Агляд пошты

 

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Так выйшла, што аўтары лістоў, пра якія сёння пойдзе гаворка, звяртаюцца да нас з вамі па дапамогу. І калі ў адным з іх просьба знайсці чалавека, прычым чалавека, які жыве побач з намі і ходзіць на Імшу ў касцёл, а гэта значыць — нехта абавязкова дапаможа ў пошуку, то ў другім просьба куды больш складаная. Чалавек просіць матэрыяльнай дапамогі, бо апынуўся ў нялёгкіх абставінах. Тэма гэта далікатная, і пэўна, нашай чытачцы цяжка было ўзяцца за пяро і напісаць гэты ліст. Але — «прасіце, і будзе вам дадзена» (Мц 7, 7). Пастараемся ж і мы з разуменнем і спачуваннем паставіцца да яе просьбы.

З гэтага допісу і пачнем: «Напісаць  гэты ліст нас прымусілі абставіны. Вам мы можам даверыцца, бо людзі, якія ствараюць і чытаюць рэлігійны часопіс, не могуць быць абыякавымі. Малодшая дачка часта хварэе, а лячыцца няма за што: лекі цяпер вельмі дарагія. І няма ў нас да каго звярнуцца па дапамогу — ні родных, ні блізкіх. У сацыяльную абарону, колькі жыць буду, больш не звярнуся. Але адным нам, без старонняй дапамогі, не выжыць. На харчаванне ледзь хапае тых грошай, што застаюцца пасля камунальных плацяжоў. І больш не застаецца ні на што. А дзеці растуць — з усяго вырастаюць. Але ні абутку, ні адзення мы купіць не маем за што. Можа, хто з людзей прачытае пра наша становішча і захоча дапамагчы. У людзей жа ёсць дзеткі. У некага дачушкі, у некага ўнучкі. Дзяўчынкі вырастаюць — і застаецца адзенне і абутак. Можа, хто з чытачоў, даведаўшыся пра нашу бяду,  пагодзіцца сабраць, хто што зможа, і пераслаць нам з дзецьмі. Абутак нам патрэбны 38-39 і 36-37 памераў, дзявочы. Адзенне 48-50 і 44-46 памераў. Пераслаць гэта можна на адрас: Татарэвіч Вользе Мікалаеўне, пас. Шаркаўшчына, вул. Максіма Горкага, д. 4, кв. 13, Віцебская вобл., 211910. Мы будзем вельмі ўдзячныя тым людзям».

Дадаць тут няма чаго. Хто зможа, а галоўнае — захоча, хай дапаможа. Тым больш, нас чытаюць у Шаркаўшчыне, іншым разам адтуль прыходзяць лісты, магчыма, дабрадзеі знойдуцца зусім блізка...

А вось што піша нам Валянціна Марцынкевіч з вёскі Ворзава, што каля вядомай нам усім Росіцы. Прыгадвае яна лютаўскія дні, чарговую гадавіну трагедыі: «Хачу выказаць сардэчную падзяку  ўсім святарам, якія прыехалі  памаліцца за росіцкіх пакутнікаў, усім людзям, пілігрымам з розных куткоў нашай Айчыны, якія, нягледзячы на моцныя маразы, прыехалі пакланіцца пакутнікам. Я з’яўляюся вяз-
нем канцлагера Саласпілс, міласэрны Бог вывеў мяне з таго полымя. Таму набліжэнне страшных лютаўскіх дзён для майго сэрца вельмі балючае. І вось на святой Імшы 19 лютага падчас казання нашага ксяндза Чэслава Курэчкі я страціла прытомнасць і ўпала. Але мая духоўная сястра Элеанора Маслоўская паклікала жанчын, сярод якіх адна была ўрачом і мела пры сабе лекі. З яе дапамогай я ачуняла, аднак не магла ўспомніць, што са мной здарылася. Потым усе пайшлі да месца пакутаў, а я ісці не магла і нават не паспела спытаць, адкуль гэтая жанчына. Яна толькі сказала мне, што завуць яе Казіміра Пятроўна Арол. Калі нехта ведае яе, калі ласка, дашліце мне яе адрас. Мой адрас: 211641, Віцебская вобл., Верхнядзвінскі р-н, п/а Росіца, в. Ворзава, д. 10, Марцынкевіч Валянціна. Тэлефон: 2-11-94».

Напэўна, сярод  нашых чытачоў знойдуцца людзі, што ведаюць жанчыну, якую шукае спадарыня Валянціна. А можа, і сама Казіміра Пятроўна прачытае гэтыя радкі і адгукнецца.

А мы дзякуем усім, хто нам напісаў і, як заўсёды, чакаем вашых лістоў.

Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.


Вера Галубовіч

Цэтлікі: Агляд пошты

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней