвайшла ў гісторыю Касцёла і сваім трагізмам, бо праз тры месяцы пасля яго смерці Касцёл Хрыстовы быў падвергнуты падзелу, балючыя вынікі якога мы адчуваем да сённяшняга дня.

Раней на Беларусі імя Лявон было адным з самых папулярных, пра што сведчыць і народны танец «Лявоніха», і першапачатковая назва ансамбля «Песняры» («Лявоны»), і назвы шматлікіх твораў беларускіх пісьменнікаў. А з яркіх прадстаўнікоў нашага народа ўзгадваюцца найперш вядомы грамадскі дзеяч, вязень сталінскіх лагераў Лявон Луцкевіч, мастак Лявон Баразна, аўтар энцыклапедычных даведнікаў пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў Леанід Маракоў, паэт Леанід Галубовіч, перакладчык Лявон Баршчэўскі, сябра Саюза беларускіх патрыётаў, вязень сталінскіх лагераў Леў Бялевіч.


Імяніны: 20 лютага, 14 сакавіка, 11, 19 і 22 красавіка, 12 і 28 чэрвеня, 3, 17 і 20 ліпеня, 16 кастрычніка.


Падрыхтавала Ірэна Задарожная.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней