Выйшаў сейбіт сеяць...

Пятнаццатая звычайная нядзеля — 10 ліпеня 2011 г.
Чытанні: Іс 55, 10–11. ; Пс 65 (64), 10 abcd. 10e–11. 12–13. 14; Рым 8, 9. 18–23
Евангелле паводле Мацвея 13, 1–23

Пан Езус з’яўляецца сейбітам Божага слова, а мы з’яўляемся глебаю, на якую гэтае зерне кідае Пан. Паводле сённяшняга ўрыўку з Евангелля, могуць быць чатыры віды глебы чалавечых сэрцаў. Сэрца можа быць як дарога, на якой зерне не прарасце і ніколі не дасць плёну. Гэта людзі, якія слухаюць Слова (у касцёле або чытаючы Святое Пісанне, сустракаючыся з напоўненымі Божым духам сябрамі Бога, якія падказваюць рознымі спосабамі, як думаць, казаць і жыць), аднак злы дух выкрадае з іх сэрцаў гэтае Слова, і яны да яго ставяцца без належнай увагі, топчуць. Другі від сэрцаў — гэта тыя, якія прымаюць Слова з радасцю, аднак у час супраціву і варожасці атачэння перастаюць захоўваць вернасць. Яны не ўкаранёныя ў Слова, бо не прынялі яго ўсім сэрцам. Трэці від глебы — сэрцы, якія слухаюць, прымаюць Слова, але не лічаць гэта найважнейшым у жыцці. Яны маюць бажкоў, якія заглушаюць Слова. Гэтыя бажкі: грошы, забавы або публічнае меркаванне. Жаданне падабацца людзям, шуканне забаваў і клопат пра грошы для іх маюць большае значэнне, чым клопат пра тое, каб перадусім падабацца Богу. Гэта нібы будаваць сабе рай на зямлі без сапраўднай любові да Бога і бліжняга.

Нарэшце, чацвёрты від сэрцаў. Мы хацелі б належаць да іх, і гэта слушна. Памолімся, каб мы былі тымі, хто кожны дзень слухае Божае слова, запамінае і разумее яго, дзякуючы святлу Духа Святога, каб яно стала таксама нашым светапоглядам, каб мы прымалі рашэнні і выконвалі іх у сваім жыцці, і, натуральна з Божай дапамогай, выконвалі тое, пра што кажа Божае слова. Прагненне стаць урадлівай глебай, якая дае вялікі плён, — гэта дар Святога Духа, які патрабуе супрацоўніцтва самога чалавека. Варта ўзгадаць тут пра найлепшую Вучаніцу Пана Езуса — Маці Божую. Яна — глеба, якая дае стакратны плён. Тая, што слухала, захоўвала і разважала ў сваім сэрцы над Божым словам і выконвала яго як слуга Пана, з’яўляецца для нас узорам для наследавання. Заахвочваю вас прачытаць 28 пункт з адгартацыі Бэнэдыкта XVI Verbum Domini, дзе Папа піша пра тое, як Марыя ставілася да Божага слова. У кожным з нас ёсць, напэўна, патрохі з кожнага віду глебы. Запросім Пана Езуса, садоўніка, каб Ён заняўся садам нашай душы, каб сам яго даглядаў, і каб там было ўсё больш урадлівай глебы, якая дае ўсё большы плён.


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней