Быць «міністрамі» Божага Валадарства

Сямнаццатая звычайная нядзеля — 24 ліпеня 2011 г.
Чытанні: 1 Вал 3, 5. 7–12; Пс 119 (119), 57 і 72. 76–77. 127–128. 129–130;
Рым 8, 28–30
Евангелле паводле Мацвея 13, 44–52


Дасканалая дзяржава... Колькі тэорый і праектаў з’явілася цягам гісторыі ў справе рэалізацыі гэтай ідэі! Ад Платона да Карла Маркса цягнецца доўгая нітка канцэпцый, сістэмаў, утопій — дзецішчаў адвечнай мары пра шчасце і дабрабыт.

Для набожных юдэяў старажытнасці ідэя дасканалай дзяржавы мясцілася ў паняцці-вобразе «Нябеснага Валадарства», або «Божага Валадарства». Калі Езус пачаў прапаведаваць, словы малькут-хашамаім (Нябеснае Валадарства) былі, бадай, з найчасцей ужываных сярод Яго суайчыннікаў. Езус выкарыстаў гэтае словазлучэнне, але ўжыў яго ў зусім нечаканым кантэксце: «Валадарства Божае (Нябеснае) ўнутры вас!» (пар. Лк 17, 20).

Евангелле, чытанае ў гэтую нядзелю, змяшчае ў сабе рэфлексію адносна рысаў гэтага Валадарства і спосабу яго існавання. Прапануюцца тры яго вобразы: 1) скарб, схаваны ў полі; 2) купец, які шукае прыгожых пярлінаў; 3) нерат, закінуты ў мора. Такім чынам, сэрцы веруючых у Хрыста ўтвараюць своеасаблівае «поле», у якім схаваны скарб. Вонкава гэтае поле можа і не адрознівацца ад іншых. От, падумаеш, Касцёл — адна са шматлікіх арганізацый, і больш нічога. Так, сапраўды, вонкава — гэта «адна з...».

Ва ўсе часы людзі з багатым унутраным жыццём выклікалі цікавасць іншых людзей. А калі такое багацце спалучалася з радасцю, гэта ўтварала своеасаблівае «гравітацыйнае поле», трапіўшы ў якое, многія пачыналі адчуваць, што «трапілі на сваё месца». Гэткім чынам паўстае як бы «нерат», у які могуць трапляць людзі, што шукаюць духоўных каштоўнасцяў.

І што, няўжо не цікава быць «міністрамі» Божага Валадарства?


Айцец Пётр Рудкоўскі ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней