У 2030 г. будзе адзначацца 200-я гадавіна аб’яўленняў Маці Божай св. Кацярыне Лябурэ. У сувязі з гэтым юбілеем па ініцыятыве сясцёр Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці 27 лістапада 2021 г. распачынаецца 9-гадовая навэнна да Маці Божай Цудоўнага медаліка.
У 1894 г. папа Леў XIII устанавіў свята ў гонар Цудоўнага медаліка, прапануючы адзначаць яго кожны год 27 лістапада.
Цудоўны медалік (медалік Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі) — плён аб’яўленняў Маці Божай Кацярыне Лябурэ (1806–1876), манашцы Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці. Упершыню Найсвяцейшая Панна аб’явілася ёй у ноч з 18 на 19 ліпеня 1830 г., напярэдадні ўрачыстасці св. Вінцэнта дэ Поля (заснавальніка Кангрэгацыі). Другое аб’яўленне Беззаганнай адбылося 27 лістапада (трэцяе, снежаньскае, было паўтарэннем лістападаўскага) падчас вячэрняй малітвы. Спачатку сястра Кацярына ўбачыла Беззаганную, якая стаяла на белым паўшар’і і была апранутая ў белую сукенку і белы вэлюм. У далонях на ўзроўні Сэрца Панна Марыя трымала залаты зямны шар з малым крыжам на вяршыні, які сімвалізуе адкупленае чалавецтва. Позірк Марыі быў скіраваны ўверх, і, нібы ўзносячы зямны шар, Яна прабывала ў малітве да Сына. У пэўны момант на Яе пальцах з’явіліся пярсцёнкі, з якіх пачалі выходзіць промні святла, асвячаючы зямны шар у Яе далонях. Найсвяцейшая Панна сказала: «Гэтыя промні — сімвал ласкаў, якія сплываюць на тых, хто ў Мяне аб іх просіць». Сястра Кацярына, заўважыўшы, што не з усіх пярсцёнкаў выходзяць промні, запытала пра гэта ў Багародзіцы. Яна адказала: «А гэта тыя ласкі, аб якіх ніхто не просіць…»
Маці Божая даручыла с. Кацярыне адчаканіць медалік паводле ўбачанага ўзору, а таксама паабяцала асаблівыя ласкі для тых, хто будзе насіць яго з вераю і прамаўляць заклік «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае». Візія Марыі з зямным шарам у далонях стала правобразам выявы Беззаганнай Панны на галоўным баку медаліка. На адваротным баку медаліка змешчаны сімвал зраненых Сэрцаў Езуса і Марыі, над імі — літара «М» з крыжам, а таксама вянок з дванаццаці зорак. Медалік хутка распаўсюджваўся па свеце, яго назвалі Цудоўным, бо тыя, хто аддаўся ў апеку Маці Божай і з пашанай насіў яго, атрымліваюць незвычайныя ласкі і аздараўленні. Толькі за гады жыцця св. Кацярыны было ўжо адліта больш за мільярд медалікаў.
Руплівым апосталам Цудоўнага медаліка быў св. Максімільян Кольбэ. «Медалік Беззаганнай Панны Марыі, — пісаў ён, — трэба распаўсюджваць усім: дзецям, каб заўсёды насілі яго на шыі, старэйшым і асабліва моладзі, каб пад апекаю Багародзіцы мела дастаткова сілаў супрацьстаяць спакусам і пасткам злога, якіх так шмат у сучасным свеце…». Гэты вялікі святы неаднаразова гаварыў, што калі ўсе іншыя сродкі падводзяць, то гэты сродак, Цудоўны медалік, самы дзейсны. «Дай грэшніку медалік, — гаварыў св. Максімільян, — павесь яму на шыю і маліся за яго малітвай, змешчанай на медаліку. І даверся Маці Божай…».
Пасланне, якое дала Маці Божая ў 1830 г., і Яе медалік — сімвал гэтага паслання, актуальныя ва ўсе часы. І, магчыма, сёння — асабліва, бо звязана гэта з абяцаннем самой Найсвяцейшай Маці: кожны, хто з даверам будзе насіць медалік і з вераю будзе чытаць малітву, змешчаную на ім, спазнае асаблівыя ласкі. Для кагосьці гэта можа быць навяртанне, для кагосьці — прабачэнне, яшчэ для кагосьці — фізічнае аздараўленне ці паяднанне з бліжнім... Несумненна адно: давер Марыі — гэта сродак у духоўнай барацьбе, каб вызваляць і захоўваць нас ад усялякага зла, бо Найсвяцейшая Панна Марыя сапраўды з’яўляецца Тою, хто знішчае галаву шатана. Мы не ведаем, у якіх абставінах мы можам уратавацца праз медалік, але трэба быць упэўненымі ў тым, што Бог праз Марыю дасць нам усе неабходныя ласкі ў адпаведны час нашага жыцця. І Маці Божая знойдзе для гэтага толькі Ёй вядомыя спосабы і шляхі. Неверагодныя выпадкі і нават цуды падчас распаўсюджвання медаліка могуць засведчыць і нашыя легіянеры Марыі, якія ўсе гэтыя тры дзесяцігоддзі адраджэння Касцёла распаўсюджвалі медалікі Беззаганнай Панны.
Даручым жа кожнага з нас Маці Божай, якая прагне адорваць нас сваімі шчодрымі ласкамі, праз самую кароткую і даверлівую Марыйную малітву: «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае».
Паводле кнігі «Дар Марыі»
і інтэрнэт-старонкі www.szarytki.pl.
Няспынная* Навэнна да Маці Божай,
якая аб’явіла Цудоўны Медалік
(у супольнасці і індывідуальна)
- Распачынаецца спевам да Маці Божай (у супольнасці).
- Называюцца інтэнцыі і падзяка за атрыманыя ласкі.
- Разважаецца і чытаецца таямніца Ружанца (на выбар).
- Прамаўляецца малітва: «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае» (3 разы).
Кіраўнік (калі навэнна чытаецца ў супольнасці):
Молімся: Пане Езу Хрыстэ, Ты пажадаў, каб Найсвяцейшая Дзева Марыя, Твая Маці, Беззаганная ў сваім Зачацці, была праслаўлена незлічонымі цудамі. Учыні, каб мы, няспынна просячы Яе аб апецы, маглі дасягнуць вечнай радасці. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Усе (калі навэнна чытаецца ў супольнасці): Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што нiколi не здаралася, каб пакiнула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць. Гэтай надзеяй натхнёныя і напоўненыя шчырым даверам, уцякаемда Цябе, о Марыя, без граху зачатая, шукаем Твайго магутнага і дзейснага заступніцтва, якім Ты адорваеш нас праз Цудоўны медалік. Мы, умілаваныя дзеці Твае, пакорна молім Цябе, выпрасі нам у Бога ласкі і дабрадзейнасці, аб якіх молімся ў гэтай навэнне, калі гэта збавенна для нас і для тых, за каго мы молімся (у цішыні кожны звяртаецца са сваёй просьбай).
О Пані Цудоўнага медаліка, Ты пажадала аб’явіцца св. Кацярыне Лябурэ як наша Заступніца перад Богам, прашу Цябе, выслухай мяне! У Твае Мацярынскія рукі я складаю ўсе мае інтэнцыі, мае духоўныя і зямныя патрэбы. Занясі іх Твайму Сыну разам з просьбаю, якую я асабліва Табе даручаю… (хвіліна цішыні).
Учыні, каб Езус выслухаў мяне, калі мая просьба адпавядае Яго волі і служыць на карысць маёй душы. Пасля таго, як Ты ўзнясеш свае рукі ў малітве да Бога, май ласку, о Панна магутная, апусціць іх на мяне і ахінуць мяне промнямі Тваіх ласкаў, кабмаё сэрца, іх святлом і цеплынёю абуджанае, разарвала ланцугі зямных прывязанасцяў, ачысцілася і наследавала Цябе з радасцю аж да моманту сустрэчы з Табою ў небе. Амэн.
Прысвячэнне сем’яў Беззаганнаму Сэрцу Марыі
О Марыя, Маці Бога і наша Маці! Прысвячаем Твайму Беззаганнаму Сэрцу нашыя дамы, нашыя сем’і, нашую моладзь і нашых дзяцей. Няхай нашыя дамы будуць падобнымі да Твайго дому ў Назарэце. Няхай сплываюць на іх сапраўдны спакой і сапраўднае шчасце. Няхай ў іх выконваецца Божы закон і Божая воля. Няхай ў іх квітнее чалавечая любоў і хрысціянская згода. Няхай у іх пануе поўны давер да Божага Провіду. Чувай над усімі намі, дапамажы нам жыць па-хрысціянску, атулі нас сваёю мацярынскаю апекаю і май ласку, о Маці Беззаганная, наблізіць да неба нас і нашыя сем’і, якія з гэтага моманту ва ўсім будуць належаць Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Амэн.
О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў цябе паратунку шукае. (3 разы)
* Няспыннай навэнна называецца таму, што ёю можна маліцца пастаянна. Гэтай навэннай, пры жаданні, можна маліцца ў кожную суботу, як прынята ў Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці, індывідуальна або ў супольнасцях, а таксама у любы час і ў розных асабістых і іншых інтэнцыях.


