Вастрыё любові

Трынаццатая звычайная нядзеля — 26 чэрвеня 2011 г.
Чытанні: 2 Вал, 4, 8–11. 14–16а;
Пс 89 (88), 2–3. 16–17. 18–19;
Рым 6, 3–4. 8–11
Евангелле паводле Мацвея 10, 37–42


«Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне» (Мц 10, 37). У версіі евангеліста Лукі знаходзім гэтае — і без таго «цяжка зразумелае» — выказванне ў больш вострай пастаноўцы: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, не можа быць вучнем Маім» (Лк 14, 26).

У папулярных біблійных каментарах пры абмяркоўванні гэтых выказванняў зазвычай звяртаецца ўвага на тое, што тут мы маем справу з гіпербалай (наўмысным перабольшваннем чагосьці дзеля падкрэслення вагі нейкай вартасці). Так, безумоўна, тут ёсць гіпербала. Але варта  заўважыць і яшчэ нешта: драматызм многіх ранніх хрысціянаў, якія, прыняўшы Евангелле, траплялі ў канфлікт са сваімі блізкімі. Гэта сапраўды магло быць балюча. Сёння мы — адукаваныя і інтэлектуальна прасунутыя — назвалі б гэтую сітуацыю «канфліктам каштоўнасцяў». Аднак жа ў тыя далёкія часы, у першым стагоддзі, паслядоўнікі Хрыста не аперыравалі такімі вытанчанымі катэгорыямі. Яны выразілі свае адносіны да гэтага ўнутранага канфлікту так, як былі здольныя: той, хто любіць сваіх блізкіх больш, чым Хрыста, — марны хрысціянін! Іншыя ж, больш тэмпераментнага складу, сказалі тое самае, але больш радыкальна: зненавідзь сваіх блізкіх, каб быць паслядоўнікам Хрыста!

Не палохаймася такіх заклікаў, але чытайма іх у кантэксце тае эпохі і таго асяроддзя, у якім яны нарадзіліся. Заўважым, што гэтыя заклікі змяшчаюць у сабе немалаважныя пытанні: ці, расстаўшыся з Езусам дзеля бацькі або маці (дачкі, сына і г. д.) ты будзеш шчаслівы, шчаслівая? А таксама: ці яны (бацька, маці, дачка...) будуць з табой (але без Езуса) шчаслівымі? А калі на глебе тваёй вернасці Езусу паўстане крызіс у стасунках з блізкімі, ці не станецца ён благаслаўлёнай перспектывай для аздараўлення гэтых стасункаў?


Айцец Пётр Рудкоўскі ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней